СМІ: ЗША нанеслі ваенны ўдар па цэлі ў Кабуле

Цэллю ўдару ЗША ў Кабуле былі баевікі афганскага аддзялення «Ісламскай дзяржавы», паведамляе Reuters. Прадстаўнік Пентагона пацвердзіў атаку на аўтамабіль з беспілотніка.

59019776_303.jpeg

ВС ЗША нанеслі ўдар па цэлі ў сталіцы Афганістана Кабуле, паведамляе ў нядзелю, 29 жніўня, інфармагенцтва Reuters са спасылкай на неназваных амерыканскіх афіцыйных асоб. Па звестках журналістаў, мэтай нападу былі магчымыя баевікі аддзялення тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» (ІД) у Афганістане, які называе сябе «ІД-Хорасан».
У сваю чаргу, агенцтва AP паведаміла са спасылкай на неназваных амерыканскіх афіцыйных асоб, што беспілотны лятальны апарат знішчыў аўтамабіль, на якім некалькі смяротнікаў накіроўваліся ў аэрапорт Кабула. Пазней прадстаўнік міністэрства абароны Злучаных Штатаў у гутарцы з тэлеканалам CNN пацвердзіў нанясенне ўдару па транспартным сродку ў афганскай сталіцы.
Па словах відавочцаў, колькасць ахвяр гэтага выбуху склала як мінімум пяць чалавек. Як заявіў начальнік афганскай паліцыі, у выніку здарэння загінула дзіця. Непасрэдна пасля інцыдэнту ніводная тэрарыстычная арганізацыя не ўзяла на сябе адказнасць за яго.

У Байдэна былі звесткі пра пагрозу новага тэракту

Увечары 26 жніўня ў раёне міжнароднага аэрапорта Кабула імя Хаміда Карзая, адкуль вялася эвакуацыя афганцаў і замежных грамадзян пасля захопу ўлады ў Афганістане радыкальным ісламісцкім рухам «Талібан», былі здзейснены два тэракты. У выніку загінулі больш за 200 чалавек, у тым ліку — 13 вайскоўцаў ЗША.
Прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн 28 жніўня заявіў, што, паводле ягоных звестак, у аэрапорце Кабула ў бліжэйшы час можа адбыцца новы тэракт. «Сітуацыя на месцы па-ранейшаму — вельмі небяспечная, і пагроза тэрарыстычных нападаў на аэрапорт застаецца высокай», — адзначыў амерыканскі лідар у заяве, прысвечанай эвакуацыйнай місіі ЗША з Афганістана. «Нашы камандуючыя паведамілі мне, што напад вельмі верагодны ў бліжэйшыя 24–36 гадзін», — дадаў ён.