Еўрацэнтрыст Толкін
Выхад на экраны фільма «Хобіт: нечаканае падарожжа» рэжысёра Пітэра Джэксана зноў ажывіў палеміку наконт таго, што вядомы твор Толкіна прапагандуе расізм.
Гістарычны факт: у 1937 годзе прафесар старажытнай англійскай мовы Джон Рональд Руэл Толкін, які на той час ужо напісаў сваю аповесць «Хобіт, альбо Туды і назад», атрымаў ліст ад
нямецкага выдання «Rutten & Loening». Дырэктар выдавецтва пісаў, што яго фірма гатовая купіць у пісьменніка правы на перадрук «Хобіта», аднак спачатку ён
мусіў высветліць адну фармальнасць: адпаведна з ужо прынятымі на той час расавымі законамі, у Германіі дазвалялася друкаваць толькі аўтараў, якія мелі арыйскія карані. Пра наяўнасць у Толкіна
арыйскай радаслоўнай і пытаў нямецкі выдавец.
Адказ Толкіна быў адначасова іранічным і інтэлектуальным. Ён напісаў, што не варты друкавацца ў фашысцкай Германіі, паколькі не з’яўляецца арыйцам. Як зазначаў Толкін, у яго сямейным дрэве
няма ніводнага індуса, цыгана або перса (як вядома, гэтыя народы з’яўляюцца бліжэйшымі да старажытных арыяў). Каб канчаткова дабіць нацысцкае выдавецтва, Толкін напісаў, што ганарыцца тым,
што сябруе з яўрэямі.
Аднак сёння, у эру татальнай палітычнай карэктнасці, той жарт з нацыстаў для Толкіна не з’яўляецца алібі. Апошнім часам аўтара «Хобіта» і трылогіі «Уладар
пярсцёнкаў», якая пабачыла свет у 1955–1956-м, усё часцей абвінавачваюць у латэнтнай папулярызацыі расісцкіх дактрын.
Абвінавачанне будуецца на аналізе тых самых вышэй згаданых твораў, якія, напэўна, чытаў практычна кожны. А хто не чытаў, дакладна ведае па экранізацыі Пітэра Джэксана. Трылогія «Уладар
пярсцёнкаў» стала адным з найбольш камерцыйна паспяховых кінапраектаў нашага часу — пры выдатках на вытворчасць у 280 мільёнаў долараў пракатныя зборы склалі каля 3 мільярдаў, а
заключная часта стужкі «Вяртанне караля» ўваходзіць у дзясятку самых касавых фільмаў у гісторыі кіно.
Аднак, аказваецца, што прыгоды хобіта — гэта не проста байка. Па сутнасці Міжзем’е — кантынент, які прыдумаў і апісаў у сваіх кнігах Толкін, ёсць калейдаскоп земляў, на
якіх сепаратна жывуць розныя расы. Паміж імі дзейнічае негалосны закон расавай палавой гігіены. Больш таго, некаторыя казачныя народы пад пяром пісьменніка выглядаюць сімпатычна, а некаторыя
— адмоўна. Прычым першыя яўна нагадваюць еўрапейцаў і маюць белую скуру, а негатыўныя тыпы падобныя на мангалоідаў і негроідаў.
Возьмем для прыкладу жыхароў Харада — краю, які, адпаведна тэксту кнігі, знаходзіцца на Поўдні. Людзей Харада пісьменнік апісвае наступным чынам: пераважна смуглыя, чарнавалосыя і
чарнавокія, а таксама чарнаскурыя. Жыхары Харада — людзі не вельмі добрыя, інакш бы яны не падтрымалі злога чараўніка Саўрона ў яго паходзе супраць добрых рас. З той жа оперы народ
істэрлінгі, які на старонках кнігі нагадвае арабаў. Тое, што істэрлінгі — таксама на баку Саўрона — адразу зразумела.
Аднак больш за ўсё не пашанцавала мангалоідным народам. Толкін выявіў іх у кнізе як оркаў — нізкарослых цемнаскурых жудасных пачвараў, якія падпарадкаваныя Цёмнаму ўладару. У Толкіна пра
падабенства оркаў і мангалоідных народаў гаворыцца прамым тэкстам. У адным з лістоў ён так іх малюе — «з шырокім плоскім носам, шырокім ротам, вузкімі вачыма — адна з самых
дэградаваных версій мангольскай расы».
Што тычыцца антаганістаў оркаў, істэрлінгаў і іншай нечысці, то гэта людзі, эльфы, хобіты і гномы. Дарэчы, прататыпамі гномаў, як пісаў сам Толкін, былі яўрэі.
Адным словам, Толкін сканструяваў расава дэтэрмінаваны свет. Прычым выдуманым ім расам характэрныя калектыўныя маральныя ўстаноўкі. Тыя, хто належыць да добрых рас, нясуць у свет, як правіла, дабро.
Затое прадстаўнікоў злых народаў цікавіць выключна зло. Існуе ў кнізе Толкіна і вобраз суперчалавека. Гэта, на думку літаратуразнаўцаў, Арагорн-следапыт, чые выбітныя якасці звязаныя з яго
арыстакратычнай радаслоўнай (ён нашчадак аднаго з каралеўскіх родаў).
Пасля гэтага не дзіўна, што цяперашняе кіраўніцтва правай радыкальнай Брытанскай нацыянальнай партыі прыняло рашэнне аб тым, каб знаёміць партыйную моладзь з творчасцю Толкіна. А нямецкія нацысты
арганізавалі нават калектыўныя паходы ў кіно, каб пераканацца, як былая цывілізацыя можа ваяваць з навалай ордаў каляровых істотаў, якія, на іх думку, падобныя на эмігрантаў.
Ці значыць гэта, што «Хобіта» трэба забараніць? Праціўнікі такіх радыкальных мераў заклікаюць не спяшацца. Па іх словах, на Толкіна трэба глядзець праз прызму яго эпохі і
каштоўнасцяў сацыяльнай групы, да якой ён належаў. Джон Рональд Руэл Толкін быў кансерватарам і, як шматлікія брытанскія кансерватары ў 1930-я гады, вельмі баяўся росту палітычнага радыкалізму левага
або правага гатунку. Так, Гітлера ён называў «невукам». З іншага боку, англійскай эліце былі характэрныя шматлікія расавыя тэорыі. Праўда, тэрмін «выбраная раса»
яны хутчэй разглядалі ў кантэксце тэорыі Кіплінга пра абавязак белага чалавека несці цывілізацыю па ўсім свеце (натуральна, пры гэтым злачынствы каланіялізму намагаліся не заўважаць).
Цікава, што ў адным з лістоў Толкін увогуле абвінаваціў гітлераўцаў у тым, што яны разбураюць культуру паўночнай расы. Ён пісаў: «Яны (нацысты) разбурылі, знішчылі паўночны дух —
самы вялікі ўнёсак у еўрапейскую цывілізацыю, якую я так любіў і намагаўся прадставіць у сапраўдным свеце». З тых жа прычын — абарона культурнай спадчыны — Толкін падтрымаў
мяцеж генерала Франка супраць іспанскай рэспублікі. Пісьменнік баяўся, што анархісты — саюзнікі рэспубліканцаў — у атэістычным парыве разбураць усе касцёлы, сярод якіх было шмат
помнікаў архітэктуры.
Безумоўна, з гэтай кропкі гледжання Толкін — расіст, які пасіўна абсарбіраваў папулярныя тады канцэпцыі еўрацэнтрызму. Аднак яго твор цяжка назваць расісцкім з улікам ролі, якую сага пра
хобіта адыграла ў грамадскай дыскусіі ХХ стагоддзя. Заслуга Толкіна ў тым, што ён сваім «Хобітам» вывеў жанр фантастыкі на абсалютна новы высокі ўзровень. Пісьменнік выдумаў цэлы
штучны свет, са сваёй мовай, міфалогіяй, культурай, гісторыяй.
Гэта дало вялікі імпульс тады яшчэ маладому жанру. Фантасты намагаліся прыдумляць новыя сусветы, у якіх сярод іншага не было расавых межаў. Дастаткова згадаць славуты амерыканскі фантастычны серыял
1970-х гадоў «Зорны шлях», які шакаваў сучаснікаў тым, што адным з пілотаў зорнага лайнера была чарнаскурая жанчына. Шмат каго з афраамерыканскай камуны ЗША гэты вобраз натхніў на
тое, каб змагацца за вартае месца ў грамадстве.
Нарэшце, не ўсё так проста з алегорыямі. Як сведчаць даследаванні, шмат хто лічыць, што на аўтара «Уладара пярсцёнкаў» большы ўплыў аказалі рэальныя падзеі, што адбываліся ў тыя
часы. Вельмі папулярная версія пра тое, што вайна за пярсцёнак з’яўляецца алегорыяй Другой сусветнай вайны, а царства зла Мордар — не што іншае, як нацысцкая Германія. З гэтым
згодныя шматлікія толкіназнаўцы.