Еўрапарламент: Адносіны Еўропы з Расіяй нармалізуюцца толькі пасля вяртання Крыма
Еўрапейскі парламент заяўляе, што адносіны паміж Еўрасаюзам і Расіяй могуць быць нармалізаваныя толькі ў выпадку выканання Мінскіх дамоўленасцяў і вяртання Крыма Украіне.
Як перадае карэспандэнт УНІАН, пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі па стратэгічнай ваеннай сітуацыі ў басейне Чорнага мора пасля анэксіі Крыма Расіяй, прынятай сёння Еўрапарламентам.
ЕП падкрэслівае, што адносіны з Расіяй павінны ў доўгатэрміновай перспектыве быць накіраваны на супрацоўніцтва, а не канфрантацыю, аднак лічыць, што ў кароткатэрміновай і сярэднетэрміновай перспектыве ў сувязі з адсутнасцю даверу да Расіі аднаўленне супрацоўніцтва павінна быць заснавана: па-першае, на стратэгічных гарантыях НАТА бяспекі сваіх усходніх краін, па-другое, на змене расійскай палітыкі ў дачыненні да Украіны, у прыватнасці, поўным і безумоўным выкананні Мінскіх дамоўленасцяў і вяртанні Крыму Украіне, і, такім чынам, аднаўленні статус-кво і кантролю ўкраінскай улады над тэрыторыяй краіны ў рамках міжнародна прызнаных межаў, гаворыцца ў рэзалюцыі.
У сувязі з гэтым дэпутаты Еўрапарламента выказалі перакананне, што ЕС павінен працягнуць і ўзмацніць дзеянне санкцый супраць РФ у выпадку невыканання расійскімі ўладамі Мінскіх дамоўленасцяў, працяг дэстабілізацыі сітуацыі на Усходзе Украіны і нелегальнай анэксіі Крыма. Таму еўрапарламентарыі заклікаюць дзяржавы ЕС выконваць адзінства ў пытанні санкцый супраць Расіі.
Акрамя таго, ЕП асудзіў прамую і ўскосную падтрымку Расіяй тэрарыстаў на Данбасе, у тым ліку пастаўкі ім зброі, што «прыводзіць да працягу вайны».
«ЕП занепакоены паведамленнямі аб ваенных злачынствах, учыненых у рэгіёне, якія кантралююцца падтрымоўванымі Расіяй сепаратыстамі, у тым ліку расстрэлам грамадзянскага пасажырскага самалёта MH-17 і настойліва заклікае РФ неадкладна вывесці ўсе свае войскі з тэрыторыі Украіны і выконваць Мінскія дамоўленасці», — адзначаецца ў рэзалюцыі.
Еўрапарламент таксама заклікаў Расію і ўсе бакі «выкарыстаць свой уплыў, каб спыніць баявыя дзеянні і прадухіліць далейшыя ваенныя злачынствы і новыя ахвяры».
«ЕП выказвае надзею, што бакі будуць прытрымлівацца дамоўленасцяў аб спыненні агню, каб забяспечыць час для перамоваў з мэтай пошуку палітычнага рашэння і выказвае занепакоенасць шматлікімі сведчаннямі аб парушэнні пагадненняў расійскім бокам і сепаратыстамі», — гаворыцца ў дакуменце.