Белгідрамет: Крым — гэта Украіна. І больш не пішыце нам

У твітар-акаўнце метэаралагічнага партала meteoinfo.by быў апублікаваны скрыншот перапіскі адміністрацыі партала з нейкім Яўгенам Яўгеньевым.



chiobpsuwaamssh111.png

Мужчына папракаў сайт pogoda.by у тым, што «спіс гарадоў, прызначаны для пошуку звестак аб надвор'і ў іх, у сувязі з пераходам Крыма ў склад Расіі, мае некаторыя неадпаведнасці рэчаіснасці. У прыватнасці, гарады, размешчаныя ў Крыме (Алушта, Гурзуф, Еўпаторыя, Керч, Сакі, Севастопаль, Сімферопаль, Судак, Феадосія, Ялта і інш.) дагэтуль знаходзяцца ў раздзеле «Украіна», хоць, у рэальнасці, яны мусяць быць перамешчаны ў раздзел «Расія» (па прыналежнасці краіны)».

Аднак кіраўніцтва сайта адказала Яўгену Яўгеньеву, што Сусветная метэаралагічная арганізацыя на сваім сайце паведамляе: гарады, узгаданыя ў лісце, належаць Украіне. «Як толькі статус гэтых метэастанцый зменіцца, мы выправім», — гаворыцца ў лісце.

Скрыншот суправаджае катэгарычны подпіс: «І больш не пішыце нам, а пішыце ў @WMONews».

Інтэрнэт-рэсурсы pogoda.by i meteoinfo.by належаць Рэспубліканскаму цэнтру па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.

«Наша Ніва»