Камбінацыя выбараў Пуціна зацверджаная

Што з сябе ўяўляла расійская выбарчая кампанія, як яна паўплывае на выбары прэзідэнта РФ у 2018-м, ці можа расійская апазіцыя вывесці людзей на плошчу? Пра гэта распавядае маскоўскі публіцыст, рэдактар сайта Openleft.ru Ілля Будрайцкіс.


_4e6acafe02caf201e448311aab6282809c51803258056b33c0_pimgpsh_fullsize_distr.jpg


— З аднаго боку, Беларусь знаходзіцца ў медыя-полі расійскіх СМІ. З іншага — шараговы беларус не ведае расійскай «бытавухі». Адсюль узнікае скажоная карціна палітычнага працэсу ў суседняй краіне. Як на самай справе выглядае пуцінская мадэль «кіраванай дэмакратыі» напярэдадні выбараў 18 верасня?

— Сучасная расійская палітычная мадэль уяўляе сабой зададзеную адміністрацыяй прэзідэнта канструкцыю, у якой вядучым партыям загадана трымацца рысы так званага «крымскага», або «пуцінскага», кансенсусу. Гэта значыць, што рознагалоссі дапускаюцца выключна па ўнутранай палітыцы, але анексія Крыма і іншыя знешнепалітычныя рашэнні, прынятыя кіраўніком дзяржавы, не падвяргаюцца сумненню і выводзяцца па-за межы дыскусіі. Затое «сістэмнай апазіцыі» можна — і нават трэба — крытыкаваць партыю «Адзіная Расія» ці выступаць за адстаўку прэм’ера Мядзведзева.

Факусаванне выбарчай кампаніі на ўнутранай павестцы можна растлумачыць і тым, што за два гады людзі трохі стаміліся ад патрыятычнай прапаганды. Яна не здольная даць выразныя тлумачэнні эканамічнаму крызісу, які толькі паглыбляецца, і досыць рэзкаму зніжэнню ўзроўню жыцця. І так ці інакш, Крэмль павінен дазваляць агучваць сацыяльна-эканамічную праблематыку, таму што яму важна прыцягнуць на выбарчыя ўчасткі як мага больш матываваных выбаршчыкаў.

Нарэшце, за кошт допуску да выбараў новых партый створана ілюзія большага плюралізму (у параўнанні з мінулымі скандальнымі выбарамі 2011 года). Акрамя таго, абвастрылася барацьба на рэгіянальным узроўні ў сувязі з тым, што палова месцаў у Думе будзе аддадзена мажарытарным дэпутатам.

— На гэтых выбарах колькасць партый павялічылася ў два разы. Ці здолелі партыі-неафіты заявіць пра сябе?

— Не. У асноўным гэта «партыі-спойлеры», якія закліканы забраць галасы ў вядучых парламенцкіх партый або павялічваць дэзарыентацыю ў апазіцыйнага электарату. Напрыклад, партыя «Камуністы Расіі» адбірае пункты ў Зюганава за кошт выбаршчыкаў, якія блытаюцца ў назвах камуністычных партый. А ліберальная «Партыя Росту» абяцае абараняць малы бізнес, падтрымліваючы Пуціна. Пры гэтым для прыцягнення цікавасці да сябе новымі партыямі агучваюцца самыя радыкальныя прапановы. Тыя ж «Камуністы Расіі» выступаюць за рэстаўрацыю сталінізму, інтэрвенцыю ва Украіну і жорсткую барацьбу з уяўнымі бандэраўцамі ўнутры Расіі. Але прыкметна, што асаблівага энтузіязму ад кампаніі няма нават сярод актыву новых партый.

— Якая сітуацыя ўнутры антыпуцінскага лагеру?

— ПАРНАС — вядучая сіла ліберальнай апазіцыі, падышла да дня галасавання ў статусе трэш-партыі. Гэта вынік унутраных расколаў (ад ПАРНАСу дыстанцыяваліся Уладзімір Рыжкоў і Аляксей Навальны) і збліжэння з радыкальнымі нацыяналістамі. Апошніх прадстаўляе (у якасці аднаго з лідараў партыйнага спісу) саратаўскі палітык Вячаслаў Мальцаў, які заклікае да неадкладнага імпічменту «Вовы Пуціна» і барацьбы з «яўрэйскай мафіяй». Улічваючы тое, што Мальцаў даўно знаёмы з галоўным крамлёўскім палітстратэгам Вячаславам Валодзіным (ён таксама з Саратава), ёсць чуткі аб яго цалкам прадуманай ролі па дыскрэдытацыі апазіцыі. ПАРНАС прыкметна адстае ад «Яблоко» — сістэмнай ліберальнай партыі, чый гістарычны лідар Рыгор Яўлінскі цяпер практычна вярнуўся з палітычнага нябыту. «Яблоко», верагодна, выканае больш сціплую задачу — атрымае тры працэнты, якія дазволяць партыі захаваць дзяржаўную фінансавую падтрымку і выставіць Яўлінскага на будучых прэзідэнцкіх выбарах 2018 года.

— Ці можна з такой стартавай пазіцыяй лібералам ісці на «новую Балотную»?

— Балотная плошча ў 2011-м мела месца таму, што выбары былі моцна дыскрэдытаваныя. Сістэма дала сур’ёзны збой з-за відавочных усім фальсіфікацый на карысць «Адзінай Расіі». Цяпер за кошт допуску апазіцыі ў СМІ і новага кіраўніцтва ЦВК такія прэтэнзіі наўрад ці магчымыя. Навошта апазіцыі, якая атрымае адзін працэнт, у такой сітуацыі ісці на плошчу? Каб патрабаваць два працэнты? Але нават для легітымацыі такіх пратэстаў патрэбная сетка назіральнікаў на ўчастках. У апазіцыі зараз няма дастатковай колькасці кадраў, перш за ўсё ў рэгіёнах.

— У прэсе папулярны тэзіс пра тое, што Думскія выбары–2016 — гэта рэпетыцыя прэзідэнцкіх выбараў 2018-га…

— Сапраўды, ёсць адчуванне, што ўжо зацверджана кампазіцыя будучых прэзідэнцкіх выбараў, на якіх Пуцін зноў пойдзе ў прэзідэнты. Цяперашнія выбары — гэта праверка гатоўнасці да прэзідэнцкіх на ўсіх узроўнях, уключаючы праверку стану «ручной апазіцыі». Хутчэй за ўсё, Жырыноўскі, Яўлінскі і Зюганаў зноў будуць апаніраваць Пуціну праз два гады. Аднак ёсць фактары, якія ў Крамлі проста не могуць да канца пралічыць. Гэта сацыяльныя наступствы спаду эканомікі, звязаныя не проста з сусветнай кан’юнктурай нафтавых коштаў або санкцыямі, але ў цэлым з крызісам постсавецкай мадэлі эканомікі.

Акрамя таго, урад праводзіць паслядоўны антысацыяльны курс. Так, нягледзячы на інфляцыю, за два гады не было кампенсацый заробкаў, уводзяцца новыя спосабы ўскоснай канфіскацыі грошай у насельніцтва, накшталт платы за карыстанне дарогамі або за капітальны рамонт. Верагодна, што адразу пасля выбараў усё ж такі будзе здзейснена павышэнне пенсійнага росту. Міністры эканамічнага блока ўрада не хаваюць, што іх задача — радыкальна апусціць кошт працоўнай сілы, каб прыцягнуць знешні капітал. Таму будзе нарастаць дынаміка сацыяльных пратэстаў.

Ёсць унутраныя супярэчнасці. Мы бачым узмацненне рэпрэсіўнага апарата не толькі ў галіне заканадаўства, але і ў стварэнні сілавых структур накшталт Нацгвардыі, якая «завостраная» пад падаўленне народных стыхійных бунтаў. Ідэі таго, што маштабная антыўрадавая змова расце, актыўна распаўсюджваюцца кіраўнікамі сілавых ведамстваў, якія канкуруюць паміж сабой, і самі міжволі становяцца зацікаўленымі ў правакаванні пратэстаў.