Лебедзеў: Ніякіх размоў пра ліквідацыю СНД не можа быць

«Ніякіх размоў аб ліквідацыі СНД не можа быць», — заявіў 16 верасня ў Бішкеку на саміце кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці выканаўчы сакратар арганізацыі Сяргей Лебедзеў, паведамляе інфармацыйнае агенцтва 24.kg.

Сімволіка СНД

Сімволіка СНД


Паводле яго слоў, падчас пасяджэння ў вузкім і пашыраным складзе ўсе кіраўнікі краін СНД заявілі пра неабходнасць захавання арганізацыі, яе развіцця, а таксама павышэння эфектыўнасці.
Кіраўнік выканкама Садружнасці паведаміў, што падчас саміту зробленыя чатыры галоўныя заявы. «У першай, аб 25-годдзі Садружнасці, даецца ацэнка таго, што адбываецца ў СНД, і падкрэсліваецца неабходнасць аб'яднання. Падпісаныя заявы аб сусветнай барацьбе супраць наркотыкаў, супрацьдзеянні міжнароднаму тэрарызму і заява аб 70-годдзі завяршэння Нюрнбергскага трыбунала», — сказаў Лебедзеў.
Усяго кіраўнікі дзяржаў падпісалі ў Бішкеку 15 дакументаў, у тым ліку: аб правядзенні перапісу насельніцтва раўнда 2020 года; аб абвяшчэнні 2017-га Годам сям'і, 2018-га — Годам культуры; аб рэалізацыі ў 2017 годзе міждзяржаўнай праграмы «Культурныя сталіцы Садружнасці» ў Азербайджане; канвенцыю аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве; праграму супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам і іншымі гвалтоўнымі праявамі экстрэмізму на 2017—2019 гады; праграму супрацоўніцтва ў барацьбе са злачынствамі, што ўчыняюцца з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, на 2016—2020 гады і іншыя.
Паводле БелаПАН