Парашэнка высунуў Расіі галоўныя патрабаванні па Данбасу

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка на сустрэчы Ялцінскай еўрапейскай стратэгіі высунуў ключавыя патрабаванні да Масквы. Паводле яго слоў, пакуль Крэмль іх не выканае, Украіна не ступіць і кроку да выканання Мінскіх дамоўленасцяў.

Фота: АР

Фота: АР


Па словах кіраўніка ўкраінскай дзяржавы, патрэбна «дарожная карта» з паслядоўнасцю крокаў.
«Расія павінна забяспечыць пастаяннае перамір'е на Данбасе. Спыніць пастаўляць сваю цяжкую артылерыю, танкі, рэгулярныя войскі на тэрыторыю Украіны. Забяспечыць нарэшце бесперашкодны доступ назіральнай місіі АБСЕ на ўсю тэрыторыю Данбаса і Крыма і на часова некантраляваную частку ўкраінска-расійскай мяжы», — запатрабаваў Парашэнка.
«Паўтараю раз і назаўжды. Аднойчы мы ўжо падставілі іншую шчаку, і ў выніку ледзь засталіся жывыя. Хопіць. Больш [з нашага боку] не будзе ніякіх крокаў да таго часу, пакуль расійскі бок не пройдзе сваю дыстанцыю на шляху да бяспекі», — заявіў украінскі прэзідэнт. Ён таксама заклікаў да вызвалення палітычных зняволеных.
Ялцінская еўрапейская стратэгія — штогадовая міжнародная канферэнцыя украінскіх і замежных палітыкаў і прадпрымальнікаў. З 2004 па 2014 гады яна праходзіла ў Лівадыйскім палацы пад Ялтай, а пасля анэксіі Расеяй паўвострава штогадовыя сустрэчы праводзяцца ў Кіеве.
На цяперашняй канферэнцыі ўкраінскі лідэр гаварыў па-ангельску, яго выступ трансляваў ўкраінскі 5 канал.У пачатку верасня Парашэнка назваў сваёй галоўнай задачай на пасадзе прэзідэнта барацьбу за аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў межах 1991 года.
Пры гэтым аднаўляць тэрытарыяльную цэласнасць Украіна палічыў за лепшае б не ваенным, а дыпламатычным шляхам, дамагаючыся працягу заходніх санкцый супраць Расіі.
«Ці будзе новая хваля частковай або, не дай бог, усеагульнай мабілізацыі? Канчатковы адказ на гэтае пытанне залежыць ад дзеянняў Масквы. Асабіста я не хацеў бы ні мабілізацыі, ні вайсковага становішча. У мяне зусім іншыя планы для нашай краіны», — казаў Парашэнка.
Расійскія ўлады адмаўляюць свой удзел у ваенным канфлікце на ўсходзе Украіны і прамую ваенную падтрымку ўзброеных прыхільнікаў аддзялення Данбаса.
Паводле bbc.com