Малдова: гармонія «ватнікаў» і «майдаўнаў»
Упершыню пасля ўцёкаў з Малдовы ўсёмагутнага алігарха Уладзіміра Плахатнюка малдаван запрасілі на выбарчыя ўчасткі. Прагаласаваўшы 20 кастрычніка за кандыдатаў мясцовых Саветаў і мэраў, яны таксама заклалі фундамент палітычнага ландшафту новай, постплахатнюкоўскай Малдовы.
Хаця мясцовыя выбары лічацца другаснай падзеяй, жарсці кіпелі. Тлумачыцца гэта тым, што па выніках чэрвеньскіх уцёкаў Плахатнюка была пахаваная старая выбарчая кухня. Раней, прыкладна з 2016 па 2019 год, напярэдадні выбараў Плахатнюк актыўна падкупляў рэгіянальных лідараў і аўтарытэтных асобаў. Такі няхітры прыём забяспечваў яго Дэмакратычнай партыі салідную квоту ў мясцовых Саветах (700 дэпутатаў з 900 па ўсёй краіне).
Гэтым разам пра падобны завоблачны вынік дэмакраты, відавочна, не марылі. Цудам можна лічыць тое, што партыя наогул захавала рэгістрацыю і не падпала пад рэпрэсіі. Напярэдадні многія абвінавачвалі Дэмакратычную партыю ў спрыянні дзяржаўнаму перавароту. Гаворка пра спробу Плахатнюка перад уцёкамі сфарміраваць на базе актыву дэмпартыі ўласныя структуры ўлады, альтэрнатыўныя законнаму ўраду. Спроба правалілася праз ціск амерыканскага пасла, які прапанаваў алігарху пакінуць краіну.
Уся гэтая гісторыя з дзяржпераваротам негатыўна адбілася на іміджы Дэмакратычнай партыі, якая да таго ж пазбавілася адмінрэсурсу і фінансавых сродкаў алігарха. У сувязі з гэтым многія палітолагі прадказвалі партыі татальны правал на выбарах. Галоўная ўвага была прыкаваная да прамаскоўскай Партыі сацыялістаў Рэспублікі Малдова (ПСРМ) і іх партнёра па кааліцыі — празаходняга блоку ACUM.
Па выніках галасавання ПРСМ адрапартавала пра ўпэўненую перамогу. Сацыялісты сапраўды набралі больш за ўсіх галасоў на выбарах у Саветы ў 15 раёнах і муніцыпалітэтах. У чатырох раёнах у сацыялістаў у Саветах большасць — звыш за палову галасоў. Важны трафей сацыялістаў — перамога ў сяле Каланіцу, вотчыне Дорына Кіртоакэ, — прарумынскага палітыка, заклятага ворага правадыра сацыялістаў Ігара Дадона.
Дарэчы, прарумынскія палітсілы не былі вельмі актыўнымі на гэтых выбарах, хаця той жа Кіртоакэ атрымаў 10 працэнтаў на выбарах у сталіцы. Чамусьці ён больш заняты развіццём сеткі супермаркетаў, дзе прадаюцца тавары з-за Прута, і сцвярджае, што гэта неяк спрыяе рэінтэграцыі Малдовы ў склад Румыніі.
Зрэшты, упэўненай перамогай вынік сацыялістаў назваць цяжка. Блок ACUM набраў больш за ўсіх галасоў на выбарах у мясцовыя Саветы ў 12 раёнах і муніцыпалітэтах. Не зніклі канчаткова з гарызонту і дэмакраты. Паводле інфармацыі ЦВК, кандыдаты дэмпартыі ўзначаляць 191 з 518 лакальных мэрый (прыкладна 20 працэнтаў), дзе пераможца вызначыўся ў першым туры.
Канчаткова пра сапраўднага пераможцу выбараў, хутчэй за ўсё, можна будзе казаць пасля другога туру. У тым ліку адбудзецца другі тур і на выбарах сталічнага мэра. Тут, дарэчы, у плане выбарчага піяру больш за ўсіх запомніўся Андрэа Нэстасэ — кандыдат ACUM. Ён у межах кампаніі паабяцаў выбаршчыкам пакінуць краіну, калі не будзе абраны бургамістрам. З улікам таго, што сям’я Нэстасэ жыве ў Германіі, гэта дзіўнае абяцанне многія ўспрынялі як жаданне палітыка хутчэй пакінуць бедную Малдову. Наколькі Нэстасэ дапамог шантаж валізкамі, цяжка сказаць, але ў другі тур ён прайшоў. Цяпер яго чакае дуэль з кандыдатам ад сацыялістаў, якому па выніках першага тура ён саступае 10 працэнтаў.
І яшчэ адна важная акалічнасць. Аналітыкі адзначаюць, што дадзеныя галасавання маюць, хутчэй, папярэдні характар. У многіх Саветах, дзе няма дэпутацкай большасці, яшчэ трэба будзе фарміраваць кааліцыі. А паколькі на месцах ідэалагічныя догмы не адыгрываюць важнай ролі, канчатковая партыйная фізіяномія адміністрацый непрадказальная.
Вынікі галасавання для «Новага Часу» пракаментаваў малдаўскі палітолаг і грамадскі актывіст Эдуард Шчупак:
— Па выніках галасавання, а таксама па першых каментарах палітыкаў можна казаць, што ў краіне пакуль захаваецца беспрэцэдэнтная гармонія «ватнікаў» ПСРМ і «майдаўнаў» з ACUM. Гэта, напэўна, не тое, чаго чакалі сацыялісты. Ігар Дадон, як кажуць у кулуарах, разглядаў гэтыя выбары як рэпетыцыю магчымых датэрміновых парламенцкіх выбараў, на якіх ПСРМ павінна была атрымаць большасць. Тое, што ПСРМ ужо накіравала блоку ACUM афіцыйную прапанову пра стварэнне кааліцыі ў муніцыпальнай радзе Кішынёва, сведчыць пра захаванне цяперашняга статус-кво. Тым больш, шанцаў на перамогу ў сацыялістаў у другім туры ў сталіцы не так шмат. Такі баланс, напэўна, задавальняе і знешніх партнёраў сацыялістаў, і ACUM. Відаць, малдаўскі эксперымент геапалітычнага кансэнсусу пакуль будзе працягвацца.