Актывістку «Еўрапейскай Беларусі» пазбавілі кандыдацкай рэгістрацыі

Акруговая выбарчая камісія Мінскай-Чкалаўскай выбарчай акругі №96 адмяніла рэгістрацыю Аксаны Юшкевіч кандыдаткай у дэпутаты.

Агітацыйны пікет Аксаны Юшкевіч

Агітацыйны пікет Аксаны Юшкевіч


Адпаведнае рашэнне камісія вынесла ў суботу 26 кастрычніка, гаворыцца на сайце Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна.

Нагодай пасяджэння АВК стаў зварот грамадзянкі Т. Сташэўскай аб парушэнні выбарчага заканадаўства пры правядзенні агітацыі ў падтрымку кандыдата ў дэпутаты на пікеце каля будынку Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце 20 кастрычніка.

Як адзначыла АВК, пікет размешчаны ў дазволеным месцы, аднак, паводле інфармацыі Мінгарвыканкама, заяў (апавяшчэнняў) аб правядзенні масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі г. Мінска ад Юшкевіч не паступала. Таксама парушэннем выбарчая камісія палічыла раздачу ўлётак "Еўрапейскай Беларусі", якія не ўтрымлівалі абавязковых зыходных дадзеных, прадугледжаных ч. 12 арт. 45 Выбарчага кодэкса.

На гэтай падставе, і ўлічваючы наяўнасць двух папярэджанняў (23 і 25 кастрычніка), Аксана Юшкевіч была пазбаўленая кандыдацкай рэгістрацыі.

У актывісткі ёсць права абскардзіць рашэнне АВК у трохдзённы тэрмін у Мінскую гарадскую камісію.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"