Кіеў напружыўся

У Кіеве — мірнае жыццё і выпаў свежы снег. Але ў такія моманты, як ноч з нядзелі на панядзелак, знаходзячыся ва Украіне, літаральна фізічна адчуваеш, як уся нацыя, якая яшчэ ўчора азартна лаялася адзін з адным, раптам падабралася і напружылася.

Ілюстрацыйнае фота, украінскія памежнікі на Азоўскім моры каля Марыўпаля. Фота: dpsu.gov.ua

Ілюстрацыйнае фота, украінскія памежнікі на Азоўскім моры каля Марыўпаля. Фота: dpsu.gov.ua

Вечарам нядзелі многія ўкраінцы нават і не даведаліся пра тое, што адбываецца ў Керчанскім праліве. Пра гэта паведамлялі толькі навінавыя тэлеканалы, а ўсе іншыя не рабілі ніякіх перапыненняў эфіру і экстранных выпускаў навін. Тое ж самае было і ўначы: апоўначы пачалося пасяджэнне Савета нацыянальнай бяспекі і абароны (СНБА) Украіны, на якім была агучана ініцыятыва аб увядзенні ў краіне ваеннага становішча.

Варта адзначыць, што ва Украіне ваеннае становішча не ўводзілася нават у 2014-2015 гадах, калі ўсе рэальна чакалі, што расійскія танкі вось-вось пойдуць на Кіеў. Таму сама ініцыятыва цяпер выклікала пэўны шок.На начным пасяджэнні сакратар СНБА Аляксандр Турчынаў прапанаваў увесці ваеннае становішча на ўсёй тэрыторыі краіны тэрмінам на 60 дзён. Пётр Парашэнка, які прысутнічаў там жа, адразу паспрабаваў змякчыць сітуацыю: заявіў, што жорсткіх абмежаванняў не будзе, ніякай перашкоды выбарчым кампаніям, ніякага абмежавання СМІ і гэтак далей. Таксама ён згадаў, што не будзе закрывацца мяжа — толькі «некаторым катэгорыям расійцаў» будзе забаронены ўезд ва Украіну.

Аднак асаблівасці ўкраінскага заканадаўства такія, што прэзідэнт можа, вядома, прыняць указ аб ваенным становішчы, але прыняць канчатковае рашэнне можа толькі Вярхоўная Рада. Парашэнка сапраўды падпісаў указ днём у панядзелак, і ў выніку склалася ўнікальная, магчымая толькі ва Украіне сітуацыя: людзі не ведалі, ўведзена ўжо ваеннае становішча, ці не. «Дык у нас ужо дзейнічае ваеннае становішча?», — пыталіся адзін аднаго ў Кіеве журналісты, і дружна паціскалі плячыма.

У ноч з нядзелі на панядзелак многія вайскоўцы і супрацоўнікі Міністэрства абароны Украіны ў сацсетках паведамлялі, што іх тэрмінова выклікаюць у іх часткі. Таксама ў сацсетках некаторыя асабліва «адмерзлыя» палітыкі пачалі заяўляць, што ўсё, што адбываецца, выгадна толькі Пятру Парашэнку — як падстава перанесці ці ўвогуле адмяніць выбары прэзідэнта.

Вядома, усё тое, што адбываецца, узрушыла Украіну, але, па вялікім рахунку, было ўспрынята досыць спакойна. Напружанне, якое было ў ноч з нядзелі на панядзелак, хутка спала. Ужо ў панядзелак у сваіх ранішніх эфірах тэлеканалы, вядома, распавядалі пра падзеі ў раёне Крымскага моста, аднак надалі таму, што там адбывалася, толькі крыху больш увагі, чым свежаму снегу ў Кіеве або пратэстам «еўрабляхераў», што блакавалі польска-украінскае памежжа.

Усе былі ўпэўненыя, што ані вайны, ані сур'ёзных абмежаванняў у сувязі з ваенным становішчам не будзе. У крамах Кіева няма ажыятажу, ніхто ў паніцы не скупляе прадукты. Курс грыўні ў абменніках Кіева раніцай у панядзелак вырас, але не вельмі моцна, у межах паловы грыўны. То бок, усе падзеі не выклікалі якой-небудзь бурнай рэакцыі на фінансавым рынку.

Пазачарговае пасяджэнне Вярхоўнай Рады па пытанні ўвядзення ваеннага становішча пачалося ў Кіеве ў 16.00 па мясцовым часе (17.00 па Мінску). Пачалося ў лепшых украінскіх традыцыях: з бойкі ў залі і блакавання трыбуны. Аказалася, што многія ўкраінскія дэпутаты наогул супраць ваеннага становішча.Справа ў тым, што ўвядзенне ваеннага становішча магло «пасунуць» прызначаныя на сакавік прэзідэнцкія выбары і сарваць ўжо ідучыя выбарчыя кампаніі — прэзідэнцкую, парламенцкую і шэраг мясцовых. Таму Рада магла наогул адмовіць ва ўвядзенні ваеннага становішча.

Аднак Пётр Парашэнка зноў праявіў сябе як майстар кампрамісу. Пасля таго, як пасяджэнне Вярхоўнай Рады было па-сутнасці сарвана, ён правёў перамовы з лідарамі фракцый. І яны прынялі яго прапанову «скараціць» статус ваеннага становішча: увесці яго толькі ў асобных абласцях краіны і тэрмінам толькі на месяц.Урэшце, ва Украіне было ўведзена ваеннае становішча ў 10 абласцях, што прылягаюць да расійскай і малдоўскай межаў, а таксама да Чорнага і Азоўскага мораў.

Пры гэтым, аднак, украінскі парламент раскалоўся. Тыя, хто ад пачатку быў супраць ваеннага становішча, наадварот, падтрымалі яго. А супраць выступілі тыя дэпутаты, якіх ва Украіне лічаць адкрыта прарасійскімі. Таксама інфармацыйныя рэсурсы, звязаныя з «прарасійскай апазіцыяй» пачалі новую кампанію супраць Пятра Парашэнкі – яго абвінавачваюць у тым, што ён хоча падняць свой рэйтынг на фоне «Азоўскага крызісу».Зрэшты, пакуль усё дзейнічае, наадварот, супраць украінскага прэзідэнта. Усе тэлеканалы ўжо шмат разоў пракруцілі ў эфіры аўдыёзапісы радыёперахопу з Чорнага мора, дзе ўкраінскія маракі адчайна просяць аб дапамозе — але не атрымліваюць нават адказу.
У Расіі, тым часам, пункт гледжання на ўсё, што адбылося — гэта правакацыя Кіева з мэтай зрабіць Парашэнку пераможцам на выбарах — прынялі як афіцыйны. Прынамсі, менавіта пра гэта заявіў статс-сакратар, намеснік кіраўніка МЗС Расіі Рыгор Карасін.
Тым не менш, выступаючы ў Вярхоўнай Радзе, Пётр Парашэнка настойваў: пераносу прэзідэнцкіх выбараў не будзе, яны, як і планавалася, пройдуць 31 сакавіка 2019 года. І, каб выбарчая кампанія пачалася ў тэрмін, ваеннае становішча ўводзіцца на адзін месяц, а не на два, як меркавалася першапачаткова.
Але шмат хто ў Украіне лічыць, што ўсё, што адбываецца, выглядае вельмі дзіўна.
«Здавалася б, факт агрэсіі відавочны. Праход украінскім катэрам у акваторыю Азоўскага мора заблакаваны. Пасля таго, як яны далі задні ход, іх атакавалі і захапілі з ужываннем агнястрэльнай зброі. Ваенныя ўкраінскія маракі не супраціўляліся і здаліся, — гаворыць у каментары для «НЧ» палітычны аглядальнік Аляксандр Цынкевіч. — У Кіеве ноччу тэрмінова склікаецца СНБА, які рэкамендуе ледзь не абвясціць вайну, увесці ваеннае становішча на два месяцы. Але прайшлі суткі, і ўкраінскі МЗС так і не накіраваў агрэсару ноту пратэсту. Абмежаваўся заявай для ўнутранага карыстання. Кіраўнік дыпмісіі ў Маскве чамусьці не адкліканы ў Кіеў для тэрміновых кансультацый, як быццам нічога не адбылося. Разрыў дыпламатычных адносін з агрэсарам нават наогул не абмяркоўваецца. Трафік на памежных пунктах з РФ не спыняецца. Гандаль з ворагам не спыняецца».
Па словах эксперта, узнікаюць заканамерныя пытанні: чаму ўсё, што адбываецца, накіравана «ўнутр» Украіны? Што павінна адбыцца за той месяц, які будзе дзейнічаць ваеннае становішча? Які паэтапны план дзеянняў? І, нарэшце, у чым увогуле сэнс ваеннага становішча, калі ўрад Украіны ў адносінах да агрэсара не зрабіў элементарных першапачатковых крокаў на дыпламатычным узроўні?
Асобная тэма — тое, што адбываецца ў Керчанскім праліве. Пакуль складана зразумець, што стала непасрэднай прычынай канфлікту з трыма маленькімі ўкраінскімі караблямі. Месяцам раней два іншых караблі прайшлі роўна тым жа маршрутам – але тады Расія абмежавалася абурэннем і кпінамі. Зараз жа ў ФСБ заявілі, што ўкраінцы парушылі расійскую мяжу. Аднак запеленгаваная кропка, адкуль украінскія маракі прасілі па радыё аб дапамозе, — знаходзіцца ў нейтральных водах.
Мяркуючы па ўсім, гэта сітуацыя, у якой нельга разабрацца без спецыяльнага міжнароднага расследавання. Якое наўрад ці будзе праведзена па чыста палітычных прычынах. Пры гэтым Расія ўжо адкрыла праход праз Керчанскі праліў для судоў трэціх краін.
****
Літаральна напярэдадні падзей у Азоўскім моры ў Украіне прайшоў Дзень памяці ахвяраў Галадамору. Звычайна ў гэты дзень ўкраінцы ў 16.00 выстаўляюць у вокны запаленыя свечкі. Але ў гэтым годзе адбыўся незвычайны флэш-моб: людзі акрамя свечак выстаўлялі таксама сваю зброю — потым фатаграфавалі і выкладалі ў сацыяльныя сеткі.

photo_2018_11_25_01_11_07.jpg


Гэта сімвалічна: у 2014 годзе ўкраінцы былі зусім не гатовыя да таго, што адбывалася. Войска было разваленае і небаяздольнае, адзінымі, хто мог даць адпор, былі самаарганізаваныя на Майдане «сотні». Менавіта яны і ішлі змагацца на ўсход краіны – наўпрост з Майдану, даючы агаломшанай краіне час прыйсці ў сябе і рэарганізаваць войска.
Сёння ўсё не так. Кожны, хто гатовы абараняць Украіну, выдатна ведае, што яму трэба рабіць у выпадку расійскай агрэсіі. Ведае, на які зборны пункт прыбываць і што браць з сабою, ведае ў абліччы сваіх таварышаў па службе і камандзіраў, умее абыходзіцца са зброяй. А ў многіх зброя ёсць і дома, прычым цалкам легальна. Для сённяшняй Украіны гэта нармальна.