Кітайскі мільярдэр, які выказваўся пра правы чалавека, асуджаны на 18 гадоў
Кітайскі мільярдэр Сунь Даву прысуджаны да 18 гадоў турэмнага зняволення. Ён быў прызнаны вінаватым у распальванні канфліктаў і правакаванні беспарадкаў, пааведамляе ВВС.
67-гадовы Сунь Даву, кіраўнік аднаго з найбуйнейшых прыватных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў краіны ў паўночнай правінцыі Хэбэй, раней выказваўся аб правах чалавека і на адчувальныя палітычныя тэмы.
Распальванне канфліктаў і правакаванне беспарадкаў — абвінавачанне, якое часта выкарыстоўваецца супраць актывістаў у Кітаі.
Бізнесмена таксама прызналі вінаватым у незаконным захопе сельгасугоддзяў, зборы натоўпу для нападу на дзяржаўныя ўстановы і перашкодзе дзяржаўным служачым у выкананні іх абавязкаў.
Сунь Даву таксама быў аштрафаваны на 3,11 мільёна юаняў (каля 480 тысяч долараў ЗША).
Кампанія Суня з'яўляецца адной з найбуйнейшых у Кітаі і працуе ў мностве галін — ад перапрацоўкі мяса і вырабу кармоў для хатніх жывёл да будаўніцтва школ і бальніц.
Мільярдэр быў затрыманы ў мінулым годзе праз спрэчку з дзяржаўнай фермай. Разам з ім затрымалі яшчэ 20 чалавек — яго сваякоў і бізнес-партнёраў.
Як паведамляла агенцтва «Франс Прэс», у гэты час дзясяткі яго супрацоўнікаў пацярпелі ў сутычках з паліцыяй.
Сунь Даву лічыцца бізнесменам, блізкім да некаторых знаных кітайскіх дысідэнтаў, і ў мінулым ён крытыкаваў палітыку ўрада ў дачыненні да сельскіх раёнаў.
Ён быў адным з нямногіх, хто адкрыта абвінаваціў улады ва ўтойванні ўспышкі афрыканскай чумы свіней, якая закранула яго фермы ў 2019 годзе і разбурыла многія прадпрыемствы галіны ў краіне.
Сунь ужо быў асуджаны ў 2003 годзе за незаконны збор сродкаў, але тады справа была спыненая дзякуючы падтрымцы з боку актывістаў і грамадскасці.
Паведамлялася, што на дасудовым слуханні Сунь адхіліў большасць выстаўленых супраць яго абвінавачанняў, назваўшы сябе выбітным чальцом Камуністычнай партыі.
У той жа час ён прызнаў, што зрабіў памылкі — напрыклад, публікаваў паведамленні ў сацсетках.
«Тое, як мяне цяпер судзяць, прымушае маіх блізкіх пакутаваць, а тых, хто нас ненавідзіць, радавацца. Я хачу ўзяць на сябе віну, нягледзячы на суровасць абвінавачанняў, у абмен на вызваленне іншых. Мы — людзі, якія ўнеслі свой уклад у грамадства», — заявіў бізнесмен.
Кітайскія ўлады ўжываюць жорсткія меры да бізнесу. Цяпер расследаванні вядуцца ў дачыненні да некалькіх буйных тэхналагічных кампаній, у тым ліку «Alibaba», «Didi» і «Tencent».