Палітвязень Алесь Пушкін: малюю жулікаў, бандытаў, наркаманаў і раздаю

На волю прыйшоў ліст ад палітвязня мастака Алеся Пушкіна, які знаходзіцца за кратамі з 30 сакавіка. Вытрымкі з яго змясціла ў Facebook Марыя Каржанеўская.

dsc_2569.jpg


Раней яна дасылала Пушкіну ў СІЗА №1 на Валадарскага акварэльныя алоўкі і аркушы паперы. З адказу Пушкіна відаць, што ён не губляе аптымізму, спрабуе жартаваць, піша «Еўрарадыё».

«...Малюю імі розных бедалаг, жулікаў, бандытаў, злодзеяў, вымагальнікаў, наркаманаў і раздаю ім, — піша з-за кратаў мастак. — І яны, дасылаючы гэтыя партрэты сваім родным, радуюцца. Бо родныя, атрымаўшы каляровы партрэт А4, спакойна жывуць: бо ў турме і самае месца гэтым персанажам. А турма — высокамастацкая папраўчая ўстанова — там нават мастацкі партрэт малююць!!)...».

Пушкін выказвае спадзяванне, што на волі гэтыя людзі «раптам, убачыўшы на сцяне свой партрэт, што мастак маляваў іх добрымі, харошымі, прыгожымі людзьмі, вырашаць — да старога жыцця і былых грахоў вяртання няма! І завяжуць!».

«Траціна аркуша [ліста Пушкіна] густа закрэслена цэнзарамі», — піша Каржанеўская.

Алеся Пушкіна абвінавачваюць у «рэабілітацыі і апраўданні нацызму». Нагодай стаў партрэт удзельніка пасляваеннага антысавецкага супраціўлення Яўгена Жыхара, які Пушкін вывесіў на выставе ў Гродне. Правабаронцы лічаць, што яго крымінальная справа «мае крайне палітызаваны характар» і грунтуецца на ідэалагічным падмурку савецкай гістарыяграфіі. Таму мастака прызналі палітзняволеным.