«Усю камеру вывелі начаваць на вуліцу, дзе яны правялі каля 17 гадзін»

Мінчук распавёў праваабаронцам пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна ў ліпені.

img_2804_logo_1.jpg


Іван (імя змененае ў мэтах бяспекі) быў затрыманы ў сярэдзіне ліпеня. На яго склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП («Непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі»), а потым пакаралі «суткамі». Свой арышт хлопец адбываў у ЦІПе на Акрэсціна. Іван распавёў каналу «Вясна назірае» пра аплату «на месцы» за харчаванне, у рацыёне якога быў хлеб з цвіллю, пра песні Цімы Беларускіх замест будзільніка, забароны для «палітычных» і холад у камеры.

Песні Цімы Беларускіх дагэтуль гучаць у ізалятары


«У ІЧУ бялізну, ручнікі і матрацы ў нашай камеры нікому не выдалі, неглядзячы на тое, што тры чалавекі былі не па "палітычных" артыкулах. Вады таксама не давалі, а ў душ і на шпацыр не вадзілі. Першую ноч было выключанае святло, дзве наступныя — наадварот. У камеры нават не працаваў зліў унітаза. У ізалятары ўвесь час працавала радыё "Севастопаль", а песні Цімы Беларускіх былі замест будзільніка. Яго песні цяпер там кожны дзень ўключаюць», — распавядае Іван.
Харчаванне ў ЦІПе: хлеб з цвіллю, вада з крана, а аплата за гэта грашыма з асабістых рэчаў затрыманых.
У ЦІПе ўмовы не змяняліся: ні матрацаў, ні бялізны, у душ і на шпацыр затрыманых не выводзілі ні разу. Ваду ўсе вымушаныя піць з крана. Таксама арыштанты не маюць магчымасці афіцыйна адмовіцца ад харчавання, каб за яго не плаціць. Адна з прычын — «няма паперы і ручкі». Акрамя гэтага, за кратамі апынаюцца шмат вегетарыянцаў, якім не падыходзіць «мясцовы» рацыён, таму без перадачак яны вымушаныя галадаць. Пры гэтым аплату за харчаванне забіраюць нават за тыя дні, у якія зняволеныя наогул не прымаюць ежу. Напрыклад, калі іх вывозяць на суд:
«Нас было 18 чалавек у чатырохмеснай камеры. Посуд давалі на кожнага, але пасля супу талерку трэба было мыць вадой з крана, потым яе складвалі і туды ўжо накладвалі "другое" — гэта значыць, што ты еў ужо з чужой талеркі, чысціня якой выклікала пытанні. Некалькі разоў давалі хлеб ад "Мінскхлебпрама" з чорнай і жоўтай цвіллю. За некалькі дзён да майго вызвалення мне прынеслі чэк аб аплаце харчавання грашыма, якія былі ў асабістых рэчах. Да гэтага часу ў ЦІПе я нічога не еў. Мы спрабавалі аддаць раніцай маю ежу раздатчыцы, але яна кінула яе на падлогу. У адзін з дзён пасля сняданку нас адвезлі з ІЧУ ў РУУС для суда, а назад прывезлі позна ўвечары. Адпаведна, абеду і вячэры ў нас не было, але ў кошт гэта ўключылі».
«Пры афармленні ў ЦІП лекар дае падпісаць дакумент, дзе трэба паставіць вельмі шмат подпісаў. І вось там сярод усяго ёсць пункт аб згодзе на тое, каб за харчаванне была праведзена аплата з грошай, якія былі з сабою. Але на гэта мала хто звяртае ўвагу», — растлумачыў Іван.

Арыштанты правялі 17 гадзін ў двары ЦІПа


Акрамя таго, што ўжо некалькі месяцаў арыштаваным па «народных артыкулах» не перадаюць лісты, перадачы і не даюць паперу і пісьмовыя прылады, з камер, паводле слоў хлопца, супрацоўнікі ЦІПа забіраюць і фігуркі з хлеба. Гэтыя фігуркі зняволеныя выкарыстоўваюць для настольных гульняў, таму іх даводзіцца рабіць кожны раз новыя. Таксама Іван кажа, што ў ЦІПе, калі тэмпература на вуліцы знізілася, стала холадна. Пры гэтым многія сукамернікі былі ў шортах і без шкарпэтак, таму праз пастаянны скразняк усе сталі хварэць.
Сукамернікі Івана распавялі, што незадоўга да яго ў камеры пры невыноснай спякоце многія гублялі прытомнасць, таму затрыманых пачалі выводзіць на прагулкі. У адзін з дзён, паводле слоў сукамернікаў, усю камеру вывелі начаваць на вуліцу ў двор ЦІПа, дзе яны правялі каля 17 гадзін. Але хлопец не ведае, ці было гэта зроблена ў якасці пакарання.
Іван звяртае ўвагу, што нават калі перадачу зняволеным не аддаюць адразу, то забіраць яе пасля вызвалення — гэта велізарная падтрымка. Бо на выхадзе з ЦІПа «палітычным», якім перадачы не перадавалі, супрацоўнікі Акрэсціна гаварылі: «Бачыш, ты нікому не патрэбны, і на зону табе х*р, хто што перадасць».