Квоты ў 30% прынеслі рэвалюцыю: Як проста цяпер адносна маладая дзяржава расплачваецца сотнямі жыцьцяў за гэта
Бангладэш сёньня – гэта восьмая па колькасьці насельніцтва ў сьвеце краіна – 170 мільёнаў. Амаль усе яны мусульмане. З моманту незалежнасьці ў 1971 годзе ёй кіруе па-сутнасьці дзьве сям’і (ці больш шырока – партыі) па чарзе. Але на днях дачка заснавальніка дзяржавы і дзейны прэм’ер па сумяшчальніцтву пакінула край бэнгальцаў на фоне спусташальнага паўстаньня жыхароў. Адна з галоўных праблемаў – квоты.
Як Бангладэш стаў краінай
Пасьля падзелу Брытанскай Індыі ў 1947 годзе новаствораная дзяржава Пакістан была падзеленая на дзьве часткі: Заходні Пакістан і Ўсходні Пакістан, паміж якімі была больш чым тысяча кілямэтраў індыйскай тэрыторыі. Розьніца ў палітычнай уладзе, эканамічным разьвіцьці паміж двума часткамі станавілася ўсё больш выразнай.
Дамінаваньне Заходняга Пакістана прывяло да шырокага пазбаўленьня выбарчых правоў і маргіналізацыі бенгальскамоўнага насельніцтва Ўсходняга Пакістана.
Сітуацыя дасягнула кропкі кіпеньня ў 1970 годзе, калі партыя Ліга Авамі на чале з шэйхам Муджыбурам Рахманам атрымала перамогу на ўсеагульных выбарах, і атрымала выразны мандат на кіраўніцтва ва Ўсходнім Пакістане. Адмова кіраўніцтва Заходняга Пакістана перадаць уладу Лізе Авамі стала каталізатарам масавых беспарадкаў. 7 сакавіка 1971 года ў сваёй прамове Муджыбур Рахман фактычна заклікаў да незалежнасьці. Распачалося паўстаньне.
Суседняя Індыя пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністра Індзіры Гандзі аказвала падтрымку барацьбітам за незалежнасьць Бангладэш, як дыпляматычную, так і ваенную. У сьнежні 1971 года Індыя непасрэдна ўмяшалася, што прывяло да хуткай і рашучай перамогі над пакістанскімі сіламі. 16 сьнежня 1971 года пакістанскія вайскоўцы капітулявалі, і Бангладэш стаў незалежнай дзяржавай.
Шэйх Муджыбур Рахман, якога шануюць як «бацьку нацыі», узяў на сябе ролю першага прэм'ер-міністра краіны. У студзені 1975 года шэйх Муджыбур Рахман увёў аднапартыйнае сацыялістычнае кіраваньне пад кіраўніцтвам сваёй партыі. Рахман забараніў усе газэты, акрамя чатырох дзяржаўных, і ўнёс папраўкі ў канстытуцыю, каб павялічыць сваю ўладу. Ён быў забіты падчас дзяржаўнага перавароту 15 жніўня 1975 года. Наступны кіраўнік дзяржавы, які аднавіў шматпартыйную сістэму, таксама быў забіты, гэта адбылося ў 1981 годзе. Пасьля (праз невялікі час) кіравала ўдава апошняга. І вось у 1996 годзе прэм’ерам стала дачка стваральніка нацыі – Шэйх Хасіна.
Што сёньня?
Краіну ахапілі пратэсты, якія пачаліся ў ліпені пасьля таго, як студэнты запатрабавалі адмены сістэмы квот на дзяржаўныя працоўныя месцы.
Прэм'ер-міністра Шэйх Хасіну абвінавачваюць у аўтарытарызме, празьмернай жорсткасьці паліцыі і карупцыі, яе пераабраньне ў студзені байкатавала апазыцыя, якая паведамляла пра шмат задакумэнтаванах фальсыфікацыяў. Эканоміка краіны таксама надзвычай пацярпела ад сур'ёзнага эканамічнага спаду пасьля каранавіруса. Дзясяткі мільёнаў бэнгальцаў засталіся беспрацоўнымі, і ўсе разам у Бангладэш змагаліся з рэкорднай інфляцыяй. Але адной з самых галоўных праблемаў былі квоты.
Пратэстоўцы прагнулі, каб урад адмяніў рашэньне Вярхоўнага суда. На дзяржаўных пасадах 56% пазыцый зарэзэрвавана ў адпаведнасьці з рознымі квотамі, у тым ліку 30% для нашчадкаў змагароў за свабоду часоў вайны за незалежнасьць 1971 года. Урад прэм'ер-міністра Шэйх Хасіны пад ціскам студэнцкіх пратэстаў урэшце рэшт адмяніў квоты ў 2018 годзе.
Аднак у чэрвені 2024 года Вярхоўны суд Бангладэш раптоўна пастанавіў, што ўрадавы загад ад 2018 года аб адмене 30% квоты для нашчадкаў змагароў за свабоду на дзяржаўных працах быў незаконным. 1 ліпеня зноў пачаліся пратэсты.
7 ліпеня 2024 года бангладэшскі журналіст-рассьледавальнік паказаў, што на працягу больш чым 12 гадоў пытаньні пра дзяржаўныя вакансіі (тыя самыя астатнія 44% месцаў, што заставаліся нібы вольнымі ад квотаў) былі цалкам скампрамэтаваныя. Стала зразумелым, што ледзьве ня ўсе дзяржаўныя пасады разьмяркоўваліся зусім не па правілах.
14 ліпеня Вярхоўны суд Бангладэш апублікаваў сваё афіцыйнае рашэньне аб захаваньні 30% квоты для нашчадкаў змагароў за свабоду.
«Урад забіў шмат студэнтаў. Прыйшоў час для канчатковага адказу. Усе прыедуць у Даку (сталіцу), асабліва з навакольных раёнаў. Прыязджайце ў Даку і займіце пазыцыю на вуліцах», — заявіў каардынатар пратэстаў Асіф Махмуд у сваёй заяве.
Паліцыя ў Бангладэш атрымала загад «страляць на месцы», і па ўсёй краіне была ўведзеная камэнданцкая гадзіна на мінулым тыдні, паколькі студэнцкія пратэсты ахапілі ўсю краіну, у выніку чаго сотні чалавек загінулі. Урад Хасіны таксама адключыў сувязь, увесь доступ у Інтэрнэт, любыя сацыяльныя сеткі былі заблякаваныя з вечара чацьвярга.
У выніку Вярхоўны суд пагадзіўся адмяніць большасьць квотаў, і Хасіна зацьвердзіла гэтае рашэньне.
«Першапачаткова наша барацьба была за квоты, але пасьля жорсткасьці, зь якой паліцыя напала на пратэстоўцаў, цяпер гаворка ідзе пра зьмены. Мы патрабуем, каб гэты ўрад сышоў у адстаўку» — казалі лідары пратэстоўцаў.
Так і атрымалася!
Пратэстоўцы ўварваліся ў дзяржаўную тэлекампанію, падпалілі яе, а таксама ў мінулую пятніцу ўварваліся ў турму ў цэнтральным рэгіёне Бангладэш, і вызвалілі сотні зьняволеных.
Прэм'ер-міністар Бангладэш Шэйх Хасіна сышла ў адстаўку і ўцякла з краіны ў панядзелак 5 жніўня на гелікоптэры, меркавана ў Паўночную Індыю, дзе ёй гарантавалі бясьпеку. Хутчэй за ўсё пасьля гэтага жанчына на восьмым дзясятку гадоў паляціць жыць у Лёндан, колішнюю сталіцу ўсяго рэгіёну.
Натоўпы без асаблівага супраціву ўварваўся на шыкоўную тэрыторыю рэзідэнцыі, людзі выносілі нарабаваную мэблю і тэлевізары. Адзін чалавек трымаў на галаве чырвонае аксамітнае крэсла з пазалочанымі элементамі. Іншы трымаў шмат вазаў.
У іншым месцы Дакі пратэстоўцы забраліся на статую бацькі Хасіны, заснавальніка дзяржавы шэйха Муджыбура Рахмана, і пачалі рубіць галаву сякерай.
Што заўтра?
Уцёкі ў эміграцыю скончылі доўгую кар’еру Хасіны, якая кіравала 20 з апошніх 30 гадоў у якасьці лідэра палітычнага руху, атрыманага ў спадчыну ад бацькі, забітага разам з большай часткай яго сям'і падчас дзяржаўнага перавароту 1975 года.
Галоўнакамандуючы арміяй генэрал Вакер-Уз-Заман абвесьціў аб адстаўцы Хасіны ў тэлезвароце да нацыі і заявіў, што будзе сфармаваны часовы ўрад. Ён заклікаў да міру і паабяцаў справядлівасьць для тых, хто загінуў падчас беспарадкаў.
«Я абяцаю вам усім, што мы вернемся ў суд за ўсе забойствы і несправядлівасьць. Мы просім вас верыць у армію краіны», — сказаў ён.
«Калі ласка, не вяртайцеся на шлях гвалту і вярніцеся да негвалтоўных і мірных шляхоў».
Атрымаецца?