Ці зможа Бангладэш канчаткова пазбавіцца дыктатуры?
Рэвалюцыя ў Бангладэш для многіх стала нечаканасцю. Хаця калі прыгледзецца да падзей апошніх гадоў, відавочна, што да гэтага ўсё ішло.
У пачатку жніўня палітычная нестабільнасць у Бангладэш дасягнула піка, выліўшыся ў масавыя пратэсты. 5 жніўня прэм'ер Шэйх Хасіна, баючыся за сваю бяспеку, прыняла рашэнне бегчы з краіны. На верталёце яна пераляцела ў суседнюю Індыю. Там ёй была абяцана абарона і палітычны прытулак.
Наогул перавароты і рэвалюцыі — частка народнай традыцыі Бангладэш. Толькі за першыя дзесяць гадоў незалежнасці (з 1971 года) краіна перажыла пяць путчаў. У адным з іх, дарэчы, загінуў прэзідэнт Муджыбур Рахман, бацька нацыянальнай незалежнасці і толькі што звергнутай Шэйх Хасіны. Прэзідэнта забілі ва ўласнай рэзідэнцыі разам з жонкай і трыма сынамі. А вось дочкі былі за мяжой і таму выжылі.
Гартаючы архівы, лёгка заўважыць, што за ўсімі пераваротамі ў краіне стаяць вайскоўцы ў асобе кадравых генералаў альбо афіцэрскіх арганізацый. Таму многія эксперты са скепсісам ставяцца да версіі, што Шэйх Хасіна збегла з краіны пад ціскам вуліцы. Хутчэй за ўсё, галоўным фактарам была пазіцыя вайскоўцаў, якія адмовіліся даваць гарантыі бяспекі.
Чаму яны гэта зрабілі — незразумела. Але логіка ў іх дзеяннях ёсць. Рэжым Шэйх Хасіны ўпарта вёў краіну да катастрофы.
З 2014 года ў краіне дэ-факта панавала дыктатура. Выбары ў парламент краіны праз фальсіфікацыі байкатаваліся апазіцыяй, што дазваляла ўрадавай партыі Авамі ліг дамінаваць у парламенце. Хаця байкот меў не мірны характар. Кожны электаральны цыкл суправаджаўся пагромамі і сутыкненнямі з паліцыяй. З 2014 года з абодвух бакоў загінулі ў іх больш за 5 тыс. чалавек.
Жорсткасць спецыяльных батальёнаў паліцыі (аналаг нашага спецназа) у Бангладэш была за мяжой разумення. З 2009 па 2023 гады без суда і следства былі забітыя 1100 апазіцыянераў. Як правіла, арыштаваных абвінавачвалі ў дапамозе ісламскаму тэрарызму. Прычым часта без усялякіх доказаў. Толькі адзін раз паліцыя прызнала, што асуджаны не быў ісламістам. Зрэшты, пакаранняў ніхто не панёс.
Пасля палітычнай зачысткі пачаўся хапун журналістаў. У 2018 годзе ўрад прыняў закон аб «лічбавай бяспецы» з вельмі шырокімі трактоўкамі. У выніку яго рэалізацыі больш за сотню рэдактараў і кіраўнікоў СМІ апынуліся ў турмах, уцяклі з краіны, зніклі. У асноўным гэта былі левыя (сацыялісты, экс-камуністы, іншыя групы), нацыянал-лібералы, правыя, звязаныя з БНП (Бангладэшская нацыянальная партыя).
Не будзем забываць пра кланавую карупцыю. У 2023 годзе прэм'ер Хасіна мімаволі прызналася, што яе далёкі сваяк уцёк з краіны з $34 млн. Ён «працаваў» на нейкай нізкай пасадзе ў адным з ведамстваў.
Зрэшты пераслед старой апазіцыі не знішчыў падмуркі незадавальнення. Фронда пачалася ў 2022-м. Прычынай было аднаўленне Вярхоўным судом сістэмы квот, якая ўключала ў сябе квоты для нашчадкаў удзельнікаў нацыянальна-вызваленчай вайны 1971 года. У сучаснай Бангладэш колькасць нашчадкаў удзельнікаў вайны складае менш за 0,2% насельніцтва. Аднак дзякуючы сістэме квот, яны прэтэндуюць на 30 працэнтаў месцаў на дзяржслужбе.
Моладзь, якая складае аснову беспрацоўных, трактавала гэта як спробу стварэння палітычных дынастый і прыватызацыі дзяржавы на іх карысць. Варта нагадаць, што палова насельніцтва краіны малодшая за 29 гадоў. Да 25 працэнтаў прадстаўнікоў гэтага ж узросту не маюць пастаяннай работы.
Спачатку ўлада ставілася да пратэстаў студэнтаў пагардліва. А прэм'ер нават абазвала студэнтаў «разакарамі» — страшная абразу ў Бангладэш. «Разакарамі» — гэта ісламісты-памагатыя пакістанскай арміі падчас вайны за незалежнасць у 1971 годзе. На іх рахунку больш за палову забойстваў (каля 3 млн чалавек), а таксама большая частка згвалтаванняў (250-700 тыс.) падчас той вайны. Нянавісць на адрас рэжыму гэтая абраза толькі падагрэла, што па факце дапамагло студэнтам перамагчы. Варта адзначыць, што кошт перамогі быў вельмі высокі. Толькі 5 жніўня паліцыя Бангладэш забіла больш за 100 чалавек.
Сёння сітуацыя ў Бангладэш застаецца напружанай. Невядома, хто ўзначаліць часовы ўрад і якім будзе ягоны курс. Апазіцыя патрабуе правядзення свабодных і справядлівых выбараў.
Але для гэтага трэба спачатку стабілізаваць абстаноўку і аднавіць парадак у краіне. А вось гэта праблема. Разнастайныя банды вылічаюць учорашніх апанентаў па палітычнай, сацыяльнай і рэлігійнай прыкмеце, пасля чаго забіваюць іх і рабуюць маёмасць. Варта адзначыць, што скарачэнне дэмакратычнай і грамадзянскай прасторы стварылі прастору для росквіту мусульманскіх экстрэмісцкіх груп.
Мабыць, толькі студэнты спрабуюць навесці нейкі парадак. Яны выйшлі на вуліцу выконваць функцыю паліцыянтаў, наколькі гэта магчыма, у тым ліку рэгулююць рух транспарту і кантралююць аэрапорт. Аднак развіццё сітуацыі ў Бангладэш шмат у чым будзе залежыць ад вайскоўцаў.