Лацінская Амерыка ўзбройваецца

Цэнтральная Амерыка перажывае бум гонкі ўзбраення. Эксперты нават не выключаюць вайсковых эксцэсаў.



3ffebb08d23c609875d7177ee769a3e9.jpg

Цэнтральная Амерыка перажывае бум гонкі ўзбраення. Эксперты нават не выключаюць вайсковых эксцэсаў.
Апошні раз такія буйныя партыі зброі і вайсковай тэхнікі, па словах спецыялістаў, краіны рэгіёну набывалі ў 1980-я гады, калі праз Цэнтральную Амерыку праходзіла лінія фронту “халоднай вайны. Прыход сандзіністаў да ўлады ў Нікарагуа, якіх хутка ўзяла пад сваю апеку Масква, Вашынгтон зразумеў як пагрозу стварэння другой Кубы. Атрады контрас, якіх фінансаваў ЦРУ, развязалі грамадзянскую вайну ў краіне. Вакол Нікарагуа быў створаны санітарны кардон з антыдэмакратычных вайсковых рэжымаў. Гэта, у сваю чаргу, стала стымулам для актывізацыі партызанскіх левых рухаў.
Перабудова і савецка-амерыканская палітыка разрадкі аслабілі напружанасць. Контрас і сандзіністы дамовіліся змагацца не на палях баёў, а на выбарчых участках. У Гватэмале і Сальвадоры паўстанцы падпісалі мірныя дамовы з урадам. Развал Савецкага Саюза з яго геапалітычнымі забабонамі аўтаматычна падпарадкаваў рэгіён амерыканскаму гегемону. Адпаведна, арміі амаль ва ўсіх краінах былі кардынальна скарочаныя.
Сёння мода на вайну вяртаецца. Так, гватэмальская армія збіраецца набыць за 166 мільёнаў шэсць бразільскіх бамбардзіроўшчыкаў класу “Super Tucano і тры радарныя сістэмы. Гандурас у адказ набывае чатыры самалёты таго ж тыпу. Дэбаты наконт павелічэння базы ідуць у Сальвадоры. Вайсковыя бюджэты ў згаданых краінах за апошні год выраслі амаль на 30 працэнтаў. А ў Гандурасе — амаль на 40 працэнтаў. Нават краіны, якія па канстытуцыі не маюць войскаў, папаўняюць арсеналы. Панама закупіла адзінаццаць патрульных караблёў быццам для патрэб мытні. На самай справе, яны ахоўваюць акваторыю і берагавую лінію. Яшчэ адна краіна, якая не мае войскаў, Коста-Рыка, збіраецца набыць радарную сістэму.
Якая муха ўкусіла лацінаамерыканскіх палітыкаў? Адкуль яны чакаюць вайны? Аргументацыя “ястрабаў будуецца на неабходнасці барацьбы з крыміналам. Злачынныя структуры, якія акрамя ўсяго звязаныя з трафікам наркотыкаў, прынікаюць паўсюль. Прычым гэта не традыцыйныя мафіёзныя кланы, арыентаваныя на атрыманне грошай. Гэта таксама моладзевыя крымінальныя субкультуры кшталту славутых марас, якія часта ідуць на парушэнне закону, паколькі так папросту патрабуе кодэкс сябра групоўкі. Адсюль сумная статыстыка. Калі па ўсім свеце на сто тысяч жыхароў у сярэднім за год забіваюць 8,8 чалавек, то ў Гандурасе — 73, у Сальвадоры — 71, Гватэмале — 52. Пры гэтым, як кажуць палітыкі, вопыт сведчыць, што паліцыя не здольная стрымаць цунамі забойстваў і гвалту.
Яшчэ адна крыніца пагрозы — экспансія картэляў наркабаронаў з суседняй Мексікі. Наркагандляры, на першы погляд, паводзяць сябе больш сціпла: намагаюцца атрымаць сувязі ў дзяржаўнай адміністрацыі, каб тая заплюшчыла вочы на наркатрафік. Аднак за ўсім гэтым стаіць пагроза стварэння дзяржавы ў дзяржаве. Картэлі канцэнтруюць столькі фінансаў, што на нейкім этапе проста кідаюць адкрыты выклік нацыянальнаму ўраду. Менавіта такі працэс мы назіраем сёння ў Мексіцы, дзе прэзідэнт Кальдэрон вядзе сапраўдную вайну з кланамі наркагандляроў. Ахвярамі 5-гадовага супрацьстаяння ўжо сталі 42 тысячы чалавек.
Незалежныя аналітыкі, аднак, не вельмі вераць у падобную аргументацыю. Як ні круці, кажуць яны, армія не здольная выконваць паліцэйскія функцыі, замяніць аператыўную, следчую, аналітычную працу. Яны ахвотней спісваюць гонку ўзбраення на нейкі псіхоз сярод мясцовага палітыкума. Рэфлекс узбройвацца набыў характар паўзучай паранойі. Палітыкі жывуць па прынцыпу — калі твой сусед набывае новыя віды вайсковай тэхнікі, то ты таксама мусіш рабіць тое ж самае.
Для такога ўзаемнага недаверу існуе гістарычная глеба. Гісторыя краін Цэнтральнай Амерыкі — гэта паласа лакальных войнаў. Канчатковых межаў, якія прызнаюцца ўсімі бакамі, паміж некаторымі краінамі дасюль няма. Падазронасць на адрас суседзяў стала чымсьці накшталт часткі нацыянальнага менталітэту. Як казаў у 1945 годзе Рыкарда Хіменэс Арэамуна, які тройчы быў прэзідэнтам Коста-Рыкі, у яго краіне існуюць тры вечныя тэмы — “засуха, дождж і праблемы з Нікарагуа.
Менавіта згаданыя краіны — Нікарагуа і Коста-Рыка — нясуць адказнасць за новую хвалю мілітарызацыі Цэнтральнай Амерыкі. Усё пачалося год таму, калі нікарагуанскія салдаты захапілі востраў Калера на рацэ Сан-Хуан, якая служыць чымсьці накшталт дзяржаўнай мяжы. Коста-Рыка адразу выказала пратэст. На думку тутэйшых дыпламатаў, Калера належыць Коста-Рыка, паколькі востраў бліжэй да яе берагу.
Дыпламатычная перапіска на гэтым не скончылася. Нікарагуанскі МЗС заявіў, што востраў ніяк не можа належаць суседзям з улікам таго, што ўвесь басейн належыць Нікарагуа. Пакрыўджаная Коста-Рыцы наняла парамілітарных наёмнікаў і набыла для іх партыю вайсковых верталётаў. Сутыкнення ўдалося пазбегнуць выключна таму, што за рашэнне канфлікту ўзяўся міжнародны суд у Гаазе. У мінулым сакавіку трыбунал пастанавіў, каб абодва бакі аднавілі статус-кво — Нікарагуа выводзіць войскі з вострава, а Коста-Рыка заканчвае канцэнтрацыю наёмнікаў.
Пасля гэтага на нейкі час тэма канфлікту знікла з загалоўкаў СМІ. І вось цяпер новы паварот. Замест вайскоўцаў Нікарагуа адправіла на востраў “камсамольцаў кіруючай у краіне партыі Сандзінісцкага фронту нацыянальнага вызвалення (FSLN). Маладняк заняў стратэгічную кропку ў імя… прыроды. Як гаворыцца на сайце FSLN, Коста-Рыка будуе ўздоўж берагу аўтамабільную магістраль, якая можа сапсаваць наваколле.
“Не існуе ніякага апраўдання для таго, каб праводзіць падобныя працы, тым больш яны могуць парушыць прыродны баланс, — кажа нікарагуанскі МЗС. Адначасова Манагуа звярнуўся з іскам супраць Коста-Рыкі ў той жа Гаагскі трыбунал.
Коста-Рыка ж кажа, што тая магістраль — гэта звычайны бяскрыўдны для прыроды аўтамабільны шлях, які па праекту павінен далучыць адсталыя плямёны індзейцаў да нацыянальнай інфраструктуры. І ўвогуле, Коста-Рыка не павінна ўзгадняць такія рэчы, як аўтатрасы, з замежнымі ўрадамі.
Сан-Хасэ (сталіца Коста-Рыкі) знайшоў сабе саюзнікаў у выглядзе ўнутранай нікарагуанскай апазіцыі. Праціўнікі Артэгі кажуць, што сандзіністы наўмысна пайшлі на эскалацыю міжнароднага канфлікту, каб адцягнуць увагу грамадства ад вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у мінулым лістападзе. Нагадаем, што па іх выніках сандзініст Даніэль Артэга зноў стаў прэзідэнтам, набраўшы 60 працэнтаў галасоў. Між тым, апазіцыя сцвярджае, што на 30 працэнтаў выбарчых участках у дзень галасавання мелі месца фальсіфікацыі. Быццам прыхільнікі FSLN атрымлівалі магчымасць галасаваць двойчы. Прадстаўнікоў апазіцыі на такія ўчасткі папросту не пускалі.
Нават левыя выданні згодныя, што Артэга нешта “нахімічыў на выбарах. Апошнім часам ён пасварыўся з вялікай часткай актыву і ветэранаў FSLN, актыўна заігрывае з Касцёлам. Аднак нават самыя правыя выданні не рызыкуюць назваць Артэгу падпальшчыкам вайны. Адзінае, што яны ведаюць дакладна, — пасля апошніх падзей новы віток гонкі ўзбраення ў Цэнтральнай Амерыцы непазбежны.