Лета пад знакам інфляцыі. Дасье ў карыкатурах

Паводле экспертаў, гэтае лета пройдзе пад знакам інфляцыі — павышэння агульнага ўзроўню цэн на тавары і паслугі ва ўсім свеце. З гэтым пагаджаюцца і карыкатурысты.

1_577.png

У еўразоне 8,6 %, у Расіі — пад 14%, у ЗША пад 9%. Вось такія гадавыя тэмпы інфляцыі ў згаданых краінах і тэрыторыях. У прынцыпе, нешта падобнае чакалі. Прыход інфляцыі разглядалі як часовую з'яву, звязаную з аднаўленнем эканомікі пасля шоку, які выклікала пандэмія. Аднак інтэрвенцыя расійскага войска ва Украіну ў канцы лютага і эканамічныя санкцыі Захаду супраць Масквы пагоршылі сітуацыю. Як жартуе адзін з мастакоў, зараз давядзецца вучыцца жыць не толькі з ковідам, але і з інфляцыяй.
Галоўны непрыемны эфект інфляцыі — шалёны рост спажывецкіх коштаў. Прычым у такіх прапорцыях, што амерыканскія карыкатурысты мяркуюць, што неўзабаве для пакупкі бензіну аўтамабілістам давядзецца прадаваць свае органы.

2_536.png


Іранізуючы над сітуацыяй з коштамі, адзін з латвійскіх графікаў «раіць» на сваім малюнку прадаўцам, як стымуляваць кліентаў купляць дарагія тавары. Трэба казаць ім, што восенню цэны будуць яшчэ вышэйшыя, гэта адназначна прымусіць іх зрабіць пакупку.

3_476.png

Шмат каму сітуацыя нагадвае становішча ў далёкіх 1970-х, калі інфляцыя была галоўнай праблемай Захаду. Не дзіўна, што няздольнасць навесці парадак у эканоміцы паставіла тады крыж на палітычнай кар'еры многіх палітыкаў. Напрыклад, праз рост коштаў у 1980-м не змог пераабрацца прэзідэнт Джымі Картэр. У гэтым плане вельмі модна параўноўваць Джо Байдэна і Джымі Картэра. На малюнку аднаго з мастакоў цяперашні кіраўнік Белага дома спрабуе намаляваць аўтапартрэт, але ў выніку атрымліваецца выява Картэра.

4_442.png

Некаторыя палітыкі спрабуюць адцягнуць увагу грамадзян ад эканамічнай бязладзіцы знешнепалітычнымі акцыямі. Напрыклад, лідар Турцыі, дзе інфляцыя толькі летась склала прыкладна 70 працэнтаў. На малюнку Таіп Эрдаган аддае перавагу таму, каб не займацца эканомікай, а сварыцца са Швецыяй, Фінляндыяй і г. д.

5_409.png

Інфляцыя — гэта жах не толькі для жыхароў Захаду. Нягледзячы на ​​стабілізацыю рубля, да гэтага часу незразумелыя перспектывы расійскай эканомікі. Тэматычная карыкатура на гэты конт.

6_297.jpg

Відавочна, што коштавая ліхаманка падкарэктуе планы наконт адпачынкаў. Глава сямейства на малюнку ніжэй канстатуе, што з-за інфляцыі сям'я правядзе адпачынак дома. Каб супакоіць сямейнікаў, ён нагадвае, што два гады таму яны таксама заставаліся дома з-за эпідэміі ковіда.

7_208.png

Зрэшты, праблемы адпачынкаў гэта яшчэ дробязь. Рост коштаў ужо запусціў хвалю сацыяльных пратэстаў па ўсёй планеце. Толькі за апошні месяц пратэсты фіксаваліся ў Лівіі, Канадзе. Напэўна, кошты ёсць адным з фактараў цяперашніх выступаў ва Узбекістане. Ну, а піянерам тут з'яўляецца Шры-Ланка, дзе яшчэ ўвесну скончыліся вольныя рэзервы замежнай валюты на закуп найважнейшых тавараў, уключаючы харчаванне, лекі, бензін і дызельнае паліва. Не дзіўна, што краіна яшчэ з вясны жыве ў стане перманентных пратэстаў. Адзін з мастакоў параўнаў іх з хваляй цунамі, якая можа знесці ўрад. Адным словам, лета 2022-га будзе вельмі гарачым.

8_141.jpg