Мадура наносіць удар у адказ

Правал на парламенцкіх выбарах прымусіў чавістаў мабілізаваць усе рэсурсы. На коне не толькі лёс венесуэльскай мадэлі, аднак і будучыня ўсіх левых рэжымаў Лацінскай Амерыкі. 



o_nicolas_maduro_facebook.jpg

 Фота www.politicadigital.com.ar

19 запар прайграных электаральных кампаній за 17 гадоў. З такой сумнай лічбай за плячыма ўлетку пачынала венесуэльская апазіцыя выбарчую парламенцкую кампанію. І вось трэнд зломлены. Па выніках выбараў апазіцыя перамагла, атрымаўшы большасць мандатаў у парламенце (91 дэпутат з 167). У выніку ў краіне сфармавалася новая палітычная канфігурацыя з абсалютна непрадказальнымі сцэнарамі развіцця.

Паводле дзеючай у краіне канстытуцыі, урад фармуе прэзідэнт. Таму цяперашні прэзідэнт Нікалас Мадура, які з’яўляецца пераемнікам Уга Чавеса, фактычна працягвае кіраваць краінай. Аднак поле для манеўру ў яго менш — Нацыянальная асамблея можа большасцю галасоў блакаваць ініцыятывы мадурыстаў.

Калі ж клуб апазіцыянераў у парламенце будзе пашыраны, то паўстае наўпроставая пагроза для выканаўчай улады. Паводле канстытуцыі, група са 101 дэпутата можа прапаноўваць свае законапраекты. Пры наяўнасці 112 дэпутатаў у складзе фракцыі, яна можна запускаць канстытуцыйную рэформу, адклікаць міністраў, уносіць змены ў выбарчы кодэкс, нарэшце, атрымлівае права ініцыяваць імпічмент прэзідэнта. Праўда, пакуль апазіцыя збіраецца абмежавацца амністыяй для палітвязняў. Сярод іх Леапольда Лопес — адзін з лідараў апазіцыйнага руху, якога нядаўна асудзілі на 14 гадоў.

Выбарчы катаклізм чавістаў таксама можа справакаваць паўзучую дэзінтэграцыю ўсёй сістэмы. Шматлікія СМІ звярнулі ўвагу на паводзіны вайскоўцаў. Хаця ў казармах пануе культ Уга Чавеса, які, як вядома, быў прафесійным жаўнерам, генералы пасля абвяшчэння вынікаў галасавання не зрабілі ніякіх гучных заяў. Наадварот, кіраўнік Мінабароны заклікаў суайчыннікаў спакойна ўспрымаць вынікі выбарчаў.

Сам жа Мадура прыняў правал на выбарах варта, афіцыйна прызнаўшы перамогу апанентаў з апазіцыйнай кааліцыі «Круглы стол дэмакратычнага адзінства» (MUD). Аднак капітуляваць ні ён, ні праўладны лагер не збіраюцца. Наадварот, грамадству прапанаваны тэзіс пра тое, што халодны душ на выбарах 6 снежня дазволіць чавістам самкнуць свае шэрагі і працягнуць «балівійскі працэс». На фоне новай маштабнай прапагандысцкай кампаніі ў краіне пачалася мабілізацыя актыву прыхільнікаў рэжыму.

Перш за ўсё, адбыліся тэрміновыя сходы ўсіх мясцовых структур урадавай Аб’яднанай сацыялістычнай партыі Венесуэлы (PSUV) і лаяльных да ўлады грамадскіх арганізацый. Чакаюцца гучныя адстаўкі ўнутры ўрадавага апарату, якія павінны палепшыць яго імідж.

Што тычыцца афіцыйнай прапаганды, то яна ахвотна гуляе на тым факце, што перамога апазіцыі не скараціла дэфіцыт прадуктаў у камерцыйных крамах — менавіта вырашыць прадуктовы крызіс і прыпыніць інфляцыю абяцала апазіцыя ў выпадку перамогі. Такім чынам, урад намагаецца перакласці адказнасць за недахоп тавараў на паліцах крамаў часткова на апазіцыю, якая цяпер у вачах грамадства — складнік улады. Гэта вельмі балючая тэма для чавесафобаў, паколькі, як сведчыць сацыялогія, за кандыдатаў MUD часта галасавалі не па ідэалагічных прычынах, а, як гаворыцца, страўнікам.

Мусіруецца тэма пра тое, што ў апазіцыі існуе план подкупу нейтральных дэпутатаў для фармавання большасці, неабходнай для пачатку працэсу адстаўкі Мадуры. Такім чынам ствараецца глеба для магчымага роспуску Нацыянальнай асамблеі на выпадак росту сярод дэпутатаў апазіцыйных настрояў.

Прасоўваецца думка пра тое, што перамога апазіцыі адкіне краіну на 20 гадоў назад. Перад прыходам Чавеса да ўлады ў Венесуэле існавала тыповая для Трэцяга свету мадэль, калі на выбары ішлі карумпаваныя палітыкі, якія па сутнасці імітавалі нейкую барацьбу.

У палацы Мірафлорэс — рэзідэнцыі венесуэльскага прэзідэнта — з надзеяй сочаць за ўнутранымі разборкамі ўнутры MUD. Гэта структура складаецца з 21 партыі, частка з якіх незадаволеныя памяркоўнымі лозунгамі Энрыке Капрылеса, лідара аб’яднання.

Стаўка ў барацьбе паміж Мадурам і Капрылесам вельмі вялікая. Фіяска Мадуры ў Венесуэле закладзе міну пад гегемонію левых партый ва ўсім рэгіёне, дзе яны дамінуюць з пачатку стагоддзя. Праўда, пакуль альтэрнатыўная правая мадэль малазразумелая. Напрыклад, абраны ў лістападзе на пасаду прэзідэнта Аргенціны правы пераніст Маўрысіа Макры ўжо агучыў план жорсткай эканоміі, які не выклікаў энтузіязму ў грамадстве. У тым лік таму, што краіна дасюль узгадвае дэфолт 2001 года, які быў следствам падобнай спробы вырашаць праблемы знешніх пазык.

З іншага боку, рэгіянальны левы праект таксама, як той вожык у тумане. Левыя рэжымы эканамічна былі завязаныя на кітайскі рынак, куды праз дзяржаўныя, часам нацыяналізаваныя кампаніі прадавалася сыравіна. Прыбыткі дазвалялі развіваць сацыяльную сферу. Фондавы крызіс у Кітаі і падзенне сусветных коштаў на нафту ставяць пад пытанне такую формулу. Не кажучы пра тое, што вялікая роля дзяржавы ў гэтай схеме садзейнічае росту карупцыі. Стаўка на нафтадолары не дазваляе развіваць айчынную вытворчасць.

Пакуль палітолагі спрачаюцца наконт таго, якім шляхам пойдзе Лацінская Амерыка, у Каракасе рыхтуюцца да 6 студзеня. У гэты дзень павінна пачацца першая сесія новаабранай Нацыянальнай асамблеі, якая пагражае перарасці ў адкрыты канфлікт у парламенцкай зале. Эмоцыі будуць панаваць і на вуліцы. Як апазіцыя, так і ўлада збіраюцца прывесці да будынку парламента сваіх прыхільнікаў з усімі наступствамі для грамадскай бяспекі.