Майкл Джэксан — здраднік, геній ці ісламскі радыкал?

Чорная Амерыка горача спрачаецца, якое месца заняў нябожчык Майкл Джэксан у яе гісторыі.

Яшчэ дзесяць гадоў таму ніякіх спрэчак на гэты конт не было. Майкл Джэксан, хлопчык з працоўнай сям’і, зрабіў сапраўдную культурную рэвалюцыю. Сваім талентам разбурыў векавыя расавыя інстытуты і клішэ.



1f50893f80d6830d62765ffad7721742.jpg

Чорная Амерыка горача спрачаецца, якое месца заняў нябожчык Майкл Джэксан у яе гісторыі.
Яшчэ дзесяць гадоў таму ніякіх спрэчак на гэты конт не было. Майкл Джэксан, хлопчык з працоўнай сям’і, зрабіў сапраўдную культурную рэвалюцыю. Сваім талентам разбурыў векавыя расавыя інстытуты і клішэ.
Джэксан пачынаў сваю кар’еру ў групе “Jackson Five, дзе спяваў разам са сваімі братамі ў стылі соул. Групу падтрымлівала кампанія “Motown Records — адзіная на той час фірма ў Штатах, якая працавала з чарнаскурымі музыкамі. Аднак поспех “Jackson Five быў настолькі відавочны, што іх пачалі слухаць не толькі ў чорным гета. У 1972 годзе Філ Карлсан узяў запісы “Jackson Five для першага ў ЗША фільма, дзе галоўныя ролі ігралі толькі чарнаскурыя артысты. Мова пра карціну “Бені. Фільм заклаў цэлую індустрыю чорнага кіно.
Майкл пайшоў далей як сольны артыст. Наступны крок — прарыў на канал MTV. Гэты канал называлі інстытутам культурнага апартэіду, бо адзін з заснавальнікаў каналу Роберт Пітман лічыў, што тут не месца для культурнага плюралізму. І нарэшце 1982 год — выхад альбому “Triller. Ніводны альбом дасюль не пабіў яго рэкорд папулярнасці. Рональд Рэйган у знак павагі да артыста запрасіў яго ў Белы дом.
Здавалася б, Майкл пасля ўсяго гэтага павінен выглядаць ідалам у вачах чорнай Амерыкі. Але не. Напрыканцы 1970-х прадзюсер Роні Алексенбург прапанаваў Джэксану перайсці з “Motown Records на музычную фірму CBS, якая працавала з першымі зоркамі поп-музыкі. Пры гэтым ён паставіў Майклу ўмову: паступова адмаўляцца ад элементаў традыцыйнай чорнай музыкі, стылю паводзін чорнага артыста на сцэне і г. д. Джэксан прадаў душу. Пагадзіўся парваць з каранямі.
З часам ён пажадаў нават знешне выглядаць як белы — пачаў асвятляць сабе скуру, рабіць пластычныя аперацыі. Адзін з хірургаў-дэрматолагаў, які праводзіў яму аперацыю па асвятленні, распавёў, што нават белай скуры было Джэксану замала. Ён прасіў, каб яму, напрыклад, зрабілі меншым нос.
Асвятленне скуры — гэта не проста капрыз у вачах простага афраамерыканца. Гэта адмова ад культуры “black pride (“гонар за чорнае), папулярнай сярод афраамерыканцаў у 1970-я. “Black pride быў нечым кшталту пратэсту для чорных у ЗША. Дарэчы, моду ганарыцца сваім колерам скуры прыдумаў Джон Браўн, заснавальнік стылю соул, якога Джэксан называў сваім кумірам і бацькам. Атрымліваецца, што ён і бацьку прадаў.
Нарэшце, лад жыцця, які вяла зорка, выклікаў у актывістаў чорнага руху проста шок. Трэба адзначыць, што чорны Поўдзень вельмі кансерватыўны і моцна прытрымліваецца хрысціянскіх маральных каштоўнасцяў. А тое, чым займаўся Джэксан, мала адпавядала гэтым каштоўнасцям. Майкл пабудаваў сабе нешта кшталту Дысней-парка, дзе збіраў калекцыю цацак і жывёл. У дадатак яго падазравалі ў сексуальных дамаганнях да 13-гадовага хлопчыка.
Хутка нават амерыканскія комікі ахвотна смяяліся з Джэксана, прадстаўляючы яго як белую жанчыну — ахвяру шматлікіх хірургічных аперацый. Джэксан адназначна перастаў быць іконай для чорнай супольнасці.
Ягоная нечаканая трагічная смерць прымусіла гісторыкаў і палітыкаў больш асцярожна падысці да яго асобы і спадчыны. Паспрабаваць знайсці ў Майкле пазітыў.
Пачнём з таго, што ў любым выпадку чорная Амерыка, здаецца, прабачыла спеваку не вельмі прыстойны старонкі ягонай біяграфіі. Як толькі стала вядома пра смерць артыста, каля Apolo Theatre у цэнтры чарнаскурага кварталу Гарлем у Нью-Йорку пачаў збірацца натоўп. Вуліцы запоўнілі тысячы маладых людзей. Пад партрэтам Джэксана стаялі сотні свечак.
Для простых афраамерыканцаў была больш істотнай роля, якую адыграў Джэксан у гісторыі чорнай музыкі. За час сваёй творчасці ён развіў гэты жанр, стварыў фактычна новую сцэну, даў вялікі штуршок маладым людзям займацца творчасцю. Як заявіў Марк Морыял, былы мэр Новага Арлеану, адзін з лідэраў руху за правы афраамерыканцаў, падчас спантаннага мітынгу ў гонар нябожчыка: “Ён (Джэксан) зрабіў у музыцы тое, што Барак Абама — у палітыцы.
Яшчэ адзін цікавы нюанс: Джэксан, які сышоў у вялікі шоу-бізнес, адчыніў для афраамерыканскіх музыкаў прастор, даказаў ім, што трэба эксперыментаваць, а не заставацца ў рамках і стандартах традыцый чорнай музыкі.
І нарэшце, ёсць меркаванне, што Джэксан абсалютна не цураўся ўдзелу ў руху чорных. Невядомай старонкай жыцця Майкла ёсць ягоныя кантакты з радыкальнымі чорнымі фундаменталістамі з арганізацыі “Нацыя ісламу. Кантакты адбываліся ў 2003 годзе, літаральна адразу пасля таго, як Майкла абвінавацілі ў педафіліі.
Дарэчы, групоўка выступае за стварэнне асобнай ісламскай дзяржавы для афраамерыканцаў. Дасюль невядома: ці то артыст першым пайшоў на кантакт з фундаменталістамі, ці яны самі выйшлі на яго. Вядома толькі, што нейкі час іх адносіны былі вельмі шчыльнымі. Прэса нават пісала, што Джэксан збіраецца перадаць Луісу Фарахану, кіраўніку арганізацыі, права распараджацца сваімі капіталамі.
Сёння некаторыя выданні пішуць, што, магчыма, занадта блізкія адносіны з радыкаламі і былі прычынай смерці спевака.