Манумент Назарбаеву
Цікавую рэакцыю выклікала ў казахскім грамадстве рашэнне сталічнага Саюза будаўнікоў Казахстана ўнесці карэктывы ў выгляд манумента «Казак Елі» (Казахская зямля). Ён
павінен быць дапоўнены новымі дэталямі, у тым ліку барэльефам «Адзінства», у цэнтры якога скульптары плануюць паставіць фігуру цяперашняга прэзідэнта краіны Нурсултана
Назарбаева.
Помнік «Казахская зямля» быў адчынены на дзесяцігоддзе пераносу сталіцы з Алма-Аты ў Астану. Ён уяўляе сабой калону вышынёй 91 метр з фігурай міфічнай птушкі Самрук на вяршыні.
Цікавую рэакцыю выклікала ў казахскім грамадстве рашэнне сталічнага Саюза будаўнікоў Казахстана ўнесці карэктывы ў выгляд манумента «Казак Елі» (Казахская зямля). Ён
павінен быць дапоўнены новымі дэталямі, у тым ліку барэльефам «Адзінства», у цэнтры якога скульптары плануюць паставіць фігуру цяперашняга прэзідэнта краіны Нурсултана
Назарбаева.
Помнік «Казахская зямля» быў адчынены на дзесяцігоддзе пераносу сталіцы з Алма-Аты ў Астану. Ён уяўляе сабой калону вышынёй 91 метр з фігурай міфічнай птушкі Самрук на вяршыні.
Ідэю новага барэль’ефа ўжо ўхваліў масліхат (гарадская ўлада) Астаны. Увогуле, новых барэльефаў плануецца чатыры: «Мужнасць», «Стварэнне»,
«Будучыня» і скульптурная кампазіцыя «Адзінства». На першых двух, адпаведна, будуць выявы казахскіх ваяроў з часоў легендарных батыраў і стваральнікаў-будаўнікоў,
сталявараў, нафтавікоў. У цэнтры кампазіцыі «Будучае», натуральна, — казахскія дзеці і юнацтва.
Канцэпцыя барэльефа «Адзінства» наступная: у цэнтры фігура Назарбаева, які, паклаўшы руку на канстытуцыю, прымае прысягу. За ім — маса фігур, што сімвалізуюць казахскую
нацыю. Над усёй групай лятаюць ластаўкі — сімвалы міру, згоды і сяброўства (так тлумачаць аўтары праекту).
Сакратар масліхата Уладзімір Рэдкакашын на спецыяльнай прэс-канферэнцыі заклікаў не ўспрымаць ідэю айцоў горада як праяву культу асобы Назарбаева.
«Я б хацеў падкрэсліць, што мы ставім помнік не нейкай асобнай персоне, — заявіў ён. — Тыя барэльефы, пра якія ідзе гаворка, у поўнай ступені адлюстроўваюць ідэю нашай
дзяржавы. Помнік ставіцца ўсяму народу, ягонаму адзінству, ягоным планам на будучыню і яго развіццю. Гэта я б хацеў найперш падкрэсліць. У агульным плане манумент толькі выйграе. Вельмі сімвалічна і
вельмі цудоўна, што нашы масткі прынялі падобнае рашэнне — не рабіць асобны помнік кіраўніку краіны, аднак у той жа час вызначыць яго як будаўніка дзяржавы, гаранта канстытуцыі. Цудоўна, што
ў гэтай кампазіцыі будзе такі галоўны барэльеф».
Аднак без скандалу не абышлося. Прычым нездаровую цікавасць да праекту прыцягнулі не апазіцыянеры, а менавіта чыноўнікі. Зараз толькі лянівы супрацоўнік вертыкалі не захапляецца геніяльнай ідэяй
помніка.
Мырзатай Джалдасбекаў, дырэктар прэзідэнцкага цэнтра культуры, лічыць: «Мы ўсе — сведкі подзвігу мужнасці і арганізатарскіх здольнасцяў Нурсултана Абішэвіча Назарбаева як
прэзідэнта. Упершыню ў гісторыі дзяржаву Рэспубліка Казахстан стварыў Нурсултан Назарбаеў. І літаральна за 18 год ператварыў яе ў моцнае эканамічнае фармаванне, якое прызнана міжнароднай супольнасцю.
Манумент — гэта сімвал дзяржаўнасці, аднак я думаю, што адначасова сімвалам нашай дзяржаўнасці з’яўляецца асабіста сам прэзідэнт, наш шаноўны Нурсултан Абішэвіч
Назарбаеў».
Асаблівасць Казахстана ў тым, што нават апазіцыйныя партыі не рызыкнулі аспрэчваць супярэчлівы праект манумента. Ніхто не хоча мець праблем з уладамі. Галоўнымі крытыкамі рэканструкцыі
«Казак Елі» стала фракцыя гісторыкаў-нацыяналістаў, якія аспрэчваюць статус Назарбаева як бацькі казахскай дзяржаўнасці.
Праблема ў тым, што ў 1917–1918 гадах у Казахстане дзейнічаў нацыяналістычны ўрад Алаш-Арды, лідэрам якога быў Аліхан Букейханаў (Букейхан). І хаця Букейханаў не з’яўляўся
прэзідэнтам, а Казахстан на той час заставаўся ў рамках аўтаноміі, аднак элементы казахскай дзяржаўнасці аспрэчваць цяжка. Дададзім, што ў адрозненні ад Назарбаева, які пачынаў як камуніст, а цяпер
называе сябе нацыяналістам, Букейханаў быў чалавекам прынцыпаў. Ён прайшоў праз турмы і высылкі, змагаючыся за свае ідэі, і ўрэшце паплаціўся за іх жыццём у часы сталінскіх рэпрэсій.
Другая вельмі цікавая асоба, якая заслугоўвае ўвагі, — Мустафа Шакай, дэпутат дзяржаўнай думы Расіі, лідэр туркменскай аўтаноміі (спроба стварэння ў 1917 годзе адзінай дзяржавы ў Цэнтральнай
Азіі), ідэолаг тюркскага руху народаў былой Расійскай Імперыі, публіцыст. У 1942 годзе немцы прапанавалі яму стварыць Туркестанскі легіён, аднак пабачыўшы, як утрымліваюць савецкіх салдат у палоне,
той адмовіўся. Праз некаторы час ён памёр у берлінскім шпіталі. Не выключана, што не абышлося без дапамогі нямецкіх спецслужбаў.
Афіцыйнае стаўленне казахскіх уладаў да Букейханава і Шакая на першы погляд пазітыўнае. Яны рэабілітаваны, пра іх здымаюцца фільмы, іхнімі імёнамі названы вуліцы. Аднак пальму лідэрства ў стварэнні і
будаўніцтва казахскай дзяржавы Назарбаеў не аддае.
Пры гэтым ён часам паводзіць сябе не як патрыёт, а як перакананы камуніст, які ўзяўся выконваць ролю казахскага лідэра не па сваёй волі. Назарбаеў неяк падкрэсліваў, што да 1991 года дзяржаўнасці ў
казахаў не было, зрэшты, і межаў таксама. Падобныя заявы выклікалі шок у асяроддзі нацыяналістаў, паколькі гэты тэзіс фактычна паўтарыў канцэпцыю Аляксандра Салжаніцына з яго працы «Як нам
адбудаваць Расію» (1990). Аўтар «Архіпелагу Гулаг» пісаў пра адсутнасць у казахаў традыцый дзяржаўнасці, і на той падставе патрабаваў перадачы Расіі пяці паўночных абласцей
краіны. Падобную ідэю прапагандаваў у свой час і Жырыноўскі.
Адзін з нацыяналістаў нават патрабаваў прыцягнуць Назарбаева да судовай адказнасці за адмаўлення існавання казахскай дзяржавы ў цяперашніх межах. Натуральна, пракуратура яго заяву не прыняла. Больш
за тое, распачала супраць яго справу за знявагу гонару прэзідэнта, па якой ён і быў асуджаны на два гады.
Што да казахскага грамадства, то яно, калі глядзець інтэрнэт-форумы, таксама не ў захапленні ад ідэі ўсталявання помніка Назарбаеву.
Прычыны дзве. Першая — казахі баяцца, што адкрыццё манумента Назарбаеву стане пачаткам «туркменізацыі» краіны (стварэння культу асобы па мадэлі Туркменбашы). Другая
— гэта сацыяльна-эканамічная сітуацыя, на фоне якой улады пачалі рэканструкцыю манументу. Казахская гаспадарка таксама стала ахвярай крызісу. І кідаць грошы ў такі час на нейкія манументы
падаецца не вельмі лагічным. «Будаваць помнікі, калі масліхат у гэтым годзе скараціў колькасць месцаў у дзяржаўных дзіцячых садках да 200, а ў мінулым іх было 400?» — з
абурэннем пытаецца адзін з карыстальнікаў інтэрнэту.
Праўда, далей дулі ў кішэні справа не заходзіць. Нават самыя радыкальныя выказванні на форумах не заклікаюць да канкрэтных акцый пратэстаў. Так што помнік прэзідэнту ў Астане, хутчэй за ўсё, будзе,
калі сам Нурсултан не захоча згуляць у дэмакрата. Аднак у гэта мала верыцца. Трэба ўзгадаць, што ў Астане ўжо працуе музей першага прэзідэнта і заснаваны ордэн «Нурсултан Назарбаеў
— Першы прэзідэнт Рэспублікі Казахстан».