Масавае забойства адбылося ў Нігерыі на свята каталіцкай Пяцідзясятніцы
Паводле паведамленняў СМІ, па меншай меры 50 чалавек, у тым ліку дзяцей, былі забітыя падчас нападу на каталіцкую царкву Святога Францыска ў горадзе Ова, якое адбылося падчас нядзельнай імшы, калі вернікі адзначалі хрысціянскае свята Пяцідзясятніцы. Паліцыя яшчэ не апублікавала звесткі пра колькасць загінулых.
Баевікі напалі на каталіцкую царкву на паўднёвым захадзе Нігерыі падчас нядзельнай імшы, у выніку чаго загінулі па меншай меры 50 чалавек, у тым ліку жанчын і дзяцей.
Яны стралялі ў людзей звонку і ўнутры будынка царквы.
«Яны адразу ж увайшлі і пачалі страляць паўсюль, так шмат людзей», — расказвае Алекс Майкл, які быў паранены ў нагу, калі абараняў сваіх дзяцей і хаваў іх пад крэсламі.
Доктар Сэмюэль Алука, рэгістратар бальніцы, сказаў, што 27 дарослых пацярпелых атрымліваюць лячэнне ад шырокага спектру траўм, некаторыя з якіх небяспечныя для жыцця. Адна жанчына страціла абедзве нагі.
Медыцынскі дырэктар доктар Ахмед Ласу таксама паведаміў, што 13 дзяцей былі тэрмінова дастаўленыя ў бальніцу, двое з якіх памерлі па прыбыцці.
Ова размешчаны ў штаце Онда на паўднёвым-захадзе Нігерыі, у той частцы краіны, дзе звычайна не адбываецца гвалтоўных канфліктаў з-за рэлігіі. Улады нічога не гавораць пра асобы або матывы нападнікаў.
Каталіцкі біскуп дыяцэзіі Онда Джуд Аёдэджы Арогундадэ апісаў сцэну крывавай бойні пасля нападу.
«Гэта было за межамі таго, што я калі-небудзь мог сабе ўявіць. Шмат целаў проста там, у царкве, скрываўленых целаў», — сказаў ён.
Многія крамы ў горадзе застаюцца зачыненымі. Сілы бяспекі патрулююць, у тым ліку і на верталётах.
Паўднёва-Заходняя Нігерыя з'яўляецца радзімай этнічнай групы ёруба, якая прыкладна пароўну падзеленая паміж мусульманамі і хрысціянамі. Канфліктаў паміж імі не заўважалася.
Жыхар Ова сказаў, што некаторыя мясцовыя жыхары абвінавачваюць у разні ў царкве членаў этнічнай групы хаўса-фульбе, якія з'яўляюцца пераважна мусульманамі і жывуць у асноўным на поўначы Нігерыі, з суполкамі ў іншых рэгіёнах.
Ні паліцыя, ні дзяржаўныя ўлады не абвінавацілі ані адну групу.
У апошнія гады пачасціліся ўспышкі гвалту паміж пастухамі з фульбе, якія шукаюць зямлю для выпасу сваёй жывёлы, і фермерамі з іншых этнічных груп, якія імкнуцца абараніць свае землі.
Рост насельніцтва і засушлівасць на поўначы Нігерыі з'яўляюцца аднымі з фактараў, якія прымушаюць жывёлагадоўцаў фульбе прасоўвацца ўсё далей і далей на поўдзень, узмацняючы напружанасць з-за землекарыстання.
Паводле «Reuters».