Дзмітрый Баскаў: «Абвінавачанні ў забойстве Бандарэнкі не маюць пацвярджэнняў»

Член Савета Рэспублікі і былы старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў сказаў, што абвінавачанні ў яго датычнасці да забойства Рамана Бандарэнкі беспадстаўныя і не маюць «ні юрыдычнага, ні нейкага іншага пацвярджэння». Гэта прагучала ў праграме «Скажинемолчи» на «Беларусь 1».

_djpvc.jpg


Паводле яго слоў, рашэнне пакінуць Федэрацыю хакея Беларусі было «спантанным, але вымушаным».
«Таму што дысцыплінарны камітэт Міжнароднай федэрацыі хакея на працягу паўгода спрабаваў расследаваць нейкую там справу ў дачыненні да мяне. На падставе нейкіх незразумелых, нелагічных лістоў ад, зноў жа, незразумелых для мяне нейкіх там фондаў створаных, спартыўных ці там салідарных, я нават не хачу іх наогул называць. Гэта было нечаканым для мяне, таму што я ўсё ж такі думаў, што здаровы сэнс пераможа і тыя неабгрунтаваныя абвінавачанні, якія былі ў мой адрас ад гэтых фондаў альбо кагосьці там яшчэ, — яны былі абсалютна беспадстаўнымі. Гэта значыць, я выступаў як нармальны грамадзянін сваёй краіны, я ездзіў на аўтазабегі, закон не парушаў, і няма аніводнага ні юрыдычнага, ні нейкага іншага пацвярджэння таго, што я рабіў нешта супрацьзаконнае або няправільнае», — заявіў Дзмітрый Баскаў.
Ён расказаў, што быў дыскваліфікаваны, нягледзячы на яго аргументы на сваю карысць падчас відэасувязі з Камітэтам.
«Я ўсё ж такі спадзяваўся, што дысцыплінарны камітэт разбярэцца, у мяне было такое апошняе, скажам так, слова за пару тыдняў да іх рашэння. Я расказваў ім пра тое, што я правёў у хакеі ўсё сваё жыццё, што я бязмерна люблю гэты від спорту, пра тое, што ўсё маё жыццё хакейнае ўжо ў якасці мэнэджэра будавалася на тым, каб развіваць гэты від спорту», — расказаў Баскаў.
«Але калі я даведаўся, што ў дачыненні да мяне прынятая дыскваліфікацыя на пяць гадоў, цалкам адлучэнне ад хакея... першае маё жаданне і эмацыйная такая просьба была... Ну калі вы не хочаце, каб я кіраваў хакеем у нашай краіне, дайце мне магчымасць проста працаваць. Я папрасіў, каб мне далі такі дазвол быць простым дзіцячым трэнерам, я хацеў вярнуцца ў сваю дынамаўскую школу, якой прысвяціў вельмі шмат гадоў. (...) На што яны мне сказалі, што ніякай працы ў хакеі быць не павінна. Ніякай», — сказаў ён.
Дзмітрый Баскаў трапіў пад санкцыі Еўрасаюза. Летась Міжнародная федэрацыя хакея дыскваліфікавала яго на пяць гадоў. Раней СМІ пісалі, што Баскаў прысутнічаў на «Плошчы Перамен» у дзень, калі быў забітыРаман Бандарэнка. Пасля дыскваліфікацыі Баскаў сышоў з пасады кіраўніка Беларускай хакейнай федэрацыі, ён таксама пазбавіўся месца ў Савеце дырэктараў КХЛ.
У 2020 годзе дысцыплінарная камісія Міжнароднай федэрацыі хакея пачала расследаванне ў дачыненні да кіраўніка Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава. Расследаванне было звязанае з магчымай прысутнасцю Баскава на «Плошчы Перамен» у вечар, калі невядомыя збілі і пагрузілі Рамана Бандарэнку ў мікрааўтобус. Бандарэнка з цяжкай ЧМТ памёр на наступны дзень. Відавочцы звярнулі ўвагу, што ў кампаніі людзей, якія прыехалі ў двор здымаць стужкі, былі людзі, падобныя да Дзмітрыя Баскава і байца Дзмітрыя Шакуты. Пазней у сеціва трапіла тэлефонная размова паміж, як сцвярджаецца, Баскавым і Шакутам, у якой яны абмяркоўваюць збіццё Рамана, а таксама, як мяркуецца, паміж Баскавым і прэс-сакратаркай Лукашэнкі Наталляй Эйсмант, у якой яны плануюць рэйд па раёнах для зразання стужачак.
Справа так і не была расследаваная, а вінаватыя не панеслі аніякага пакарання, нягледзячы на асабістыя запэўніванні Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле reform.by.