Монтэ-Крыста супраць Саакашвілі

Палітычны пейзаж Грузіі змяніўся пасля таго, як мільярдэр Бідзіна (Барыс) Іванішвілі кінуў выклік рэжыму Міхаіла Саакашвілі. Пра тое, наколькі гэта сур’ёзная пагроза для прэзідэнта Грузіі, журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з грузінскім журналістам Іракліем Амірэджыбі.

— Чаму вакол Бідзіны Іванішвілі такі арэол загадкавасці і сакрэтнасці?



5446f217e9504bc593ad9dcf2ec88dda.jpg

Палітычны пейзаж Грузіі змяніўся пасля таго, як мільярдэр Бідзіна (Барыс) Іванішвілі кінуў выклік рэжыму Міхаіла Саакашвілі. Пра тое, наколькі гэта сур’ёзная пагроза для прэзідэнта Грузіі, журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з грузінскім журналістам Іракліем Амірэджыбі.
— Чаму вакол Бідзіны Іванішвілі такі арэол загадкавасці і сакрэтнасці?
— Абумоўлена гэта тым, што шматлікія гады Іванішвілі з’яўляўся фігурай легендарнай, паколькі вёў амаль зачынены лад жыцця. З яго біяграфіі шырокай грамадскасці было вядома толькі тое, што напачатку 1970-х ён, хлопец з беднай сельскай сям’і, прыехаў у Тбілісі, уладкаваўся працаваць на завод і паступіў на вячэрняе аддзяленне аднаго з факультэтаў універсітэта. У гады перабудовы падаўся ў Маскву і разбагацеў. Заснаваў у Тбілісі банк, кампанію і дабрачынны фонд. Пры гэтым сам Іванішвілі на людзях амаль не з’яўляецца. У першыя дні пасля таго, як ён выступіў з палітычнай заявай, тэлеканалы ўвесь час круцілі тры-чатыры кадры з ім, што толькі і атрымалася раскапаць у архівах. Таксама малавядома, чым насамрэч займаецца яго кампанія. Аднак грошы там круцяцца вялікія. У спісе «Форбс» Іванішвілі займае 25-е месца. Яго капітал ацэньваецца ў 5,5 мільярда долараў. Ён актыўна займаўся дабрачыннасцю. Толькі ў 2005–2010 гадах на гэтыя мэты было выдаткавана каля 700 мільёнаў долараў. Многія дзеячы навукі і культуры атрымлівалі штомесячную фінансавую дапамогу, якую празвалі ў народзе “пенсіяй Іванішвілі. Так узнікла казка пра добрага і таямнічага мецэната. Нешта накшталт байкі пра графа Монтэ-Крыста.
— Як складаліся адносіны мільянера з камандай Саакашвілі?
— Было вядома, што напачатку ён ставіўся вельмі добра да Саакашвілі і яго асяроддзя, верыў у тое, што аўтары “рэвалюцыі руж кіруюцца добрымі намерамі і дапамагаў ім як мог. Так працягвалася да восені 2007-га. Пасля жорсткай расправы з дэманстрантамі і разгрому тэлекампаніі “Імедзі, якая належала сябру Бідзіны, паміж ім і Саакашвілі адбыўся разлад. Іванішвілі з’ехаў у родную вёску, дзе жыў амаль бязвыезна, займаючыся сельскай гаспадаркай. Усе спробы Саакашвілі наладзіць кантакты з ім нічым не заканчваліся. Калі меркаваць па двух лістах, якія мільярдэр напісаў для грамадскасці, на вёсцы ён прыняў рашэнне падацца ў палітыку. Прыняць рашэнне пра ўступленне ў палітыку, па словах Іванішвілі, яго вымусілі “татальная манапалізацыя ўлады прэзідэнтам Саакашвілі.
За якія змены выступае мільярдэр?
— Можна вылучыць некалькі ключавых момантаў: усталяванне ў краіне добрага інвестыцыйнага клімату, стварэнне такой колькасці працоўных месцаў, “каб у Грузіі не засталося ніводнага беспрацоўнага; неадкладныя крокі для ўстанаўлення добрых адносін з Расіяй і адначасовы працяг курсу еўраінтэграцыі і супрацоўніцтва з NАТО, судовая рэформа, дэцэнтралізацыя.
— Гэта тое, пад чым мог бы падпісацца любы ліберал, да якіх належыць і Міхаіл Саакашвілі...
— Падобная рыторыка, сапраўды, блізкая Міхаілу Саакашвілі. Аднак з’яўленне ў апазіцыі багатага чалавека, які зарабіў сабе трывалы імідж “праўдзівага патрыёта стала сенсацыяй. Улады даўно ўжо не мелі такога апанента. Сваю ролю адыграла і неадэкватная рэакцыя Саакашвілі. Іванішвілі і яго жонку пазбавілі грузінскага грамадзянства. У прэсе пачалася кампанія наконт таго, што Іванішвілі — праект Пуціна. Адначасова была здзейснена спроба перакрыць фінансавыя крыніцы Іванішвілі ў Грузіі. Нацыянальны банк Грузіі пачаткаў тэрміновую фінансавую рэвізію ў банку Іванішвілі. Гэта стварыла бізнэсмэну імідж ахвяры і выклікала незвычайную кампанію салідарнасці. На наступны дзень у аддзяленнях банка Іванішвілі, па закліку аднаго з мясцовых паэтаў, узніклі чэргі жадаючых адчыніць рахунак. Прыкладна за тыдзень рахункі адкрылі больш за шэсць тысяч чалавек. Сумы былі часта сімвалічныя — пенсіянеры ўносілі ўсяго па некалькі лары. Тым не менш кампанія з’явілася паказчыкам настрою і надзей грамадскасці на змены.
А Іванішвілі заснаваў грамадскі рух пад назвай “Грузінская мара. Ён спадзяецца атрымаць у новым парламенце, які будзе абраны ў кастрычніку, абсалютную (кваліфікацыйную) большасць, для таго, “каб змяніць канстытуцыю, дамагчыся адстаўкі ўрада і неадкладна пачаць працэдуру імпічменту прэзідэнта.
— Як ставіцца Захад да Іванішвілі?
— 19 кастрычніка 2011 года, на наступны дзень пасля пачатку праверкі банку Іванішвілі, кіраўнікі 18-ці акрэдытаваных у Грузіі дыпламатычных прадстаўніцтваў на чале з амбасадарам ЗША з’явіліся з візітам у рэзідэнцыю мільярдэра. Гэта адразу астудзіла людзей Саакашвілі. Так, была прыпыненая праверка рахункаў банку. Візіт дыпламатаў быў хутчэй дэманстратыўным актам пратэсту супраць палітычных рэпрэсій. Нават для грузін, не кажучы пра іншаземцаў, Іванішвілі — загадка. Ён ніколі не выступаў публічна, не рабіў заяў. Насельніцтва не ведае, што ён за чалавек, чаго жадае.
— Ці ёсць нейкая рэакцыя на ініцыятыву Іванішвілі ў Расіі?
— Асноўны капітал Іванішвілі знаходзіцца ў Расіі, і краіна можа выкарыстоўваць гэта як спосаб уздзеяння на бізнэсмэна. Аднак наўрад ці Масква будзе адкрыта падтрымліваць Грузінскую мару. А вось шматлікія расійскія выданні яму сапраўды сімпатызуюць. Магчыма, гэта звязана з яго меркаваннем пра тое, што вайну ў Паўднёвай Асеціі ў 2008-м пачала Грузія.
— Ці гатовая старая апазіцыя аб’яднацца вакол фігуры Іванішвілі?
— Лейбарысты кажуць, што Грузінская мара — гэта персанальны клаваны праект алігарха. Яны звяртаюць увагу на тое, што ўсе рашэнні прымаюцца фактычна на ўзроўні сямейных пасядзелак. Так, вырашана, што партыю павядзе на выбары жонка мільярдэра. Ёй, дарэчы, суд вярнуў грузінскі пашпарт. Называюцца яшчэ некалькі прозвішчаў блізкіх і родных Іванішвілі, якія зоймуць важныя пасады ў арганізацыі. Затое Грузінскую мару падтрымалі рэспубліканцы і свабодныя дэмакраты.
— Як могуць развівацца падзеі?
— Складваецца ўражанне, што ўлада знаходзіцца ў нейкай разгубленасці. Апрабаваныя метады падаўлення праяў незадаволенасці і расправы з іншадумцамі — прамыванне мазгоў, падачкі, шантаж і запалохванне — у цяперашняй сітуацыі апынуліся неэфектыўнымі. Мяркую, што ў арсенале нацыяналаў (Нацыянальны грузінскі рух — партыя Саакашвілі) з’явіцца штосьці новае. Можна, напрыклад, згадаць новы, прыняты 28 снежня Выбарчы кодэкс. Закон накіраваны супраць чорных партыйных бухгалтэрый і павінен абмежаваць магчымасць Іванішвілі фінансаваць сваю партыю. Аднак, відавочна, што распачаты працэс стварэння новага цэнтру апазіцыі, гэтым пакуль не спыніць. Праўда, наконт таго, што Іванішвілі стане адзіным кандыдатам апазіцыі, ужо можна спрачацца. З кожным днём свайго знаходжання ў публічнай палітыкі мільярдэр губляе былы імідж. Ужо зараз за 3 месяца палітычнай актыўнасці ён сапсаваў адносіны з некаторымі палітыкамі, палітолагамі і СМІ. Яго сапраўды любілі як мецэната, але гэта не кажа пра тое, што яго абавязкова палюбяць як палітычнага лідара.