Настаўнік з Даніі напісаў казку пра ВКЛ. На заробленыя грошы створыць прытулак для беларускіх мастакоў

Княства пад бел-чырвона-белым сцягам» — так называецца казка, якую выдаў Мікаэль Нільсэн, 37-гадовы настаўнік з Даніі. Натхнёны беларускай рэчаіснасцю, ён напісаў казку пра краіну, якая вельмі нагадвае Беларусь.



0124_420x236.jpg

Мяне натхнілі гісторыі беларускіх актывістаў

Нільсэн нарадзіўся ў 1978 годзе ў Капенгагене. Скончыў унівэрсітэт у горадзе Роскіле і настаўніцкі каледж. З сярэдзіны 1990-х быў актыўным сябрам Сацыял-дэмакратычнай парты Даніі і нават узначальваў гарадскую арганізацыю Капенгагена.

budzma.by__wp_content_uplo_f95943e8b5400d8fcc706bc3cea1846f.jpeg

Мікаэль Нільсэн

У 2005 годзе Нільсэн трапіў у Вільню, дзе праходзіў лагер для актывістаў беларускіх НДА. Ад іх ён даведаўся пра цяжкія ўмовы, у якіх вымушаныя працаваць недзяржаўныя грамадскія арганізацыі.

«Гісторыі актывістаў, якіх збівалі за іхнюю дзейнасць, выганялі з універсітэтаў, зрабілі вялікае ўражанне на мяне, — сказаў Нільсэн Свабодзе. — Як сацыял-дэмакрат я хацеў быць салідарным з людзьмі, якія змагаюцца за сваю свабоду і дэмакратыю».

Уражаны Нільсэн вырашыў адысці ад мясцовых спраў і заняцца працай з беларускімі НДА.

«З маім досведам працы ў НДА я падумаў, што буду больш карысны для Беларусі, чым для Даніі, — кажа Нільсэн. — Чым раздаваць улёткі ў цэнтры Капенгагена, лепш кансультаваць беларускіх актывістаў: гэта дасць большы плён».

Выручку ад кніг датчанін пусціць на мастацкі прытулак для беларусаў

Працуючы настаўнікам дацкай, ангельскай і нямецкай моваў, а таксама музыкі і гісторыі ў мястэчку Харлеў (Hårlev) за 60 км ад Капенгагена, Нільсэн напісаў і выдаў у электронным фармаце казку пад назвай «Княства пад бел-чырвона-белым сцягам». У кнізе апісваецца гісторыя Беларусі, дзе «міралюбны народ крочыць камяністым шляхам да дэмакратыі».

«Я напісаў казку, у першую чаргу, каб натхніць мастакоў і творчых людзей з Беларусі на стварэнне мастацтва, якое дапаможа развіццю дэмакратыі».

Жанр казкі Нільсэн абраў дзеля таго, каб чытаць маглі і дарослыя, і дзеці.

«У казцы я магу быць больш паэтычным і вольным — тут ня трэба казаць пра пэўныя даты і дэталі гісторыі, якія зрабілі б кнігу больш сумнай і менш натхняльнай».

budzma.by__wp_content_uplo_d0d90072525d6609bd023c0adfe0c3fc.jpeg

«Княства пад бел-чырвона-белым сцягам» — першая самастойная публікацыя Нільсэна. Кошт кнігі на сайце — 3 эўра для беларусаў і 6 эўра для жыхароў Заходняй Еўропы (Нільсэн лічыць, што еўрапейцы мусяць плаціць больш дзеля салідарнасці). Заробленыя грошы датчанін хоча патраціць на стварэнне мастацкага прытулку для беларусаў.

«Такія месцы я бачыў у Даніі, — кажа Нільсэн. — Туды прыяжджаюць мастакі і пісьменнікі, каб атрымаць натхненьне й у спакойных умовах пісаць свае творы. Яны туды прыяжджаюць за вельмі малыя грошы ці зусім задарма».

Падобнае месца Нільсэн хацеў бы стварыць каля мястэчка, дзе ён цяпер працуе. Ён адмыслова пераехаў сюды з Капенгагена, дзе працаваў яшчэ сёлета.

«Набываючы кнігу, людзі ўкладаюць у будучае дэмакратычнае мастацтва, — кажа Нільсэн. — А гэта, у сваю чаргу, паўплывае на змены ў беларускім грамадстве».

budzma.by__wp_content_uplo_d301fe32f12f42789552070a34fdc065.jpeg

Прыеду ў Беларусь, калі зменіцца ўлада

Нільсэн цяпер цікавіцца грамадска-палітычным жыццём Беларусі больш, чым роднай Даніяй. Але ў масе сваёй датчане ведаюць пра Беларусь не так шмат. Толькі з 2006 году там пачалі ўзгадваць Беларусь у СМІ, бо тады вялікая дэлегацыя назіральнікаў рушыла на прэзідэнцкія выбары.

«Я думаю, што добрая частка насельніцтва Даніі ведае, што Беларусь існуе, што яна кіруецца дыктарам Лукашэнкам, — кажа Нільсэн. — Таксама датчане думаюць, што беларусы жывуць у такіх самых дрэнных умовах, як і расіяне ці ўкраінцы. Але не больш».

Яшчэ часцей пра Беларусь сталі пісаць у Даніі пасля апошняга Майдану ў Кіеве.

Сам Нільсэн быў у Беларусі толькі аднойчы — увосень 2005 году. Калі ж паспрабаваў прыехаць у Беларусь на наступны год, напярэдадні выбараў, яму адмовілі ва ўездзе.

«Я думаю, КДБ зрабіў мяне пэрсонай нон-грата, — кажа Нільсэн. — Таму мне давялося каардынаваць дацкіх назіральнікаў і журналістаў з Вільні».

З таго часу Нільсэн не прыяжджаў у Беларусь. Наведаць краіну ён плануе, толькі калі тут зменіцца ўлада.

АТ, Радыё Свабода