Настырныя Кенэдзі. Дасье ў карыкатурах
Роберт Кенэдзі (малодшы пляменнік забітага прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі) 19 красавіка падаў заяўку на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2024 года ад дэмакратаў. Гэта чарговая спроба прадстаўніка, напэўна, самай вядомай палітычнай дынастыі ў ЗША вярнуцца ў Белы дом.
Наогул родапачынальнікам дынастыі Кенэдзі лічыцца Патрык Кенэдзі, які жыў у XIX стагоддзі. Але ў прынцыпе большасць людзей вядзе радавод ад Джона Кенэдзі — 35-га прэзідэнта ЗША, які быў забіты ў 1963-м.
Мусіць, кожны чалавек у свеце чуў гэтае прозвішча. У гонар 35-га прэзідэнта Амерыкі названа вялізная колькасць вуліц і ўстаноў Злучаных Штатаў. А само забойства Джона Кенэдзі да гэтага часу прыцягвае ўвагу даследчыкаў.
Не дзіўна, што персанаж Кенэдзі часта з'яўляецца ў сучасных карыкатурах. Напрыклад, на карыкатуры мастака Піцера Шранка (уверсе) Кенэдзі перафразуе сваю вядомую фразу: «Не пытайся, што твая краіна можа зрабіць для цябе. Спытай сябе, што ты можаш зрабіць для яе». У новым варыянце Кенэдзі заклікае амерыканцаў «спытаць у сябе — як Дональд Трамп мог трапіць у Белы Дом?»
Варта адзначыць, што сваім пазітыўным шармам Джон Кенэдзі шмат у чым абавязаны сваёй жонцы Жаклін Кенедзі — першай лэдзі ЗША з 1961 па 1963 год. Яна была адной з самых папулярных жанчын свайго часу, заканадаўцай моды, гераіняй свецкай хронікі. Акрамя таго, яна перабудавала Белы Дом.
Папулярнасць Жаклін таксама дапамагала адміністрацыі Кенэдзі — адцягвала ўвагу прэсы ад відавочных правалаў мужа. Гэты аспект арыгінальна падкрэсліў карыкатурыст Дэйв Грубер. На яго малюнку Жаклін дэкарыруе сцяну ў Белым Доме, на якой намаляваны графіці пра самыя вядомыя палітычныя скандалы часоў прэзідэнцтва Джона Кенэдзі.
Пасля забойства Джона Кенэдзі ўсе позіркі былі звернутыя на яго брата Роберта Кенэдзі, які займаў пасаду генпракурора. Бобі заўсёды падтрымліваў нябожчыка-брата ў яго палітычнай дзейнасці. У 1968 годзе ён вырашыў прыняць удзел у прэзідэнцкай гонцы і працягнуць яго справу. Аднак смерць брата моцна змяніла Роберта і паўплывала на яго палітычную пазіцыю. На выбары ён пайшоў як рамантык-ідэаліст. У яго прамовах гучалі выказванні аб пабудове грамадства, заснаванага на маральных прынцыпах.
Пакуль эксперты спрачаліся, ці можа Роберт Кенэдзі перамагчы з такой позвай, здарылася трагедыя. 5 чэрвеня 1968 года Роберт Кенэдзі быў смяротна паранены стрэлам палестынскага тэрарыста ў адным з гатэляў Лос-Анджэлеса. На наступны дзень, 6 чэрвеня, ён памёр, застаўшыся ў памяці амерыканцаў палітыкам, які вельмі хацеў стаць выразнікам думак як мага больш людзей. Што, уласна, ілюструюць прысвечаныя Роберту малюнкі. Малюнак з рэсурсу Political Cartoonsartoons.
Наступным з сямейства Кенэдзі, хто паспрабаваў вярнуцца ў Авальны кабінет, стаў Эдвард Кенэдзі — яшчэ адзін брат Джона Ф. Кенэдзі. Ён балатаваўся ў 1980 годзе на прэзідэнцкіх праймерыз сярод дэмакратаў, але прайграў Джымі Картэру.
У многім перспектывы Эдварда падкасіў загадкавы інцыдэнт на востраве Чаппаквідык. Увечары 18 ліпеня 1969 года Кенэдзі (ён быў на той час сенатарам) знаходзіўся там на вечарынцы, якую пакінуў разам з адной з удзельніц. Праязджаючы па мосце, Эдвард не справіўся з кіраваннем, і яго машына ўпала ў ваду. Эдвард здолеў выратавацца, пакінуўшы дзяўчыну ў затопленай машыне. Пасля чаго прызнаў сябе вінаватым па абвінавачанні ў тым, што пакінуў месца здарэння, і атрымаў двухмесячны ўмоўны тэрмін.
Гэты інцыдэнт і яго наступствы (чуткі пра тое, што дзяўчына была палюбоўніцай палітыка, ад якой ён хацеў пазбавіцца) відавочна перашкодзілі яго шанцам стаць прэзідэнтам. Праціўнікі Эдварда ахвотна выяўлялі яго як забойцу і гвалтаўніка, што можна пабачыць на карыкатурах у час кампаніі 1980 года.
І вось на гарызонце чарговы Кенэдзі, які вырашыў стаць гаспадаром Белага Дома. Дзейнаму прэзідэнту Джо Байдэну кінуў выклік Роберт Кенэдзі-малодшы.
Амерыканскія СМІ пакуль скептычна ацэньваюць шанцы Роберта выйграць намінацыю кандыдата у прэзідэнты ад дэмпартыі ў Байдэна. Роберт Кенэдзі-малодшы вядомы як праціўнік вакцынацыі (любімая фішка многіх рэспубліканцаў) і прафан у гісторыі (ён назваў Ганну Франк ураджэнкай Германіі). Паводле звестак новага нацыянальнага апытання, толькі 14% прыхільнікаў дэмакратаў гатовы падтрымаць Кенэдзі ў 2024 годзе.
Але не варта загадзя лічыць Роберта прайгралым. У яго ёсць імя, ёсць уплыў як мінімум у сваім штаце Масачусэтс, ёсць уплывовыя знаёмыя і сувязі ў Вашынгтоне. На яго карысць не вельмі высокі рэйтынг Байдэна. І, нарэшце, у яго ёсць такі джокер, як усенародная любоў на адрас Джона і Роберта Кенэдзі. На думку карыкатурыста Бено Сарсана, на спадчыне братоў-нябожчыкаў наваяўлены кандыдат і будзе рабіць стаўку.
Чаго толькі не здаралася з сябрамі клана Кенэдзі за апошнія прыкладна 70 гадоў: смерць наступала ў выніку авіякатастроф, аварый, замахаў, перадазіровак наркотыкамі, катанні на лыжах, хірургічных аперацый і гэтак далей. Спіс такі вялізны, што аматары гумару, безумоўна, не маглі прайсці міма. На гэтай фотажабе прадстаўнік сям'і Кенэдзі хаваецца ад забойцы па імені «жыццё».
Застаецца спадзявацца, што «праклён Кенэдзі» сябе не праявіць, і мы станем сведкам цікавых выбараў, чые вынікі, дарэчы, з прычыны статусу ЗША ў свеце, безумоўна, паўплываюць і на беларускія рэаліі.