Навукоўцы параўналі рызыкі паўторнага заражэння «Амікронам» і «Дэльтай»

Навукоўцы: рызыка паўторнага заражэння пры амікрон-штаме ў пяць разоў вышэйшая, чым пры «Дэльце». А поўны курс вакцынацыі ад каронавіруса можа абараніць ад заражэння «Амікронам» толькі ў 20% выпадкаў, korrespondent.net.

2693601.jpg

Фота: Getty Images

Верагоднасць паўторнага заражэння тых, хто ўжо перахварэў каронавіруснай інфекцыяй, ва ўмовах распаўсюджання новага штаму «Амікрон» у пяць разоў вышэйшая, чым пры дэльта-варыянце. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з Імперскага каледжа Лондана. Гэта вынікі даследавання эпідэміёлагаў, праведзенага з 29 лістапада па 11 снежня, заснаваныя на даных Агенцтва па бяспецы ў галіне аховы здароўя Брытаніі і Нацыянальнай службы аховы здароўя.

Паводле навукоўцаў, імунітэт да COVID-19 у перахварэлых пры штаме «Дэльта» быў здольны на працягу паўгода абараніць ад паўторнага заражэння ў 85 % выпадкаў. Ва ўмовах распаўсюджання «Амікрона» паказчык знізіўся да 19 %.

Аўтары даследавання пішуць, што поўны курс вакцынацыі ад каронавіруса можа абараніць ад заражэння «Амікронам» толькі ў 20 % выпадкаў. Пасля бустэрнай прышчэпкі гэты паказчык узрастае да 55-80 %. У выпрабаваннях удзельнічала вакцына Pfizer-BioNTech.

Як кажа прафесар Ніл Фергюсан, які кіраваў даследаваннем, яно даказвае, «наколькі моцна амікрон-штам можа сыходзіць ад абароны імунітэту, атрыманага альбо пасля заражэння, альбо пасля вакцынацыі».

Пра тое, што «Амікрон» можа абыходзіць імунітэт пасля перанесенага чалавекам COVID-19 (а гэта нясе высокую рызыку паўторнай інфекцыі), таксама заявілі навукоўцы з ПАР. Цяпер на «Амікрон» прыпадае больш за 90 % новых выпадкаў заражэнняў каронавірусам у краіне.

Паводле звестак паўднёваафрыканскага Міністэрства аховы здароўя, «Амікрон» распаўсюджваецца хутчэй за «Дэльту», пры гэтым колькасць шпіталізацыі ў краіне ва ўмовах распаўсюджвання новага штаму знізілася.

Амікрон-штам распаўсюджваецца «надзвычай хутка». Пра гэта заявіла і Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Выпадкі заражэння гэтым штамам на 18 снежня выяўлены ў 89 краінах. Паводле папярэдніх даных СААЗ, «Амікрон» можа зніжаць эфектыўнасць вакцын, але пераносіцца лягчэй, чым дэльта-варыянт.