«Замест лекавання гэты апарат меня ледзь не дакалечыў». Суб'ектыўныя нататкі пра спробу хатняй фізіятэрапіі

Як думкі пра цяперашнія небяспечныя падзеі ў дзяржаве прывялі да прышчэпкі ад каронавіруса і набыцця сумнеўнага апарату для хатняй фізіятэрапіі.

vitafon.jpg


У мінулым годзе давялося адседзець трое сутак у ізалятары за даволі нявінную экскурсію да помніка расстраляным падчас вайны слуцкім габрэям. Але ў «масавых беспарадках» не ўдзельнічала, здаецца, жыві сабе далей спакойна ды не пераймайся. Мая суседка аднойчы пасля прыходу міліцыянтаў да дзвярэй сказала: «Вы ж нічога дрэннага не робіце, навошта яны прыходзілі?» Гэтая жанчына не актыўная, нават пабойвалася паставіць некалі подпіс за рамонт пад'езду, асфальтаванне пляцоўкі для аўтамабіляў, зашкляненне пабітых вокнаў, рамонт зламаных поручняў і г. д. Як кажуць, нідзе не была, нічога не падпісвала, да чыноўнікаў не звярталася, на семінарах не прысутнічала, артыкулаў не пісала, кніг у шафах не мае, яе лядоўню ў адзіночным пікеце не абвінаваціш. Дарэчы, як і маю. Але ж іншае ў мяне ўсё было: скаргі пісала, на судах прысутнічала, нават Выбарчы кодэкс вывучала, у назіраннях нейкіх гадоў пяць таму ўдзельнічала, па-беларуску да гэтага часу размаўляю, нягледзячы на ліквідацыю «Таварыства беларускай мовы». Па цяперашнім часе, «грахоў» за плячыма нямала. Калі ўжо што і забуду з іх, дык слуцкія міліцыянты культурна і ветліва пагрукаюць у дзверы і нагадаюць, што я ў іх на ўліку, што трэба ім узяць ад мяне подпіс у тым, каб я, ужо немаладая грэшніца, не вяла асацыяльнае жыццё і не планавала правапарушэнняў. Калі вось такую паперку я падпісвала дзён 6 таму назад у калідоры ля кватэры ў прысутнасці суседзяў, дык чамусьці ўспомніла, як Гасподзь казаў вінаватай у грахах: «Ідзі і не грашы!» Калі памяць не змяняе, Магдалена перастала. Мне ж «грашыць» ужо нават здароўе не дазваляе — замучвае даволі цяжкая хвароба.
Але ж цяпер і не за дзеянні садзяць... І за нястрыманы малады і старэчы язык, і за нейкі непрыемны каментар — ды мала за што? Ужо калі толькі за тое, што чалавек падпісаўся ў працэсе выбараў за кагосьці, з работы выганяюць — то што тут казаць? Магу падказаць, што можна звальняць з працы яшчэ і тых, хто выбары арганізоўваў і правакаваў такім чынам людзей удзельнічаць у зборы подпісаў ды назіраннях. Не праводзілася б выбарчая кампанія, то ніхто б і не назіраў, у чэргі не выстройваўся.

knihi_5.jpg


Як кажуць, была б справа, а чалавек для яе знойдзецца. Асабліва, калі гэты чалавек яшчэ жывы. Ды нейкую бібліятэку ў хаце мае. Ды яшчэ настаўнікам савецкай гісторыі працаваў. А ў савецкія часы кніжкі ўсё пра рэвалюцыю ды савецкіх і замежных тыранаў прадаваліся. Вось стаю перад сваёй хатняй бібліятэкай, разгублена паглядваю на назвы: «Сустрэнемся на барыкадах, «Яны былі першымі», «Кастрычніцкая рэвалюцыя ці бальшавіцкі пераварот?», «Нерон, кровавый поэт», «Калігула», «Жыццё дванаццаці цэзараў», «Фараон», «Временщики и фаворитки», «Двадцать ступенек вниз», «Узяцце Бастыліі», «Парыжская камуна», «Арыштаваць у Крамлі» і многія другія... А раптам камусьці мае старыя кніжкі зараз небяспечнымі здадуцца, крамольнымі? Вынесці і выкінуць іх ці спаліць, як некалі дзекабрысты спальвалі ва сядзібных печках? А раптам паперкай аб прафілактыцы новага правапарушэння не скончыцца? А раптам за нешта зноў ізалююць? З аўтаімунным захворваннем падчас эпідэміі аказацца непрышчэпленай сярод мноства людзей перспектыва так сабе...
На ўсякі выпадак па рэкамендацыі доктара пачала рабіць кітайскую прышчэпку, як быццам не такую ўжо і шкодную для аўтаімуннага захворвання. Але справа ў тым, што такія хваробы з хворай імуннай сістэмай дактары дасканала не вывучылі і не ведаюць, як адкажа «няправільная імунная сістэма» на спробу яе стымулявання. У маім выпадку нават першая порцыя прышчэпкі дала такую неадэкватную рэакцыю, што рэўматолага здзівіла, а мяне літаральна збіла з ног. Класціся ў бальніцу? Для такіх людзей гэта небяспечна падчас эпідэміі. Атрымаць дадаткова да ўколаў 20 фізіятэрапеўтычных працэдур у паліклініцы, дзе шмат людзей?..
Добрыя людзі падказалі купіць разрэкламаваны хатні апарат для ўльтрагуку «Вітафон» і разам з уколамі здымаць абвастрэнне дома. У інтэрнэце пра яго шмат добрай інфармацыі ад вытворцы, да таго ж такі апарат меўся ў наяўнасці ў адной з слуцкіх крамаў, якая прадае медтэхніку. Але ў маім выпадку «Вітафон» замест лекавання паспрабаваў мяне дакалечыць. Ён выў так, што мазгі і сэрца адмовіліся ахвяраваць сабой дзеля плечукоў і ног. Здаць жа апарат назад на другі дзень пасля пакупкі аказалася няпроста, нягледзячы на адсутнасць у метадычцы-апісанні больш шырокага спектру супрацьпаказанняў, а ў тэхнічных характарыстыках не ўказаны ўзровень гукавой магутнасці. Пасля ўзаемных спрэчак 17 снежня прадавачкі засталіся з запісам у кнігу заўваг і прапаноў, а я пайшла дамоў з ужо непатрэбным навагоднім «падарункам» у 345 рублёў — на памяць аб спробе хатняй фізіятэрапіі.
Вырашыла напісаць вытворцу ў Пецярбург: маўляў, ён не мае рацыі ў тым, што не папярэджвае ў тэхнічных характарыстыках пра пранізлівае выццё з неверагоднымі гукамі (ультрагукавых самалётаў? дзясяткаў сірэн міліцэйскіх машын і «Хуткай дапамогі»?) у дэцыбелах. У асноўных тэхнічных характарыстыках для лядоўняў, дарэчы, такія дэцыбелы ўказваюцца, а ў тэхнічных характарыстыках медыцынскага апарата для лячэння хворых людзей — не!
«Такія гукі могуць збіць сардэчныя рытмы і пашкодзіць галаўны мозг нават здаровым людзям», — распавядала я ў электронным пісьме вытворцу разрэкламаванага апарата вібраакустычнага ўздзеяння «Вітафон — Т». Дарэчы, як высветлілася, такіх здзіўленых, як я, пакупнікоў, шмат аказалася ў інтэрнэце. І наўрад ці хто з іх вырашыў праблему і вярнуў грошы.
У мяне ж атрымалася. Неўзабаве патэлефанавалі з магазіна медтэхнікі і запрасілі назаўтра вярнуць прыбор і забраць грошы. Так і застануся: недалечанай, з цьмянымі перспектывамі непатрэбных цесных камунікацый з людзьмі. І з разуменнем, што нават разрэкламаваная прадукцыя медыцынскай тэхнікі можа кагосьці аздаравіць, а камусьці прынесці вялікую шкоду.