Невядомы Салават

У Башкірыі за экстрэмізм арыштавана група гісторыкаў. Прычына — іншая ад афіцыйнай трактоўка постаці Салавата Юлаева, удзельніка пугачоўскага бунту.

Нагодай для рэпрэсій стаў выхад кнігі уфімскага гісторыка Сяргея Арлова «Піраміда Салавата». На старонках кнігі ён паспрабаваў даследаваць карані міфу пра славутага пугачоўца.



4f16c818875d9fcb6867c7bdc89be7eb.jpg

У Башкірыі за экстрэмізм арыштавана група гісторыкаў. Прычына — іншая ад афіцыйнай трактоўка постаці Салавата Юлаева, удзельніка пугачоўскага бунту.
Нагодай для рэпрэсій стаў выхад кнігі уфімскага гісторыка Сяргея Арлова «Піраміда Салавата». На старонках кнігі ён паспрабаваў даследаваць карані міфу пра славутага пугачоўца.
Нагадаем, што Салават Юлаеў нарадзілася ў 1754 годзе ў сям’і старшыні воласці. У 1773 годзе Салавата мабілізавалі на барацьбу з Пугачовым. Аднак пад яго агітацыяй башкірскае фармаванне колькасцю ў тры тысячы чалавек цалкам перайшло на бок паўстанцаў. Пугачоў паслаў Салавата ў Башкірыю, дзе апошні стварыў новы фронт супраць імперыі. За штурм горада Кунгур Салават атрымаў чын брыгадзіра (генерал). Пасля разгрому Пугачова Салават працягваў партызанскую вайну на радзіме, пакуль яго не схапілі. Царскія каты разрэзалі яму ноздры і паставілі на лбу і шчоках кляймо з трох літар «З», «Б», «И» ( «злодзей», «бунтаўшчык», «здраднік»). Пучагоўскі генерал быў асуджаны на пажыццёвую катаргу, якую адбываў у Эстоніі. Там і памер у 1800 годзе.
Акрамя васковай справы, малады Салават цікавіўся паэзіяй. Арыгіналаў яго творчасці не захавалася, аднак у народзе яму прыпісвалі аўтарства тэкстаў шматлікіх папулярных песняў. Да рэвалюцыі да легенды пра Салавата царскія ўлады ставіліся, натуральна, адмоўна, хаця, калі верыць слоўніку Бракгаўза і Эфрона, ягоную творчасць не забаранялі.
Затое з прыходам савецкай улады ў Башкірыі і па ўсяму СССР пачаўся сапраўдны культ Салавата. Яго прозвішчам былі названыя вуліца і праспект у башкірскай сталіцы, горад, шматлікія прадпрыемствы, каля 30-ці калгасаў. У 1941 годзе на «Масфільме» знялі фільм «Салават Юлаеў». Агульны наклад публікацый пра Салавата быў большым за мільён экземпляраў. Пра уфімскі хакейны клуб «Салават Юлаеў», думаецца, усе чулі.
Крах СССР і пашырэнне аўтаноміі Башкірыі ў 90-я прывялі да новага вітку культу пугачоўца. Вобраз Салавата актыўна выкарыстоўваецца аўтарытарнымі ўладамі рэспублікі для легітымізацыі сваёй улады. Як сказаў адзін чыноўнік з адміністрацыі вечнага башкірскага прэзідэнта: «Салават — гэта міф, які трэба захаваць. Гэты вобраз дарагі народу, і мы намагаемся яго развіць, пераказаць легенду па-новаму».
Выява з помнікам Салавату знаходзіцца на гербе Башкірыі, заснаваны ордэн Салавата, існуе літаратурная прэмія імя Салавата Юлаева. Указам прэзідэнта Башкірыі ўведзенае нацыянальнае свята Дзень Салавата. Група афіцыйных гісторыкаў стварыла нават Энцыклапедыю Салавата.
Гэта істэрыя вакол Салавата, натуральна, не вельмі спадабалася мясцовым расійскім дзяржаўнікам, якія выступаюць за абмежаванне аўтаноміі Башкірыі і нават за яе ліквідацыю.
Падазраюць, што менавіта каб разбурыць галоўны міф башкірскай дзяржаўнасці, Сяргей Арлоў палез у гістарычныя архівы. На базе малавядомых раней пратаколаў допытаў паўстанцаў, лістоў і данясенняў ён склаў сваю гісторыю паходаў Салавата. Па Арлову атрымліваецца, што Салават — проста монстр. Ён і яго напарнікі рабавалі і забівалі мірнае насельніцтва (галоўным чынам рускае), гвалтавалі жанчын, палілі праваслаўных храмы.
«Люди мужска пола порублены, а про женский пол нам объявляют, что собраны де они теми башкирцами в одно место и вымучивают из них деньги и многих обнажили и чинят всякая наругателъствы...» — апісвае сведак вынікі налёту атрадаў Салавата на ўральскі завод.
Па-іншаму выглядае і сам вобраз Салавата. У савецкай і башкірскай гістарыяграфіі ён малюецца як прадстаўнік інтарэсаў бедных башкіраў, ахвяраў расійскай каланізацыі. На самай справе, сям’я Юлаевых не толькі супрацоўнічала з расійскай адміністрацыяй, але і атрымлівала за гэта шмат грошай. Захавалася скарга бацькі Салавата на нейкага афіцэра, які звёў у яго 50 кароў. Апошні ўдар па міфу пра «пралетарыя» Салавата: ён меў тры жонкі, ведаў фарсі, пісаў па-татарску і лічыўся знаўцам Карана.
На базе падобных дакументаў аўтар робіць рэзюме: Салават — злодзей, які не можа быць сімвалам рэспублікі.
Натуральна, такую кнігу ніхто ў Башкірыі друкаваць не захацеў. Але яе надрукавалі ў Казані, прычым пад грыфам Акадэміі навук Татарстану. Кніга не выклікала захаплення ў гісторыкаў і спецыялістаў — занадта шмат кан’юнктуры. Там, дзе башкірскі афіцыёз бачыў белае, Арлоў заўважае выключна чорнае. У якасці доказаў выкарыстоўваюцца фрагменты мастацкіх твораў, напрыклад «Капітанскай дачкі» А. Пушкіна.
Аднак замест таго, каб супрацьпаставіць фальсіфікатарам гісторыі аргументы, башкірскія ўлады ўжылі іншыя метады: 4 жніўня адзін з судоў Уфы прызнаў блог групы, сябрам якой ёсць Арлоў, «экстрэмісцкім» і пастанавіў усіх яго аўтараў (5 чалавек) узяць пад варту за «публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці».
Шчыра кажучы, самі арыштаваныя асаблівай сімпатыі не выклікаюць. Мы маем справу з тыповымі расійскімі шавіністамі. На іх блогу можна прачытаць антыбашкірскія перлы пра тое, што першыя башкіры былі пігмеямі, паколькі ў іх легендах шмат волатаў (бо, як маленькім людзям, ім усе здаваліся гігантамі). Аднак для грамадскасці быў важны іншы факт. Улады так ці інакш пад соусам барацьбы за нацыянальную гістарычную спадчыну намагаліся ўзяць пад кантроль сегмент блогаў — адну з апошніх крыніц вольнай інфармацыі ў Башкірыі.
Гэта і выклікала пратэсты. 11 жніўня 17 башкірскіх вучоных напісалі калектыўны ліст у грамадскую палату РФ у абарону «пяцёркі». Адначасова да Мядзведзева звярнулася група ісламазнаўцаў і этнографаў з Францыі, ЗША, Японіі, якія выступаюць супраць крыміналізацыі гістарычных даследаванняў.
Пад такім ціскам афіцыйная Уфа адступіла. Усе арыштаваны рашэннем Вярхоўнага суда Башкірыі вышлі на свабоду. Думаецца, гэта не фінал супрацьстаяння. Папросту ўлады пачнуць у будучым змагацца з крамольнымі гісторыкамі ціха, за кошт адміністратыўнага ціску. Арлоў і кампанія будуць намагацца і далей правакаваць грамадства гістарычнымі сенсацыямі — адзінае, што гарантуе ім увагу публікі.