Незалежнасць адмяняецца? Адстаўка лідара шатландскіх нацыяналістаў у карыкатурах

Лідар Шатландскай нацыянальнай партыі і першы міністр Шатландыі Нікола Стэрджэн аб'явіла аб сваёй адстаўцы. Наколькі шмат гэтая фігура значыць для руху за незалежнасць Шатландыі, можна прасачыць з дапамогай карыкатур.


У палітыку Стэрджэн (нар. 1970) прыйшла ў 1999 годзе, абраўшыся ў склад шатландскага парламента ў якасці дэпутата ад Глазга. Вельмі хутка яна зрабіла бліскучую кар'еру. Спачатку заняла пасаду намесніка першага міністра і міністра аховы здароўя. Затым ёй даручылі пасаду міністра, які кантраляваў планаванне рэферэндуму аб незалежнасці. Лічыцца, што яе куратарам быў шатландскі прэм'ер Алекс Салманд. Мусіць, таму мастакі часта малявалі парачку Алекс і Нікола як сяброў адной каманды.

1_668.jfif

Аднак згаданы вышэй рэферэндум нацыяналісты прайгралі. Не дапамагла нават вельмі агрэсіўная рэклама накшталт карцінак, на якіх Салманд быў выяўлены ў кампаніі героя фільма «Мужнае сэрца». Па выніках плебісцыту 19 верасня 2014 года 55,3% выбаршчыкаў не падтрымалі незалежнасць Шатландыі. Пасля паразы Алекс Салманд абвясціў, што пакідае пасаду першага міністра і лідара Нацыянальнай Партыі Шатландыі (SNP). Стэрджэн адразу ж аб'явіла, што збіраецца заняць абедзве вакансіі. За кошт падтрымкі актыву восенню таго ж года Нікола была абрана на безальтэрнатыўнай аснове на пасады лідара SNP і кіраўніка ўрада.

2_619.jpg

Кадэнцыя Стэрджэн аказалася вельмі ўражлівая. Дастаткова сказаць, што SNP выйграла практычна ўсе выбары, якія праводзіліся. На апошніх выбарах 2021 года ў мясцовы парламент партыя атрымала практычна палову месцаў. Акрамя таго SNP за гэты час стала трэцяй партыяй у Вялікабрытаніі. Прычым гэты працэс узмацнення нацыяналістаў адбываўся на фоне бясконцых крызісаў брытанскай эліты. Гэта падняла прэстыж Стэрджэн і праекта незалежнай Шатландыі, што арыгінальна праілюстраваў аўтар адной з карыкатур.

3_552.jpg


Вынік гэтага трэнду быў прадказальным. У чэрвені мінулага года прэм'ер Шатландыі прапанавала правесці другі па ліку рэферэндум па пытанні незалежнасці рэгіёна. «Шатландскі ўрад прапануе, каб рэферэндум аб незалежнасці адбыўся 19 кастрычніка 2023 года», — сказала Стэрджэн і адразу ж стала героем тэматычных карыкатур наконт магчымага выхаду Шатландыі са складу Аб’яднанага каралеўства.

4_515.jpeg


Ідэя аб рэферэндуме вельмі не спадабалася Лондану. Мясцовыя палітыкі нагадваюць, што згоду на першы рэферэндум урад Дэвіда Кэмерана даў на той умове, што пытанне будзе закрытае на бліжэйшае пакаленне. Такую пазіцыю падтрымаў і Вярхоўны суд.
Спачатку негатыўная рэакцыя Лондана не прымусіла шатландцаў адмовіцца ад ідэі плебісцыту. Усё змяніў скандальны закон, які не так даўно з падачы SNP прыняў шатландскі парламент. Ён значна палегчыў шатландскім трансгендэрам і транслюдзям (якія адчуваюць сваю ідэнтычнасць інакш, чым паказана ў дакументах) працэдуру змены палавой прыналежнасці, прынамсі на паперы. Рэформа выклікала пратэст сярод большай частцы шатландскага электарату. Пікантнасці сітуацыі надае і тое, што часткай нацыянальнага шатландскага мужчынскага гардэроба з'яўляецца спадніца. Гэтая тэма прысутнічае ў шматлікіх карыкатурах.

5_479.jpg


У прынцыпе да кастрычніка, калі планаваўся рэферэндум, настроі выбаршчыкаў маглі сто разоў змяніцца. Аднак, мяркуючы па ўсім, эмацыйна Стэрджэн аказалася вельмі стомленай скандалам. Таму і падала ў адстаўку, што шакавала аднапартыйцаў. Цяпер SNP давядзецца тэрмінова шукаць не толькі новага лідара, але таксама новы курс, паколькі Стэрджэн стала сінонімам руху за незалежнасць. У гэтым плане зусім незразумелыя перспектывы другога рэферэндуму аб незалежнасці Шатландыі, які Нікола актыўна педалявала ўсе апошнія гады. Куды ідзе цяпер Шатландыя — незразумела нікому. Не дзіўна, што адзін з мастакоў адлюстраваў Шатландыю ў выглядзе чалавека без галавы. Зрэшты, хутка пераемнік Стэрджэн будзе абраны, што таксама дазволіць казаць пра перспектывы незалежнай Шатландыі.

6_356.jpg