Незалежная Баварыя
Палітычным бестселерам у Германіі стала кніга, аўтар якой заклікае да стварэння незалежнай баварскай дзяржавы.
Пра кнігу «Баварыя таксама здольная самастойна» («Bayern kann es auch alleine»), якую напісаў Вільфрэд Шарнагль (Wilfried Scharnagl), пачалі спрачацца яшчэ да
таго, як яна пабачыла свет у сярэдзіне жніўня. Пра інтарэс да выдання сведчыць той факт, што выкладзеныя на старонках кнігі ідэі пракаментавалі на сайтах т.зв. «рускіх немцаў».
Звычайна рэпатрыянты з Усходу не цікавяцца палітычнымі навінамі, надаючы перавагу прагляду рускіх серыялаў па спадарожнікавых антэнах.
Адно з выданняў рускіх немцаў піша: «На нашае ж сціплае меркаванне, гэта чыстай вады трызненне. Хутчэй за ўсё, хлопец вырашыў пад шумок падзарабіць грошыкаў, але ён не разумее, што некаторыя
людзі на гэтай глебе змогуць стварыць рэальныя праблемы. А можа, аўтар папросту з’яўляецца фанатам мюнхенскай «Баварыі» і спадзяецца, што ў выпадку аддзялення зямлі Баварыя
яго ўлюбёны клуб зноў стане чэмпіёнам, паколькі ў нямецкай Бундэс-ліге, ён ужо два гады прайграе тытул дортмундскай «Барусіі».
Рэцэнзія вельмі арыгінальная, хаця, з іншага боку, ілюструе, наколькі палітычна неадукаваны яе аўтар. Вільфрэд Шарнагль — вельмі аўтарытэтная асоба ў Баварыі, былы рэдактар
«Bayernkurier» — газеты Хрысціянска-сацыяльнага саюза (CSU), вядучай рэгіянальнай партыі, партнёра Хрысціянска-дэмакратычнага саюза Ангелы Меркель. Наўрад ці такому
чалавеку трэба «пад шумок падзарабіць грошыкаў».
Па-другое, заклік у абарону незалежнасці Баварыі гучыць далёка не ўпершыню. Нягледзячы на тое, што Баварыя як незалежная дзяржава знікла з мапы свету 141 год таму, у далёкім 1871-м, калі была
заснаваная Германская Імперыя, баварскія незалежнікі заўсёды існавалі. Пры гэтым адметнай рысай іх сепаратызму была настальгія па часах дынастыі Вітэльсбахаў, якая закончылася ў часы нямецкай
рэвалюцыі 1918-га. Нават незалежнасць у матэрыялах сепаратыстаў разглядаецца як сродак падтрымання хрысціянскага і кансерватыўнага парадку. Хаця апошнім часам тут таксама назіраецца інтарэс да
праблемы экалогіі.
Галоўным лабістам лозунгаў за незалежнасць Баварыі ёсць створаная ў 1946 годзе Баварская партыя. Больш таго, пасля Другой сусветнай вайны баварскія сепаратысты лічыліся адной з самых уплывовых
палітычных сіл у рэгіёне. На першых выбарах у зямельны парламент яны атрымалі 17 працэнтаў галасоў. Толькі пасля стварэння ФРГ уплыў незалежнікаў пачаў падаць.
Часткова гэта звязана з тым, што партыя не змагла сфармаваць дэпутацкую групу ў Бундэстагу. Для праходжання ў федэральны парламент партыі, адпаведна канстытуцыі, трэба было сабраць на выбарах па ўсёй
краіне больш за 5 працэнтаў. Баварская партыя збірала да 20 працэнтаў галасоў баварцаў, аднак у масе ўсіх выбаршчыкаў ФРГ гэтая лічба складала 4,2 працэнта. Спробы баварцаў сфармаваць з Нямецкай
гановерскай партыяй нейкую агульную партыю сепаратыстаў — Саюз федэралістаў — не мелі вынікаў.
Напрыканцы 1950-х гадоў партыя пачала губляць папулярнасць у Баварыі. З 1966-га яна не прысутнічае ў зямельным парламенце. З пачатку 1976-га ў партыі нават пачаліся размовы пра самаліквідацыю
структуры. Аднак у выніку Баварская партыя здолела ўтрымацца. Зараз яна карыстаецца падтрымкай 1–2 працэнтаў баварскага электарату, што дае ёй права на датацыі з бюджэту і, адпаведна, не
дазваляе цалкам знікнуць.
На федэральным узроўні Баварская партыя нагадвае пра сябе выключна нейкімі кур’ёзамі. Так, калі ў 1990-м пачаўся працэс аб’яднання Германіі, баварцы заявілі, што канстытуцыя ФРГ ад
1949 года страціла моц. Такім чынам, фармальна, на іх думку, Баварыя зноў атрымала незалежнасць. У 2010 годзе баварцы сталі адзінай партыяй, якая выступіла супраць забароны палення ў кафэ, паколькі
гэта, быццам, супярэчыць баварскім прынцыпам гасціннасці.
Сёння тэма баварскага сепаратызму зноў перастае ўспрымацца як нейкі жарт. Прычына — крызіс. Як і паўсюль у Еўропе, сярод бюргераў становіцца папулярным тэзіс пра тое, што нехта сядзіць у іх
на шыі. Пасля Шатландыі, Бельгіі, Іспаніі мода на сепаратызм дакацілася да Альпаў.
Матэматычную падставу для такіх настрояў прапануе ў сваёй кнізе Шарнагль. Па словах аўтара, Баварыя заганяе сябе ў невыгоднае становішча, паколькі павінна кожны год амаль тры з паловай мільярда еўра
«аддаваць менш паспяховым землям Германіі». А апроч Берліна, Баварыю яшчэ і рабуе Брусэль, каб неяк уладзіць фінансавыя справы ў Еўрасаюзе. Шарнагль перакананы, што Баварыя,
атрымаўшы статус незалежнай дзяржавы, без праблем не толькі самастойна выйдзе з крызісу, аднак і ператворыцца ў адну з вядучых дзяржаў Еўропы.
Пражэкты Шарнагля выклікалі самую гарачую падтрымку ў асяроддзі нямецкіх гумарыстаў. Яны хуценька пачалі апісваць паўсядзённы побыт будучай незалежнай Баварыі: жаўнеры ў скураных шортах, абменнікі,
дзе можна памяняць еўра на баварскі гульдэны, праблемы немцаў, якія не могуць атрымаць баварскія візы, каб пабачыць футбольны матч Германія — Баварыя, дыпламатычныя канфлікты з Бразіліяй,
Босніяй і Герцагавінай ды Беларуссю з-за таго, каму ў інтэрнэце павінна належаць пашырэнні «br» , «ba» і «by» і г.д.
Аднак хапае і тых, каму не смешна. Так, уплывовае выданне «Focus» адзначае, што забаўная кніга пра баварскую дзяржаўнасць здольная ўнесці новыя тэмы ва ўнутраную дыскусію ў CSU і ў
выпадку працягу крызісу ў Еўразоне пераарыентаваць яе лозунгі. Аўтар публікацыі нагадвае, што сам CSU знаходзіцца ў самым вялікім за часы сваёй гісторыі крызісе і, магчыма, па выніках выбараў у
наступным годзе ўвогуле ўпершыню страціць уладу ў рэгіёне. У стане разгубленасці і страты стратэгічных прыярытэтаў, на думку журналіста, не выключана, што партыя пачне какетнічаць з сепаратысцкімі
канцэпцыямі і лозунгамі канфедэралізацыі Германіі.
У сваю чаргу, хапае і скептыкаў апісанага сцэнару. На іх думку, Еўропа, хутчэй за ўсё, выйдзе з крызісу як больш цэнтралізаваная структура (прынамсі пакуль назіраецца такі працэс). У такім выпадку
дзяржавы-сябры ЕС перададуць шмат функцый Брусэлю і паступова стануць падобнымі на простыя рэгіёны, накшталт той жа Баварыі ў складзе ФРГ. Баварскі нацыяналізм папросту страціць актуальнасць. Не
кажучы пра тое, што пакуль галоўным рухавіком баварскага нацыяналізму выступае Грэцыя, якая просіць новыя датацыі ў той жа Германіі. Таму галоўнае патрабаванне баварскіх бюргераў, хутчэй, —
не незалежная Баварыя, а выключэнне Грэцыі са складу ЕС або зоны еўра.
Як бачым, кніга Вільфрэда Шарнагля пакуль далёкая ад таго, каб быць сапраўдным маніфестам баварскага незалежнага руху. Аднак не выключана, што яе чакае другое перавыданне, калі ўвосень 2014 года
шатландцы на рэферэндуме прагаласуюць за выхад краю са складу Вялікабрытаніі. Тады чытаць разважанні Шарнагля дакладна будуць без усмешак і больш уважліва. Магчыма, нават і рускія немцы.