Новы старшыня — Марына

Галоўным праварадыкалам Францыі будзе… кабета. Марына Ле Пэн рыхтуецца пераняць ад бацькі кіраўніцтва Нацыянальным Фронтам. Яе бацька Жан-Мары Ле Пэн кіраваў НФ з далёкага 1976 года. Трэба прызнаць, што дзякуючы яму Фронт, які пачынаў як маленькі гурток незадаволеных алжырскай палітыкай Парыжа прыхільнікаў прафашысцкага рэжыму Вішы, здолеў стаць заўважным акцёрам на французскай палітычнай сцэне. Апошнім часам, аднак, антыэмігранцкія лозунгі, якія доўгі час былі фішкай франтавікоў, перахапіў Нікаля Сарказі. Гэта крыху адбілася на маштабах уплыву партыі.



3ef815416f775098fe977004015c6193.jpg

Галоўным праварадыкалам Францыі будзе… кабета. Марына Ле Пэн рыхтуецца пераняць ад бацькі кіраўніцтва Нацыянальным Фронтам.

Яе бацька Жан-Мары Ле Пэн кіраваў НФ з далёкага 1976 года. Трэба прызнаць, што дзякуючы яму Фронт, які пачынаў як маленькі гурток незадаволеных алжырскай палітыкай Парыжа прыхільнікаў прафашысцкага рэжыму Вішы, здолеў стаць заўважным акцёрам на французскай палітычнай сцэне. Апошнім часам, аднак, антыэмігранцкія лозунгі, якія доўгі час былі фішкай франтавікоў, перахапіў Нікаля Сарказі. Гэта крыху адбілася на маштабах уплыву партыі.

Так ці інакш, для Жан-Мары Ле Пена, якому стукнула за 70 гадоў, прыйшоў час ісці на пенсію. У верасні ён афіцыйна заявіў, што на партыйным кангрэсе ў жніўні 2009 года перадасць уладу нашчадку.

Пытанне пра тое, хто здольны заняць месца Ле Пэна, абмяркоўваецца ў шэрагах Фронту даўно. Некаторыя, так і не дачакаўшыся адстаўкі кіраўніка, нават сыходзілі з партыі і стваралі свае палітычныя фармацыі. Так ці інакш, у выніку перамагла дачка правадыра — Марына.

Марына Ле Пэн нарадзілася ў жніўні 1968 года, закончыла парыжскі універсітэт па спецыяльнасці «адвакатура». З 1998 года працуе ў апараце партыі. Калі ёй было 24 гады, бацька настаяў, каб яна балатавалася па аднаму з парыжскіх выбарчых участкаў. Марына атрымала 11 працэнтаў. У 2003 годзе мадам Ле Пэн увайшла ў кіраўніцтва Фронту і зрабіла хуткую партыйную кар’еру. Зараз яна віцэ-прэзідэнт партыі, дэпутат еўрапарламенту. Яна спачатку была замужам за прадпрымальнікам, які спансіраваў Фронт. Потым выйшла за сакратара партыі. Марына мае трох дзяцей.

Яе перамозе ў барацьбе за пасаду будучага партыйнага старшыні садзейнічалі шматлікія фактары: патранат бацькі, добрая арганізацыйная кампанія (пры партыі была створана асацыяцыя яе прыхільнікаў «Аб’яднанне блакітнай энергіі Марыны»), сяброўства з рок-музыкамі, якія папулярныя ў асяроддзі скінхедаў, адкуль Фронт чэрпае кадры. Дапамаглі і структурныя змены. Галоўны друкаваны орган Фронту «National Hebdo», рупар ветэранаў, аказаўся банкрутам. Рэдактар новага праекту — таксама сябар Марыны.

Прыход Марыны бурна абмяркоўваюць на старонках газет і палітычных часопісаў. Ён разглядаецца як вялікі пераварот у шэрагах ультраправых. Марына даўно і паслядоўна стварала сабе імідж хутчэй кансерватыўнага палітыка, чым хворага нацыста. Ахвотна давала інтэрв’ю жоўтым і жаночым выданням, тусавалася на розных прыёмах і фуршэтах. Неяк нават заявіла, што падтрымлівае правы жанчын на аборты.

Падобная ідэя кансерватыўна-ліберальнай мадэрнізацыя выклікала шок у каталікоў-фундаменталістаў, якія наадварот прапанавалі заканадаўства ў гэтай сферы зрабіць больш жорсткім.

Не менш звар’яцелі і праціўнікі сексуальных меншасцяў, якіх традыцыйна вельмі шмат у асяроддзі правых ультра. Аднойчы Марына Ле Пэн засвяцілася на старонках часопісу для гомасексуалістаў і лесбіянак. Больш за тое, яна назвала фашыстаў — праціўнікаў геяў — «людзьмі з маленькімі мазгамі».

Наўрад ці падабаюцца неанацыстам і пазіцыі Марыны па знешняй палітыцы. Марына выступае як праамерыканскі палітык і заклікае калег па партыі вярнуцца да пячорнага антыкамунізму, які дамінаваў у партыі ў 80-я гады.

У кастрычніку 2003 года Марына наведала жаночы клуб Рэспубліканскай партыі ЗША і нават набівалася ў дэлегацыю ад Еўрапарламента ў Ізраіль. Праўда, у Тэль-Авіве такую ініцыятыву палічылі занадта экзатычнай. Раней Жан-Мары Ле Пэн неаднаразова меў праблемы з законам за адмаўленне факту Халакосту.

Пытанне, аднак, у тым, як паслядоўна яна зможа праводзіць падобную лінію на пасадзе лідэра Фронту. Як паказваюць апытанні, сярэдні выбаршчык НФ не падтрымлівае ліберальна-кансерватыўныя каштоўнасці Марыны. Падобныя забабоны блізкія сябрам галісцкай партыі Нікаля Сарказі.

Затое, у адрозненні ад Сарказі, Марына вельмі скептычна ставіцца да спроб малых этнасаў, кшталту брэтонцаў, дамагчыся права вывучаць родную мову. Марына лічыць, што дамінацыя французскай мовы — ёсць аснова захавання французскай нацыі. Сарказі, як вядома, пайшоў насустрач брэтонцам, якія патрабуюць большай культурнай аўтаноміі.

У падобнай сітуацыі ў Марыны, калі яна стане правадыром, няма іншага выхаду, як пераглядзець свае былыя погляды і думаць перш за ўсё пра адзінства партыі.

Праўда, у Марыны ёсць у наяўнасці моцныя козыры, каб прымусіць старых нацыстаў і расістаў трансфармавацца ў ліберальных кансерватараў. Мова пра аўтарытэт бацькі, які можа ў выпадку чаго абламаць рогі ўсім незадаволеным. Стары Жан-Мары, здаецца, падтрымлівае новы фармат Фронту, які адстойвае Марына.

Дарэчы, на старонках правай і ліберальнай прэсы, якая выражае інтарэсы прадпрымальнікаў, абмяркоўваюць сцэнар, калі крызіс набудзе вялікі маштаб і справакуе сацыяльныя пратэсты. На думку экспертаў, Фронт з яго вечнай тэмай — ва ўсіх праблемах Францыі вінаватыя эмігранты, у такой сітуацыі будзе вельмі патрэбны.