Новы прэзідэнт, новыя партыі
Пасля абрання Уладзіміра Зяленскага прэзідэнтам, ва Украіне імкліва змяняецца палітычны пейзаж. Ледзь не штодня заяўляюць пра сябе новыя партыйныя праекты, чые лідары маюць вялікія амбіцыі.
Фота www.svoboda.org
«Украінская стратэгія», «Сумленне Украіны», «Голас», «Сіла і гонар» — далёка не поўны спіс партый, што пачалі піярыцца апошнім часам.
Найбольш гучны рэзананс пакуль выклікала з’яўленне партыі «Голас», якой кіруе музыка Святаслаў Вакарчук. Паводле Вакарчука, стварэнне партыі стала адказам на развіццё палітычнай сітуацыі ў краіне. «Мы ўсе стаміліся ад таго, як цяпер робіцца палітыка ва Украіне... Мы стаміліся ад таго, як палітыкі абяцаюць нам перад выбарамі залатыя горы, а потым, атрымаўшы мандат, зноў і зноў здраджваюць нам, пераследуюць выключна ўласныя інтарэсы», — паскардзіўся Вакарчук падчас прэзентацыі. У якасці альтэрнатывы ён прапануе ўкраінцам галасаваць за свой «Голас», які татальна «знішчыць старую палітыку». Вакарчук абяцае не браць у свой выбарчы спіс палітыкаў з дэпутацкім бэкграундам.
Зрэшты, пакуль масавага энтузіязму наконт паходу Вакарчука ў палітыку не назіраецца. У экспертным асяроддзі дамінуе меркаванне, што «Голас» — спехам злеплены праект пад тэзісы кампаніі Зяленскага. Прычым, праект запознены. Запыт на абнаўленне палітыкі нават коштам абрання артыста быў, але гэты запыт Вакарчук прашчоўкаў.
Скепсіс адносна Вакарчука выклікае і мінулае. У 2004 годзе ён ужо быў дэпутатам па спісах «Народнай Украіны» Юшчанкі. Аднак неўзабаве склаў мандат, матывуючы тым, што «гэта (палітыка) — не яго». Нарэшце, ёсць меркаванне, што «Голасам» кіруе Парашэнка: падчас кампаніі Вакарчук відавочна падыгрываў Пятру Аляксеевічу, заклікаючы «не галасаваць па прыколе».
Што да Парашэнкі, то ён абяцае хуткі рэванш, спадзеючыся кансалідаваць вакол сваёй персоны 25 працэнтаў выбаршчыкаў. Менавіта столькі галасавалі за яго ў другім туры. Аднак, відавочна, што не сімпатызаваць Зяленскаму — не азначае на аўтамаце быць заўзятым прыхільнікам экс-прэзідэнта. Згодна з вынікамі апошняга сацапытання, у партыі Блока Пятра Парашэнкі (БПП) цяпер толькі 7,8 працэнта падтрымкі. Кепска могуць адбіцца на лёсе БПП і гучныя крымінальныя справы супраць як самога экс-гаранта, так і яго атачэння. Прынамсі ў першы дзень пасля сыходу Парашэнкі з пасады прэзідэнта, супраць яго распачалі справу за спробу ўзурпацыі ўлады.
Не кажучы пра тое, што ад Парашэнкі ў апошні час актыўна разбягаюцца партнёры. Пра сыход у аўтаномнае плаванне ўжо заявіў прэм’ер Уладзімір Гройсман, у якога, дарэчы, ёсць зарэгістраваная структура пад незвычайнай назвай «Вінніцкая еўрапейская ініцыятыва». «Кінуў» экс-гаранта і кіеўскі бургамістр Віталь Клічко са сваёй партыяй «Удар», якую, дарэчы, на выбары можа павесці іншы баксёр — яго брат Уладзімір. А вось «Народнаму фронту», падобна, нічога не свеціць з-за адмоўнага іміджу яго лідара і былога прэм’ера Арсенія Яцанюка. На яго павесілі ўсіх сабак за падзенне жыццёвых стандартаў. Паводле сацыёлагаў, узровень падтрымкі гэтай палітсілы сёння ў межах статыстычнай памылкі — менш за 1%.
Як мадыфікаваныя старыя партыі, так і партыі-неафіты пасвяцца ў патрыятычнай нішы. Як вынік, іх рыторыка — нацыянал-кансерватыўная або праваліберальная. Між тым у топе пажаданняў украінцаў — нізкія тарыфы ды мір на ўсходзе краіны. Таму можна прагназаваць, што лідарам у гэтым сегменце застанецца Юлія Цімашэнка, якой няма роўных у сацыяльным папулізме. Што да астатніх, то іх чакае суровая рэальнасць у выглядзе сумнага факту: яны ў гэтай краіне не патрэбныя нікому, акрамя піяршчыкаў.
Праўда, правадыры нацыяналістычных партый могуць спадзявацца на эрозію вельмі стракатага электарату Уладзіміра Зяленскага. Відавочна, што ў новага прэзідэнта не атрымаецца адначасова задавальняць часам палярныя забабоны выбаршчыкаў з Львова і Харкава. Аднак пакуль лагер аматараў «Зе» дэманструе беспрэцэдэнтную маналітнасць. Паводле апошніх апытанняў, за партыю «Слуга народа» гатовыя аддаць голас больш за 40 працэнтаў.
Мяркуючы па ўсім, украінцы гатовыя даць шанец новаму прэзідэнту, забяспечыўшы яму ў Радзе прапрэзідэнцкі дэпутацкі корпус. Заява Зяленскага падчас інаўгурацыі аб роспуску вельмі непапулярнага парламента і датэрміновых выбарах, мяркуючы па першых каментарах, яшчэ больш кансалідуе тых, хто верыць у новага прэзідэнта.
Самае цікавае, што парламент і ўрад нечакана пагадзіліся на датэрміновыя выбары. Магчыма, праціўнікі Зяленскага спадзяюцца, што да дня галасавання людзі будуць больш цвяроза ставіцца да новай каманды, якой цяпер давядзецца адказваць за тыя ж тарыфы. Яшчэ адна версія — кулуарна Зяленскі паабяцаў панізіць да трох працэнтаў прахадны бар’ер у Раду.
З іншага боку, не зразумела — як і адкуль Зяленскі рэкрутуе ў выбарчы спіс сваёй партыі столькі паслядоўных аднадумцаў-рэфарматараў. Раней гучала інфармацыя, што на месцах секцыі «Слугі народа» папаўняюць былыя рэгіяналы і рознага кшталту прайдзісветы. Таму крызісных з’яваў унутры новай партыі наўрад ці атрымаецца пазбегнуць.