Новы рэкорд квантавай тэлепартацыі — 25 км

Навукоўцы ўніверсітэта Жэневы, NASA і Нацыянальнага інстытута стандартаў і тэхналогій тэлепартавалі квантавы стан фатонаў праз оптавалаконны кабель на адлегласць 25 кіламетраў і запісалі інфармацыю ў квантавую памяць. 



quantum_teleportation.jpg

Выява Майнцскага ўніверсітэта

Вынік іх работы прадстаўлены ў артыкуле ў Nature Photonics. Эксперымент заснаваны на так званых заблытаных фатонах — часцінках, якія маюць узаемазалежныя квантавыя станы. Іншымі словамі, калі змяняецца характарыстыка адной часцінкі, змяняецца характарыстыка і другой, ды не важна, якая між імі адлегласць.
Навукоўцы выкарыстоўвалі звышхуткі лазер, які выпраменьваў фатоны з пэўнымі характарыстыкамі. Калі сярод фатонаў трапляліся заблытаныя, адзін з іх адсылаўся ў оптавалаконны кабель, другі трапляў у «пастку» аптычнага крышталя і «заставаўся на месцы». Насустрач першаму фатону адсылаўся трэці, пры сутыкненні яны знішчаліся. Але інфармацыя, якую нес трэці фатон, з’яўлялася і захоўваецца ў другім, ізаляваным у крышталі ад першага і трэцяга.
Перададзеная такім чынам інфармацыя была захаваная і апрацаваная. Першы паспяховы эксперымент па квантавай тэлепартацыі фатона адбыўся ў 1997 годзе, а першая квантавая тэлепартацыя атама прайшла ў 2004 годзе. У 2006 годзе яна ўпершыню адбылася між аб’ектамі рознага кшталту — выпраменьваннем лазера і атамам цэзія.
У 2009 годзе рэкордам адлегласці тэлепартацыі без захавання інфармацыі на носьбіце быў усяго адзін метр, але ў 2010-м — ужо 16 км, у 2012-м — 143 км. З захаваннем інфармацыі і перадачай па оптавалакне тэлепартацыя цяжэйшая, а адлегласці меншыя.
Квантавая тэлепартацыя не дазваляе перамяшчаць вялікія прадметы ці перадаваць інфармацыю з хуткасцю, вышэйшай за хуткасць святла. Але ўжо дазваляе перадаць характарыстыкі асобных часцінак і нават атамаў, якія, не гледзячы на дыстанцыю, павінны разглядацца як адзінае цэлае. Гэта супярэчыць логіцы законаў класічнай фізікі, але для квантавай фізікі гэта нармальная з’ява.

nn.by