Лукашэнка даручае кіраўніку МАРГ «вывучыць досвед савецкага гандлю». Навошта?

Гледзячы на перадвыбарчую кампанію ў Беларусі мне ўсё часцей успамінаецца анекдот пра размову двух членаў цэнтрвыбаркамаў Расіі і Беларусі. Калі расіянін кажа, што ў ЗША «дзікія людзі», за тыдзень да выбараў ніхто не ведае, хто будзе абраны. А беларус з ім згаджаецца і дадае: яшчэ яны не ведаюць, колькі за яго прагаласуе…

Фота з drive2.ru

Фота з drive2.ru

Вось і цяпер да выбараў тыдзень, а нам ужо ўсё вядома. І распавяла нам пра гэта загадчыца кафедры эканамічнай сацыялогіі і псіхалогіі прадпрымальніцкай дзейнасці, кіраўніца Цэнтра сацыяльна-гуманітарных даследаванняў БДЭУ Ірына Лашук. За Лукашэнку павінны «прагаласаваць» 82,5% выбаршчыкаў, яўка на выбарчыя ўчасткі павінна скласці 85,5%.

Варта адзначыць, што незалежная сацыялогія ў Беларусі разгромленая ўжо даўно, а правядзенне «палітычных» апытанняў практычна забаронена. Памятаеце, адкуль узяўся мем пра «Сашу 3%», і якія непрыемнасці тады атрымалі незалежныя СМІ, што апублікавалі просты апытальнік на сваіх сайтах? Так што лічбы прапагандысцкіх сацыёлагаў — гэта менавіта абвяшчэнне вынікаў выбараў, да якіх павінны імкнуцца сябры выбарчых камісій. 

Зрэшты, такія фокусы для Беларусі ўжо звыклыя, і ніякага здзіўлення не выклікаюць. Здзіўленне выклікала іншая навіна — МАЗ вырашыў праблему палаючых аўтобусаў у Санкт-Пецярбургу, паведаміў у інтэрв'ю «Фантанцы» старшыня Камітэта па транспарце адміністрацыі Санкт-Пецярбурга Валянцін Енакаеў.

Апошні раз МАЗ гарэў у Паўночнай Пальміры менш за месяц таму — раніцай 18 снежня. А ў Беларусі МАЗ дыміўся і зусім 6 студзеня. Дык як жа такое адбылося?

Са слоў расійскага чыноўніка, праблема была ў тым, што генератар на МАЗах не мяняўся «шмат гадоў». А энергаспажыванне аўтобуса, уключаючы валідатары, экраны, кандыцыянеры і таму падобнае начынне — вырасла. «Пасля першых інцыдэнтаў з узгараннямі і разбору прычын заводам-вытворцам МАЗ і Volgabus было дадзена даручэнне з боку віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Кірыла Палякова ўнесці змены ў канструкцыі машын для павышэння бяспекі пасажырскіх перавозак. Да цяперашняга часу абодва прадпрыемствы прадставілі мадэлі аўтобусаў з электрапрывадам вентылятараў», — заявіў Янакаеў.

Мы б радыя былі, калі б МАЗ вырашыў праблему. Але аўтобусы ў Піцеры сапраўды перастануць гарэць — праўда, крыху па іншай прычыне. 

Продажы аўтобусаў МАЗ у Расіі знізіліся на 45,5% летась. Усяго за год было пастаўлена 504 машыны, сведчаць даныя «АСМ Холдынг». У снежні ў РФ былі зарэгістраваныя 111 аўтобусаў беларускай маркі, што на 11,9% менш, чым за аналагічны перыяд 2023 года. 

Пры гэтым расійскі рынак аўтобусаў у цэлым у мінулым годзе вырас на 15,4% да 19,7 тысяч адзінак. Гэта значыць, Беларусь страціла амаль палову рынку збыту сваіх аўтобусаў, прычым, на фоне росту гэтага рынку. Нашы МАЗы проста перасталі купляць.

Адпаведна, няма аўтобусаў — няма ўзгаранняў.

Чаму ж галоўны транспартнік Піцера працягвае каментаваць МАЗы? Верагодна, уся справа ў яго фразе, што «... заводам-вытворцам МАЗ і Volgabus было дадзена даручэнне з боку віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Кірыла Палякова ўнесці змены ў канструкцыі машын...», і гэтыя заводы ўсё зрабілі. Маўляў, віцэ-губернатар Піцера — тая яшчэ моц, ён загадаў унесці змены, і ўсе пасцяліліся… І калі да расійскага Volgabus ніякіх прэтэнзій няма, то МАЗ — гэта завод іншай дзяржавы. Ці мае права віцэ-губернатар расійскага горада даваць яму якія-небудзь даручэнні?

Глядзіце таксама

Адказ на гэтае пытанне не такі адназначны, як можна было б падумаць. Над ім ужо даўно разважаюць розныя эксперты і аналітыкі, пытаючыся, «колькі суверэнітэту засталося ў Беларусі». Вось нядаўна нават аўтарытэтны амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) выказаў здагадку, што Беларусь ужо гатовая стаць федэратыўнай рэспублікай Расійскай Федэрацыі, паколькі дэ-факта краіна і так анэксаваная Расіяй.

Можна доўга спрачацца вакол азначэнняў «суверэнітэт» і «незалежнасць», тым больш, адэпты што «неіснуючай незалежнасці», у тым ліку і сам Лукашэнка неаднаразова пераконвалі нас у тым, што «хто плаціць, той і замаўляе музыку». Цяпер плаціць Расія, таму што МАЗы больш нікому не патрэбныя (яны былі патрэбныя Украіне, але вы самі ведаеце, як мы паступілі ў дачыненні да нашай суседкі). Вось і даводзіцца выконваць даручэнні расійскага губернатара.

І так — амаль ва ўсім. «Гомельскі хімзавод» адпраўляе 70% угнаенняў Расію, яго ўгнаенні набывае адзін з найбуйнейшых расійскіх холдынгаў, і спецыяльна для яго прадукцыя афарбоўваецца і пастаўляецца ў эксклюзіўнай тары. На гэтага заказчыка завод працуе траціну ўсяго свайго працоўнага часу. 

Даныя Рассельгаснагляду паказваюць, што Беларусь у 2024 годзе была галоўным пастаўшчыком у Расію сметанковага масла і яек.

Пасол Беларусі ў Расіі Аляксандр Рагожнік абмеркаваў з першымі намеснікам міністра прамысловасці і гандлю РФ Васілём Васьмімаковым доступ беларускіх вытворцаў да расійскіх праграм з дзяржпадтрымкай. А «Банк развіцця» і «Сбер Банк» падпісалі дамову аб супрацоўніцтве ў сферы падтрымкі айчыннага экспарту — механізм фінансавання паставак беларускай прадукцыі прамысловасці ў Расійскую Федэрацыю. 

Быццам, усё і нармальна, але не пакідае адчуванне, што нас вядуць у часы позняга СССР, калі беларускія прадукты масава адпраўляліся ў расійскія рэгіёны, у першую чаргу Ленінград і Маскву. Што, у сваю чаргу, выклікала дэфіцыт харчоў у Беларусі. І тады прадукты вырашылі прадаваць па талонах…

І пэўна, гэта турбуе не толькі мяне. На тыдні Лукашэнка даручыў новаму міністру антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артуру Карповічу вывучыць «вопыт савецкага гандлю»... Напэўна, па талонах?