Самую вядомую фітнэс-трэнерку Беларусі судзяць па «народным» артыкуле. Хронікі рэпрэсій 11 лютага
Памятаеце такую прыгажуню — Наталлю Наважылаву? Напачатку 2000-х яна прыцягвала позіркі на тэлебачанні, прапагандавала здаровы лад жыцця, атрымала грамату ад Лукашэнкі… Цяпер яе судзяць па «народным» артыкуле. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 11 лютага.
![hroniki_represij2_logo.png_logo_1_1_1.webp hroniki_represij2_logo.png_logo_1_1_1.webp](/img/v1/images/hroniki_represij2_logo.png_logo_1_1_1.webp?f=f&h=396&o=0&u=1733327070&w=528)
Разгляд справы вядомага ў Віцебску бізнэсоўца Віктара Вялюгі, адкрытага паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), прызначаны на 19 лютага. Працэс адбудзецца ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебска, паведамляюць праваабаронцы. Суддзёй прызначаная Кацярына Цыбульская.
Віктар Вялюга стаў сумна вядомы пасля пажару ў ГЦ «Беларусь», які належыць яму. Тады ў медустановы трапілі два дзясяткі пацярпелых, будынак прызналі непрыдатным для далейшага выкарыстання, яго плануюць знесці. Неўзабаве пасля пажару Віктар Вялюга быў затрыманы: Праўладныя СМІ паказалі яго ў кайданках. Паводле папярэдняй версіі, пажар у ГЦ адбыўся праз няякасную праводку.
* * *
Суд прысудзіў 60-гадовую Наталлю Ладуцьку да чатырох гадоў калоніі па артыкуле аб садзейнічанні «экстрэмізму» (артыкул 361-4 КК), паведамляе dissident.by. Сілавікі затрымалі яе 23 студзеня 2024 года. Тады сілавікі правялі рэйд па сваяках палітвязняў і тым, хто атрымліваў дапамогу ад сацыяльнай ініцыятывы INeedHelpBY.
INeedHelpBY — ініцыятыва прадуктовай дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій. 16 студзеня ўлады прызналі ініцыятыву «экстрэмісцкім фарміраваннем».
* * *
Гомельскае выданне «Флагшток» паведаміла аб з'яўленні фальшывых ботаў «для сувязі з рэдакцыяй». Рэдакцыя «Флагштока» мяркуе, што яны створаныя спецслужбамі для дэананімізацыі карыстальнікаў тэлеграм, якія жадаюць даслаць інфармацыю выданню.
«Пазбягайце гэтых ботаў, не актывізуйце іх! Адзіны канал для сувязі з флагштокам у Телеграм — акаўнт @fuckshtok. Ботаў мы не выкарыстоўваем», — гаворыцца ў паведамленні.
* * *
17 лютага ў судзе Маскоўскага раёна Мінска будуць разглядаць справу ў дачыненні да Наталлі Мікалаеўны Наважылавай. Суддзя — Кацярына Мурашка. Наважылавай інкрымінуюць «народны» артыкул 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях).
Ініцыялы жанчыны цалкам супадаюць з ініцыяламі фітнэс-інструктара міжнароднага класа катэгорыі «Elite» Наталлі Наважылавай. Наталля — старшыня Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Федэрацыя фітнэсу», майстар спорту па спартыўнай гімнастыцы, чэмпіёнка СССР, стваральніца Нацыянальнай школы фітнэс-трэнераў. Наталля Наважылава таксама з'яўляецца афіцыйнай прадстаўніцай фітнэс-праграм універсітэта Reebok і Nike.
Яна таксама праводзіць Усебеларускія канферэнцыі па праграме «За здаровы лад жыцця». Узнагароджана Ганаровай граматай Лукашэнкі «За значны ўклад у прапаганду здаровага ладу жыцця».
* * *
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» сацсеткі Аляксандра Няўзорава — тэлеграм-канал расейскага публіцыста, яго старонкі ў Instagram, Facebook, YouTube, «X». Адпаведнае рашэнне прынята судом Цэнтральнага раёна Мінска 7 лютага, паведамляе праваабарончы цэнтр Вясна.
Таксама спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:
- Тelegram-каналы і чаты «Połk Kalinoūskaha / Полк Каліноўскага», «Пул Францьй», «Глаза Минска — Юг», «Ямницкий флот»;
- Instagram-старонкі «Беларуская кнiга | Жыветэка | Варшава», «Вольга Кавалькова», «Двiжбот», «ahdpusha»;
- Старонкі праекту «UA Беглый в Украину»;
- Старонкі ва Укантакце «ВОЛАТ», «Маргарита Левчук».
Апроч таго ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі nstagram-старонку польскага музыкі і прадусара Swada. Сёлета Swada у дуэце з польскай вакалісткай Нікай Юрчук прайшлі ў фінал польскага конкурсу «Еўрабачанне». Гурт спявае песні на падляскім дыялекце, які па гучанні блізкі да беларускай мовы.
* * *
34-гадовы жыхар Баранавічаў скінуў чырвона-зялёны сцяг з аднаго з будынкаў у горадзе. Гэта патрапіла на відэакамеру. Згодна паведамленню пракуратуры, беларус на момант здарэння быў нецвярозы. Яго затрымалі і змясцілі пад варту. Цяпер супраць мужчыны распачата крымінальная справа аб зневажанні дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК).