Марыю Калеснікаву ў калоніі перавялі ў атрад: спынілі рэжым «інкамунікада»? Хронікі рэпрэсій 7 лютага

«Мы даведаліся, што Марыя не ізаляваная ў калоніі і была вернутая ў атрад да іншых жанчын. Мы спадзяемся, што сувязь з Марыяй адновіцца», — напісала сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч. Нагадаем, што Марыя Калеснікава ўтрымлівалася фактычна ў рэжыме «інкамунікада» — без сувязі са знешнім светам. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 7 лютага.

hroniki_represij2_4_1.webp

6 лютага Мінскі абласны суд абвясціў прысуд па справе аб спробе выбуху чыгункі ў раёне Стоўбцаў. Павел Вабішчэвіч і Андрэй Зіненка прызнаныя вінаватымі, у «падрыхтоўцы да тэрарыстычнага акту» (ч.1 арт. 13, ч. 3 арт. 289 КК) і «дзяржаўнай здрадзе» (ч. 1 арт. 356 КК). Ім прызначана пакаранне ў выглядзе 23 і 12 гадоў калоніі строгага рэжыму адпаведна, а таксама буйнога штрафу.

У прапагандысцкім фільме, паказаным восенню 2023 года, сцвярджалася, што мужчын затрымалі за спробу ўстаноўкі выбуховага прыстасавання на чыгунцы ў раёне Стоўбцаў, «якое павінна было прывесці ў дзеянне куратар з СБУ». Андрэй Зіненка паказаны ў фільме са слядамі збіцця на твары.

Справу ў закрытым рэжыме з 12 снежня разглядаў Сяргей Епіхаў.

* * *

7 лютага ў судзе Глыбоцкага раёна пачаўся працэс над бізнесоўцам Ігарам Шкетавым, якога праваахоўнікі называюць адміністратарам Instagram-акаўнта «Падслухана Глыбокае», паведамляе «Вясна». Гэты паблік карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод жыхароў Глыбокага, на яго падпісана больш за тры тысячы чалавек.

Мужчыну затрымалі ў сярэдзіне верасня 2024 года. Яму выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях). Справу будзе слухаць Андрэй Тарасевіч.

* * *

Улады абнавілі»спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго трапілі:

  • Telegram-канал «Беларуская служба Польскага радыё ǀ Polskie Radio dla Zagranicy»;
  • Instagram-старонкі «alena.davidovich», «acameron375», «belarus_en_france», «belarusses2savoies», «alice_syal», «bypolskieradio», «МУЗЕЙ ВОЛЬНАЙ БЕЛАРУСІ», « Пра Віцебск»;
  • Сайт « ukr.nеt»;
  • Youtube-канал «Народны дэпутат»;
  • Старонка ў сацсетках «Незалежны прафсаюз РЭП»;
  • Старонка ва «Вконтакте» «Родная Мова».

* * *

Грамадзянка ЗША апублікавала першае сваё фота з моманту вызвалення з беларускай турмы. На здымку Анастасія Нюфер з двума сабакамі, як мяркуецца, дома. «Поспехаў усім!»- напісала ў Instagram. У якасці фонавай музыкі яна паставіла песню «Белавежская пушча».

Да вызвалення з беларускай турмы 26 студзеня імя Анастасіі Нюфер не гучала публічна. Абставіны яе затрымання былі невядомыя беларускім праваабаронцам — яна не значылася ў спісе палітвязняў і асуджаных па палітычных крымінальных справах на сайце «Вясны».

Пра вызваленне ў Беларусі амерыканскай грамадзянкі паведаміў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа. Прычыны затрымання дыпламат не назваў, але падкрэсліў, што Анастасія — «невінаватая амерыканка». 

Анастасія— ураджэнка Беларусі, нарадзілася ў Мінску ў 1977 годзе. У 2013 годзе Анастасія выйшла замуж другі раз за Шэлдана Ньюфера, грамадзяніна ЗША. Амерыканскае інфармацыйнае агенцтва Associated Press са спасылкай на Дзяржаўны дэпартамент ЗША паведамляла, што Нюфер была затрыманая ў Беларусі ў пачатку снежня 2024 года. Афіцыйна прычына не названая, але ананімны былы высокапастаўлены беларускі дыпламат распавёў АР, што гэта звязана з пратэстамі 2020 года.

* * *

Праект «Беларускі Гаюн» — ініцыятыва, якая адсочвала ваенную актыўнасць у Беларусі — заявіў аб спыненні працы пасля доступу сілавікоў да яго чат-боту.

Digital Intelligence Team са спасылкай на праўладныя Telegram-каналы піша пра затрыманне 42-гадовага Максіма Нікіценкі. У апошнія гады ён працаваў на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. У Максіма жонка і двое дзяцей. Паведамляецца, што мужчыну затрымалі ў сувязі ботам «Бларускага Гаюна», доступ да якога нядаўна атрымалі сілавікі.

Варта адзначыць, што часам сілавікі мэтанакіравана робяць «укід», кажучы пра тое, што кагосьці затрымалі «ў сувязі з такой-та падзеяй». А пасля высвятляецца, што чалавека судзілі зусім па іншым артыкуле (ці не судзілі зусім). Таму варта дачакацца хоць бы прад'яўлення абвінавачвання Максіму Нікіценку, каб сцвярджаць, што яго сапраўды затрымалі ў сувязі ботам «Беларускага Гаюна».

* * *

У Віцебску за «распаўсюд экстрэмізму» зноў судзілі студэнта — трэцякурсніка мясцовага «МІПСА» Андрэя Салодкіна. Хлопец вучыцца на аддзяленні «Лагістыка». 7 лютага яго справу ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска разбірала суддзя Ганна Кот. Салодкіна вінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэміскай інфармацыі» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП) і ў «прапагандзе нацысцкай сімволікі» (ч. 1 арт. 19.10 КаАП).

Учора тая ж Ганна Кот за «распаўсюд экстрэмізму» судзіла студэнта Ёэля Юроўскага.

* * *

Міністэрства ўнутраных справаў сёмага лютага зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 30 чалавек — сярод іх фігуранты «справы Мачулішчаў» Мікалай Швец (у спісе МУС — грамадзянін РФ), украінка Ала Яцута і расіянін Алег Сычоў. Цяпер у спісе 4930 прозвішчаў

* * *

У судзе Рагачоўскага раёна пятага лютага суддзя Ірына Зыль разглядала адміністрацыйную справу ў дачыненні да мясцовай жыхаркі Юліі Касцючэнка. Жанчыну абвінавачвалі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

22 студзеня Юлію ўжо судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вынік мінулага і новага суда пакуль невядомы. 

Юлія Касцючэнка — былая палітзняволеная, напачатку 2023-га ёй прызначылі 1 год калоніі за «абразу Лукашэнкі» — паводле следства, жанчына на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Інстаграм» размяшчала допісы і відэазапісы, якія «ўтрымлівалі абразу на адрас Лукашэнкі». Юлія цалкам адбыла свой тэрмін.

* * *

Марыю Калеснікаву ў калоніі вярнулі ў атрад да іншых жанчын, паведаміла яе сястра Таццяна Хоміч.

«Мы даведаліся, што Марыя не ізаляваная ў калоніі і была вернутая ў атрад да іншых жанчын. Мы спадзяемся, што сувязь з Марыяй адновіцца», — напісала Хоміч.

Марыя Калеснікава, асуджаная да 11 гадоў зняволення, доўгі час утрымлівалася ў рэжыме інкамунікада, але 12 лістапада 2024 года стала вядома, што з дачкой дазволілі сустрэцца яе бацьку.

Ад сакавіка 2023 года Марыя ўтрымлівалася ў памяшканні камернага тыпу.