BYSOL стварыў «гарачую лінію» з-за ўзлому чат-бота «Беларускага Гаюна». Хронікі рэпрэсій 5 лютага
Сітуацыя з узломам чат-бота «Беларускага Гаюна» абрастае падрабязнасцямі. Аказваецца, у Беларусі можна хавацца ад вышуку некалькі гадоў! З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 5 лютага.
У судзе Ваўкавыскага раёна 21 студзеня асудзілі 16-гадовага Леаніда Трафімовіча па арт.370 (здзек над дзяржаўнымі сімваламі) Крымінальнага кодэкса. Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Мікалай Сяргейка.
Паводле матэрыялаў следства, Леанід, знаходзячыся на даху будынка, зрэзаў нажом чырвона-зялёны сцяг. Пазней супрацоўнікі ЖКГ заўважылі знікненне і звярнуліся ў міліцыю. У выніку Леаніду прызначылі адзін год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
* * *
У судзе Кобрынскага раёна 5 лютага пачалі судзіць адразу чатырох чалавек за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе: Івана Бурліка, Віктара Вярбіцкага, Аляксандра Дзмітрука і Івана Літвіна. Іх абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Гэта другі працэс у горадзе з 2020 года паводле «народнага» артыкула.
У 2024 годзе сілавікі перыядычна ладзілі рэйды ў Кобрыне за ўдзел у пратэстах чатырохгадовай даўніны. Так, напрыканцы жніўня затрымалі Івана Літвіна, якога цяпер судзяць. Справу разглядае Аляксей Кміта.
* * *
За студзень праваабаронцы зафіксавалі мінімум 506 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій. У іх ліку затрыманні, ператрусы і гэтак далей, паведамляе праваабарончы цэнтр Вясна.
На працягу студзеня было вынесена мінімум 175 палітычна матываваных прысудаў і мінімум 295 палітычна матываваных рашэнняў па адміністрацыйных справах. Шэраг палітвязняў, у тым ліку тых, каго ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада, на працягу апошніх месяцаў былі паказаны ў публікацыях і відэасюжэтах праўладных медыя. Аднак гэта не спыніла іх ізаляцыю ад знешняга свету і родных.
* * *
У Міёрскім судзе за «распаўсюд экстрэмізму» судзяць супрацоўніцу Беларусбанка Алу Катлярэнка. Разглядаць яе справу, пачатую паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП прызначаная Ірына Яскевіч. Па гэтым жа артыкуле 7 лютага ў судзе Мёрскага раёна будуць судзіць яшчэ адну жыхарку — Алену Слуцкую (суддзёй прызначаная Вераніка Кісляк). Старонкі Алы Катлярэнкі і Алены Слуцкай у сацсетках ужо зачыненыя.
* * *
Узламаны чат-бот ініцыятывы, якая сочыць за ваеннай актыўнасцю ў Беларусі — «Беларускі Гаюн». Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», на мінулым тыдні ў Беларусі затрымалі двух актывістаў — хлопца і дзяўчыну. Па расказах знаёмых, яны доўгі час знаходзіліся ў вышуку, але з краіны не выязджалі. У апошні час пара хавалася пад Мінскам. Тыдзень таму актывістка перастала выходзіць на сувязь. Неўзабаве стала вядома пра яе затрыманне. Мяркуючы па ўсім, у яе мабільніку знайшлі старую запрашальную спасылку ў чат, куды перасылалі кантэнт з бота «Гаюна». Дзяўчына забылася выдаліць яе. Паколькі спасылка не была адкліканая, сілавікі змаглі атрымаць доступ да чату.
Тэлеграм-канал сілавікоў апублікаваў нібыта скрыншот перапіскі дзяўчыны з Антонам Матолькам. Аднак яе сябры кажуць, што гэта не яе стыль пісьма. Магчыма, сілавікі намалявалі «перапіску» самі.
Матолька паведаміў пра пагрозу для людзей, якія пісалі ў чат-бот канала «Беларускі Гаюн». «Мы не ведаем, які аб'ём дадзеных мог быць выгружаны за той час, пакуль у старонняга акаўнта быў доступ... Калі вы дасылалі інфармацыю, якая можа вас ідэнтыфікаваць, або пісалі з акаўнтаў, якія могуць вас ідэнтыфікаваць, вы пад пагрозай. Таксама настойліва рэкамендую ўсім, хто карыстаецца акаўнтам у Тэлеграме працяглы перыяд, выдаліць яго і стварыць новы, і рэкамендуецца так рабіць хоць бы раз у год» — напісаў ён.
«Калі сённяшні ўзлом чат-бота “Беларускага Гаюна” тычыцца вашай бяспекі, звяртайцеся на кансультацыю або па эвакуацыю на гарачую лінію BYSOL — @help_bysol», — прапануе кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак.
* * *
Таксама кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак паведаміў, што сілавікі ўзмацнілі кантроль і праверкі тых, хто выязджае з краіны: «Практыкай паглыбленых праверак на мяжы для тых, хто вяртаецца ў Беларусь, ужо нікога не здзівіш, але ж мы атрымалі інфармацыю пра тое, што сілавікі ўзмацнілі кантроль і праверкі і тых, хто выязджае з краіны. Будзьце пільныя і падрыхтаваныя — трымайце дэвайсы чыстымі, галовы халоднымі і памятайце што тэхніка бяспекі жыцця пры дыктатуры гэта, у першую чаргу, ваша асабістая адказнасць».
* * *
У Паставах за «экстрэмізм» судзілі маладую сямейную пару. Дзесяць хвілін адвяла суддзя Наталля Максімавіч на разгляд пратаколу ў дачыненні да 29-гадовага Яўгена Радзевіча. А неўзабаве занялася і справай Луізы Радзевіч. І Яўгену, і Луізе ставілі ў віну распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (ч.2 арт. 19.11 КаАП), паведамляюць віцебскія праваабаронцы.
* * *
Сёння пачынаецца чарговы суд над палітвязнем Уладзімірам Кнігай. Фігуранта справы Ціханоўскага ўтрымліваюць у зняволенні амаль чатыры з паловай гады, з іх больш за год і трох месяцаў — у рэжыме інкамунікада без сувязі са знешнім светам, нагадваюць праваабаронцы.
Летась Уладзіміру Кніге дадалі яшчэ год пазбаўлення волі паводле арт. 411 КК (Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі) і перавялі ў Барысаўскую калонію № 14.
Паводле праваабаронцаў, там на Уладзіміра працягваюць аказваць ціск: яго змясцілі ў ПКТ і рэгулярна выпісваюць новыя парушэнні. Акрамя таго, пазбавілі перадач, спатканняў і званкоў. 5 лютага суд Барысаўскага раёна пачынае разглядаць ужо іншую справу супраць палітвязня паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Працэс будзе весці суддзя Людміла Зінкевіч. Палітвязню пагражае да года пазбаўлення волі.
* * *
У Беларусі адмовілі ў памілаванні 28 палітвязням, паведаміў генпракурор Андрэй Швед. З ягоных слоў, камісія, якую ён узначальвае, атрымала 230 заяў «асуджаных за злачынствы экстрэмісцкага характару». «Па 202 мы далі станоўчае заключэнне і па 28 палічылі, што асобы, якія звярнуліся, не могуць быць амніставаныя», — сказаў Швед.
Апошняе памілаванне групы палітвязняў (восем чалавек) адбылося 24 студзеня. Па стане на 5 лютага ў Беларусі прызнаныя палітычнымі зняволенымі 1234 чалавекі.