Дабрачыннасць у Беларусі — па ранейшаму «экстрэмізм». Хронікі рэпрэсій 3 лютага

Дабрачыннасць у Беларусі — па ранейшаму «экстрэмізм». Краўдфандынгавы праект Gronka прызнаны ўладамі Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем». З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 3 лютага.

hroniki_represij2_4_1.webp

Настаўніцу англійскай судзяць за «распальванне варожасці» і «заклікі да прычынення шкоды Беларусі». Судовы працэс над Аленай Бадзяка пачаўся 31 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе. 

Алене Бадзяка 29 гадоў, яна з Глыбокага. У 2019 годзе скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Пазней працавала выкладчыкам англійскай мовы ў розных прыватных школах — Step by Step, Kidslab і іншых. Судзіць настаўніка Вера Галаўкова. Дзяўчыне пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

* * *

Справа Віктара Вараб'ёва пачне разглядацца 14 лютага ў Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме. 29-гадовы супрацоўнік мытні абвінавачваецца ажно па пяці палітычных артыкулах: дзяржаўная здрада (частка 1 артыкула 356 КК); перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў (частка 1 артыкула 426 КК); садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (частка 1 артыкула 361-4 КК); удзел у экстрэмісцкім фарміраванні (частка 3 артыкула 361-1 КК); грубае парушэнне грамадскага парадку (частка 1 артыкула 342 КК).

Як паведамілі ў праекце Digital Intelligence Team, Віктар Вараб'ёў — ураджэнец Расіі, але мае беларускае грамадзянства. Ён працаваў у Мінскай цэнтральнай мытні. «Медиазона» звярнула ўвагу на яго старонку ў сетцы Linkedin. Там пазначана, што з 2018 года Віктар працаваў старшым інжынерам па камунікацыях у мытні. Па артыкуле за дзяржаўную здраду яму пагражае да 15 гадоў зняволення, а ў суме — да 20 гадоў.

* * *

Відэааператар з Гомеля Андрэй Толчын у сакавіку 2024 года быў прысуджаны да 2,5 гадоў пазбаўлення волі, але ў верасні вызвалены ўмоўна-датэрмінова. Праз паўтара месяца журналіста зноў затрымалі. 5 снежня мінулага года ў Савецкім судзе Гомеля Толчын быў асуджаны паводле ч. 2 арт.19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Далейшы лёс журналіста невядомы.

Сёння праваабаронцы паведамілі, што журналіст знаходзіцца на волі. Але яго не адпусцілі з месцаў утрымання, а выпісалі з лякарні. Чаму яго давялося шпіталізаваць, невядома, як і невядомы бягучы стан здароўя Толчына.

* * *

Супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі». Справа Карыны Пратасчык разглядалася 3 лютага ў Мінскім гарадскім судзе. Дзяўчыну абвінавачваюць у «закліках да дзеянняў, якія наносяць шкоду Беларусі» (ч.3 арт. 361 КК). Ёй пагражае да дванаццаці гадоў калоніі.

Карыне Пратасчык 29 гадоў. Яна родам з Мінска. Паводле звестак «Белпола», з 2017 года Пратасчык працавала на «Пеленгу», у апошні час — кантралёрам аптычных дэталяў і прыбораў 5 разраду ў бюро тэхнічнага кантролю аптычнага і касмічнага вытворчасці.

Невядома дакладна, калі яе затрымалі — апошняя актыўнасць Карыны ў сацсетках была больш за 7 месяцаў таму. Прыкладна ў той жа час, у ліпені 2024 года, праходзіла аблава на супрацоўнікаў «Пеленга». Яна была звязаная з вялікім расследаваннем «Белпола», якое грунтавалася на злітых з прадпрыемства дакументах. Супрацоўнікаў «Пеленга» вадзілі на паліграф, а некаторых — звольнілі. Аб крымінальных справах па выніках аблавы дагэтуль не было вядома.

* * *

Краўдфандынгавы праект Gronka прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем» у Беларусі. Адпаведнае рашэнне КДБ прыняў 27 студзеня. Па звестках ведамства, да ініцыятывы маюць дачыненне Павел Лібер і Крысціна Дробыш.

* * *

Мінскі гарадскі суд вынес прысуд адміністрацыйнаму дырэктару цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC, вядомаму беларускаму эканамісту Паўлу Данейку. Яго прысудзілі да 12 гадоў калоніі і штрафу ў памеры 13 тысяч базавых велічынь (546 тысяч рублёў).

Павел Данейка абвінавачваўся ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч.1 арт. 357 КК), стварэнні або ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), арганізацыі і кіраўніцтве прадпрымальніцкай дзейнасці без ліцэнзіі (ч. 4 арт. 16 і ч. 2 арт. 233). Па версіі абвінавачвання, Данейка ў жніўні 2020 года ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады і «як яго ўдзельнік здзяйсняў актыўныя дзеянні для дасягнення мэтаў неканстытуцыйнага захопу дзяржаўнай улады».

* * *

Былы міліцыянт, які працаваў дальнабойнікам, вярнуўся ў Беларусь і атрымаў чатыры палітычныя артыкулы. Арцёма Ліцевіча судзяць ужо другі раз, і ён можа атрымаць да 12 гадоў калоніі. 

Арцёму Ліцевічу 42 гады. Па дадзеных праекта Digital intelligence team, ён родам з Расійскай Чыты, нарадзіўся ў сям'і вайскоўца. Калі Арцём быў маленькім, сям'я пераехала ў Бабруйск. У 2003 годзе ён пайшоў працаваць у міліцыю. Пазней паступіў у Магілёўскі вышэйшы каледж МУС. Але ў 2008-м яго звольнілі ў званні старэйшага сяржанта за «парушэнне ўмоў кантракту».

Пасля гэтага працаваў на многіх працах, галоўным чынам — кіроўцам, апошнім часам дальнабойнікам. Вядома, што яго затрымалі пасля вяртання ў Беларусь. Паводле звестак праекта Dissidentby, яго абвінавацілі ў напісанні каментароў.

Першы суд над Ліцевічам адбыўся 24 кастрычніка 2024 года. Тады яго абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах і «закліках да прычынення шкоды Беларусі» (ч.3 арт. 361 КК). Прысуд невядомы, але ў снежні 2024 года ён уступіў у сілу. 31 студзеня 2025 года над ім пачнецца новы працэс у Мінскім гарадскім судзе. Ліцевіча абвінавачваюць яшчэ паводле двух артыкулаў — «удзел у экстрэмісцкім фармаванні» (ч.3 арт. 361-1 КК) і «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК).

* * *

3 лютага ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачнецца судовы працэс у дачыненні да Мікалая, Алены і Мікіты Ляпешак. Сям’і інкрымінуецца «народны» артыкул 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

* * *

Памятаеце пра затрыманне дырэктара, якому ставілі ў віну «недастатковае ачышчэнне заводу ад іншадумцаў»? 28 студзеня дырэктара Рэчыцкага метызнага завода Віктара Самончыка вывелі з працоўнага месца ў кайданках. На заводзе казалі, што затрыманне звязанае з адмовай Самончыка звальняць супрацоўнікаў паводле палітычыных матываў.

На наступны дзень дырэктар вярнуўся да працы, а кіраўніка аддзелу забеспячэння завода Івана Дзенісенку, які раней атрымаў 5 сутак арышту за «распаўсюд экстрэмізму», усё ж звольнілі з прадпрыемства, паведамляе «Гомельская вясна». Ці працягваюць працаваць іншыя супрацоўнікі, якіх пераследавалі па палітычных матывах, — невядома.

* * *

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» шэраг украінскіх тэлеграм-каналаў. Цяпер у вачах рэжыму Лукашэнкі «экстрэмісцкія» наступныя ўкраінскія тэлеграм-каналы і чаты: «✙ Київ Оперативний | Kyiv Operative ✙»; «Левый Берег Киев»; «Київ ІНФО | Новини Україна»; «ХК Київ»; «Україна Сейчас | УС: новини, політика, війна».

Таксама туды трапілі: ютуб-канал Рadzei; старонка ў тыктоку «doroga.v.аd»; старонка ў фэйсбуку «Игорь Суглоб»; старонка ў фэйсбуку Avi Aries; старонка ў інстаграме cyan.waw.

* * *

З 2020 года ў Беларусі зачыніліся як мінімум 1896 некамерцыйных арганізацый, піша праект Lawtrend. З іх не менш за 709 прынялі рашэнне аб ліквідацый самастойна.

За мінулы год у Беларусі ліквідавалі як мінімум 382 НКА. У студзені 2025 упершыню з 2021 года знізілася інтэнсіўнасць ліквідайцый НКА: за месяц эксперты зафіксавалі падачу толькі аднаго іску аб спыненні дзейнасці грамадскага аб'яднання. «Разам з тым у краіне ідзе кампанія па перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый», — гаворыцца ў даследаванні.