Дырэктара затрымалі за «недастатковае ачышчэнне заводу ад іншадумцаў». Хронікі рэпрэсій 28 студзеня
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 28 студзеня.
Суд Глыбоцкага раёна цягам двух тыдняў разгледзіць крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) у адносінах да чатырох чалавек. Раней па «народным» крымінальным артыкуле ў Глыбокім нікога не судзілі.
Сёння, 28 студзеня, за ўдзел у акцыях пратэсту судзяць братоў Івана і Дзмітрыя Піскуновічаў. 4 лютага пад крымінальны суд патрапіць Раман Васілевіч. А 7 лютага пачнуць судзіць прадпрымальніка Ігара Шкетава, якога сілавікі называюць адміністратарам Instagram-акаўнта «Падслухана Глыбокае». Усе справы паводле арт. 342 КК разглядае суддзя Андрэй Тарасевіч.
Нагадаем, у верасні і кастрычніку 2024 года сілавікі зладзілі рэйд на жыхароў Глыбокага за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Паведамлялася пра затрыманне мінімум 12 чалавек. Некаторым інкрымінавалі арт. 342 КК.
* * *
28 студзеня МУС прыняло рашэнне прызнаць «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» праекты «Лукашолкі» і «Простымі Словамі». Пры гэтым старонкі праекта «Простымі Словамі» не абнаўляліся ўжо два гады.
* * *
Праваабаронцы «Вясны» публікуюць чарговыя лічбы пра рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў. Так, за ўдзел у пратэстах супраць сфальсіфікаваных выбараў у 2020 годзе былі асуджаныя больш за 3270 чалавек. Ім інкрымінавалі артыкулы 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), 342-2 КК (неаднаразовае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў), 293 КК (масавыя беспарадкі).
363 КК (аказанне супраціву супрацоўніку ўнутраных спраў) і 364 КК (гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі). Па гэтых артыкулах былі асуджаныя ў агульнай складанасці не менш за 307 чалавек.
Першыя палітвязні Беларусі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе былі асуджаныя менавіта за «супраціў» амапаўцам.
* * *
28 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе адбыўся суд над Анатолем Крупіным. Яго судзілі за «ўзбуджэнне варожасці» (ч.1 арт. 130 КК). Анатолю Крупіну 65 гадоў. Паводле звестак БЕЛПОЛ, у 1993-2015 гадах мужчына працаваў інспектарам бяспекі ў аэрапорце «Мінск-2». У 2016 годзе ён згадваўся як кіраўнік службы авіяцыйнай бяспекі і змены рэжыму. Вынікі суда пакуль невядомыя.
* * *
Беларускаму бізнэсоўцу пагражае да 12 гадоў калоніі паводле трох «палітычных» артыкулаў. Алег Самародскі кіраваў двума бізнэсамі, а цяпер быў арыштаваны паводле «палітычных» артыкулаў.
Паводле дадзеных праекта Digital Intelligence Team, Самародскі родам з горада Ражска Разанскай вобласці Расіі, але жыве ў Беларусі і мае грамадзянства краіны. У 1985 годзе ён скончыў Мінскі інстытут замежных моў па спецыяльнасці «Перакладчык англійскай і французскай моў». У яго трое дзяцей.
Самародскі быў кіраўніком фірмы «Владкас», якая займалася вырошчваннем гародніны, насення і расады, таксама дырэктарам фірмы «Белбаскітлід», якая вырабляе драўляную тару і іншыя прадметы з дрэва ў Іўі Гродзенскай вобласці.
Невядома, калі яго затрымалі. Суд над ім пачнецца 6 лютага 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе. Абвінавачваюць бізнэсоўца паводле трох артыкулаў КК: ч. 3 арт. 361-3 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), ч.3 арт. 361 (заклікі да прычынення шкоды Беларусі) і ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці). Яму пагражае да 12 гадоў калоніі. Абставіны справы невядомыя.
* * *
Эвакуяваная завуч гімназіі з Ляхавічаў Таццяна Крапіневіч. Пра гэта паведаміў дырэктар BYSOL Андрэй Стрыжак.
Яна была вымушаная пакінуць краіну праз прэсінг, які ёй зладзіла Вольга Бондарава. BYSOL эвакуіраваў Таццяну літаральная за некалькі дзён да прызначанага суда.
* * *
У судзе Ленінскага раёна Мінска 28 студзеня будуць разглядаць тры справы паводле арт.10.9 КаАП (Парушэнне заканадаўства аб выбарах рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян), паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Гэты артыкул прадугледжвае штраф памерам да 15 базавых велічынь (630 рублёў).
Судзіць будуць Сяргея Дулевіча, Сяргея Шчамера і Наталлю Захараву-Прангішвілі. Суддзя — Марына Клімчук. Дызайнер-рэканструктар з Мінска Наталля Захарава-Прангішвілі ўдзельнічала ў рэканструкцыі на «Лініі Сталіна».
* * *
Генпракуратура пагражае крымінальнымі справамі ўдзельнікам акцый за мяжой: сцвярджае, што «ідэнтыфікавала 365 удзельнікаў акцый за мяжой». Усіх іх збіраюцца прыцягнуць да крымінальнай адказнасці ў парадку спецыяльнай вытворчасці. Большасць ідэнтыфікаваных з Варшавы (203 чалавекі).
Таксама ведамства нагадала, што ва ўсіх удзельнікаў акцый будуць шукаць маёмасць на тэрыторыі Беларусі, «у тым ліку зарэгістраваную на іншых асоб».
* * *
«Флагштоку» стала вядома, што сёння раніцай з працоўнага месца ў кайданках сілавікі вывелі Віктара Самончыка — дырэктара Рэчыцкага метызнага завода. Афіцыйнай інфармацыі пра затрыманне няма, але ў калектыве мяркуюць, што затрыманне адбылося з палітычных прычын: кіраўнік «недастаткова актыўна ачышчаў завод ад іншадумцаў». Апошнім часам на заводзе былі затрыманыя некалькі кіраўнікоў паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў Адміністрацыйнага кодэкса.