Спявак Дзядзя Ваня шукае працу — гэтага патрабуюць умовы «хатняй хіміі». Хронікі рэпрэсій 27 студзеня
На аднаго вызваленага палітвязня прыходзіцца некалькі паведамленняў пра суды і ўзмацненні пакарання ўжо асуджаным палітвязням. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 27 студзеня.

Спявак Дзядзя Ваня, які адбывае «хатнюю хімію», шукае працу. У снежні Івану Вабішчэвічу прысудзілі два з паловай гады «хатняй хіміі» за ўдзел у нядзельным маршы ў Мінску 23 жніўня 2020 года. Яго таксама ўключылі ў «спіс экстрэмістаў». Вабішчэвіч у сацсетках звярнуўся да сваіх прыхільнікаў: «Лэдзі і джэнтльмены, нарэшце наступіў той дзіўны момант, калі я магу сказаць, што шукаю працу. Так што калі камусьці патрэбны такі работнік, як я, які ўмее... Я сам, напэўна, яшчэ не ведаю, што ўмею. Але ў прынцыпе пажадана, каб праца была ў Мінску. Каб быў васьмігадзінны працоўны дзень (можна трохі менш). Можна на паўстаўкі. Пажадана, каб субота і нядзеля былі выходнымі. Пішыце свае прапановы. Можа, дзесьці спатрэблюся».
У Беларусі даўно існуе «чорны спіс» артыстаў, якім забаронена выступаць у краіне (хоць афіцыйна ўлады гэта адмаўляюць). Пасля выбараў 2020 года ён значна пашырыўся. За адсутнасць афіцыйнай працы Дзядзю Ваню могуць замяніць «хатнюю хімію» на рэальную — з адбываннем у папраўчай установе адкрытага тыпу.
* * *
Як паведамляюць праваабаронцы, 6 лютага ў закрытым рэжыме пачнецца працэс над 35-гадовым жыхаром Гомеля Юрыем Залатухіным. Яму выстаўленае абвінавачванне паводле арт. 356 КК (здрада радзіме). Суддзёй будзе Дзмітрый Казлоў.
Пакуль невядома, у чым менавіта абвінавачваецца мужчына. Мяркуючы з ягоных сацсетак, жонка Юрыя — украінка Ірына. Вядома, што мужчына некаторы час працаваў на будоўлі, аднак інфармацыі пра апошні месяц яго працы няма.
* * *
Як паведамляе «Брэсцкая Вясна», адбудзецца ўжо трэці суд над палітвязнем з Пружанаў Юліяй Лаптановіч. За што — невядома. Раней па палітычных матывах ужо былі асуджаныя яе муж і маці. Юлія знаходзіцца за кратамі ўжо больш за тры гады. Цяперашні працэс адбудзецца ў Брэсцкім абласным судзе.
Цяпер жанчыне паставілі ч. 2 арт. 361-4 КК, так званае «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (нагадаем, што беларускія ўлады называюць гучным словам «экстрэмізм» амаль усё, што звязана з крытыкай уладаў ці нават проста не адпавядае афіцыйнай пазіцыі дзяржавы).
* * *
Палітзняволеная Ірына Шчасная распавяла, як у калоніі іх увесь час прымушалі слухаць песню Шамана «Я рускі» — канваіры ўключалі яе зноў і зноў. Гэта быў адзін са спосабаў псіхалагічнага ціску, мяркуе яна.
* * *
Выйшаў на волю палітвязень Чэслаў Канановіч. Ён правёў за кратамі паўтара года, і быў вызвалены па памілаванні.
Канановіча затрымалі ў ліпені 2023 года, ён працаваў намеснікам дырэктара ў ЗАТ «Спецоргбуд». Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне дзейнасці для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні, альбо ва ўзброеных канфліктах), а ў снежні 2023 года суддзя Вячаслаў Тулейка прызначыў Канановічу пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Вядома, што Чэслаў для змякчэння прысуду зрабіў некалькі ахвяраванняў у падкантрольныя ўладам дабрачынныя арганізацыі, а таксама ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Пакаранне адбываў у Магілёўскай калоніі.
* * *
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», 22 студзеня ў Бабруйску адбыўся суд па ўзмацненні жорсткасці рэжыму ўтрымання палітвязня ўкраінца Андрэя Шмая. Цалкам верагодна, што яго неўзабаве перавядуць на турэмны рэжым.
Андрэй Шмай нарадзіўся ў Чарнігаве і мае ўкраінскае грамадзянства. Ён пераехаў у Беларусь пасля жаніцьбы. Сям'я пражыла ў Віцебску 10 гадоў. Вядома, што мужчына з'яўляецца былым вайскоўцам — з 2006 па 2013 год служыў на беларуска-ўкраінскай мяжы інспектарам пункта пропуску «Ярылавічы». Палітвязня затрымалі 19 студзеня 2023 года прама на працоўным месцы па «справе ў Мачулішчах». Яму было прад'яўленае абвінавачванне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 358 (шпіянаж) і арт.358-1 (агентурная дзейнасць). Ён быў прысуджаны да турэмнага зняволення. Дакладны тэрмін праваабаронцам невядомы. Адбываць тэрмін Андрэя адправілі ў Бабруйскую калонію №2.
* * *
У судзе Глыбоцкага раёна 7 лютага пачнуць судзіць прадпрымальніка Ігара Шкетава, якога сілавікі называюць адміністратарам Instagram-акаўнта «Падслухана Глыбокае», піша «Вясна».
Гэты паблік быў даволі папулярны сярод жыхароў Глыбокага, на яго падпісаныя больш за тры тысячы чалавек.
Мужчыну затрымалі ў сярэдзіне верасня 2024 года. Сілавікі знялі з ім відэа. Цяпер яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях). Справу будзе разглядаць Андрэй Тарасевіч.