Асобная думка. Салодкае для Джымі

Прайшло некалькі дзён пасля  так званых «выбараў» — самай «эпахальнай падзеі пяцігодкі» па меркаванні праўладных рупараў. Толькі тыдзень таму людзі, якія лічылі сябе «кандыдатамі ў прэзідэнты», адважна і бязлітасна дзялілі ў тэлесутыкненнях ганаровае другое месца. Сёння ж падаецца, што гэта ўсё — справа даўно мінулых дзён, а між тым яшчэ нават няма афіцыйных вынікаў. Я не вельмі памылюся, калі выкажу думку, што нават адразу пасля вылучэння кандыдатаў у кандыдаты, на гэтым усім можна было ставіць кропку і не марнаваць дзяржаўныя грошы.

Кадр з фільму «Танцор дыска»

Кадр з фільму «Танцор дыска»

Увогуле, ўся гэтая валтузня вельмі нагадвала чарговы прагляд даўно знаёмай малабюджэтнай індыйскай кінастужкі ў адрамантаванай кіназалі сялянскага дома культуры. Гэтую стужку прывозяць сюды ўжо не першы раз з самых розных нагодаў. Сюжэт і «героі» даўно вядомыя, выканаўца ролі галоўнага «станоўчага героя» не сыходзіць з экранаў некалькі дзясяткаў год, «ворагі» таксама тыя ж, а рытуальныя танцы цягам дзеянняў памятаюць яшчэ нашыя бабулі. Штопяцігадовыя «Джымі, Джымі, —  ача, ача» гэтым годам гучалі як «Трэба!», бо нават сябрам  відавочна, што «Джымі» ўжо зусім не «ача». Нязменнымі засталіся толькі багатыя аздабленні асяроддзя галоўнага «героя» з ягонымі паплечнікамі і дрэнна прыхаваная галеча астатняга наваколля. І вось ведаеш ты кожную хвіліну і падзею наперад, але ўсё роўна павінен глядзець, бо такі вось рытуал абрання старога «Джымі» на новы тэрмін. 

Чарговы прагляд, чарговы чаканы вынік, чарговы дзень пасля, чарговы тыдзень... Дзяжурнае канстатаванне папярэдніх вынікаў, якое ўжо падстава для віншаванняў з боку найбольш зацікаўленых асобаў і тыя самыя віншаванні — нічога новага. Дый адкуль возьмецца штосьці новае, каліі ўсе намаганні ўлады накіраваны на татальнае захоўванне таго «як ёсць»? Кожны «вінцік» уладнай машыны добра разумее, што любыя «перамены» есць самая вялікая пагроза самому існаванню гэтай сістэмы. Дазволены толькі касметычныя «паглыбленні, абнаўленні і ўдакладненні» і тое толькі з самага найвышэйшага дазволу. Так што «дзень сурка» ў асобна ўзятай краіне працягваецца і гэта адзіны з самых чаканых вынікаў так званых «выбараў». 

Ніякіх незвычайнасцяў няма і быць не можа. Нават чарговае абвяшчэнне аб ізноўку такі звычайным перадвыбарчым падвышэнні пенсіяў не выклікала аніякага энтузіязму ў мэтавай аўдыторыі, бо пастаянны рост коштаў нівелюе гэты крок у нуль, калі не ў прастору адмоўных велічынь. Увогуле, тэма заробкаў і дабрабыту гучала падчас выбарчай кампаніі даволі сцісла і сціпла, хаця, паводле афіцыйных крыніц, гэтая праблема няспынна расце.

А самае галоўнае на будучую пяцігодку было агучана падчас вялікай прэс-канферэнцыі бяззменнага пераможцы ўсіх выбараў. Напэўна, упершыню за ўсе гады без усялякіх фінтоў і акалічнасцяў, адкрыта і гучна, коратка і ясна, літаральна ў дзвюх сказах была сфармулявана сутнасць унутранай дзяржаўнай палітыкі:

«Мы пять лет проводили такую политику, чтобы народ не раскрыл рот и не обвинил нас. Ну у нас вот такая практика, вот такая политика». «Тюрьма — это тот, кто слишком широко открыл рот»

Фактычна дадаць тут няма чаго — усё чотка і празрыста. Даўно ўжо вядома, што за любое відэа нават чаргі ў паліклініцы ці нявінны жарт у бок «сілавікоў» можна лёгка атрымаць мінімум «суткі» ў ізалятары і галоўную ролю ў кароткаметражнай міліцэйскай стужцы. Гэта яшчэ лічыцца даволі лёгкім вынікам. Жартаваць і крытыкаваць можна толькі на спецыяльна вызначаныя тэмы, а лепей гэтым увогуле не займацца, бо невядома што не спадабаецца «кантралёрам» у наступны раз.

 Сумна? Безумоўна! Але ж улады ў ліхаманкавых жаданнях знішчыць крытыку ў свой бок як з’яву і заахвочванні салодкіх рэляцый аб сваіх неверагодных поспехах літаральна ва ўсіх галінах дзейнасці, забываюцца аб некалькіх важных рэчах. Салодкае ў празмерных колькасцях вельмі шкодзіць здароўю і досыць хутка выклікае дыябет.

Ну і абавязкова трэба памятаць — аб кім звычайна кажуць толькі добрае, альбо зусім нічога.