Комік Слава Камісаранка афіцыйна стаў «экстрэмістам». Хронікі рэпрэсій 24 студзеня
Стэндап-комік Слава Камісаранка і яшчэ 20 чалавек унесеныя ў «спіс грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У той жа час памілавана яшчэ 8 палітвязняў. Аднак не спыняецца і набор новых палітвязняў. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 24 студзеня.
Следчы камітэт заявіў, што вызначыў каардынатараў мерапрыемстваў беларусаў у Еўрасаюзе і іншых краінах. Адзначаецца, што сярод іх: Польшча — Ціханоўская, Латушка, Фёдараў, Макаранка, Балкунец, Лапко; Аўстрыя — Дайнека, Свіркова; Вялікабрытанія — Хортан; Ізраіль — Фруман; Швецыя — Васерман; Германія — Таўбе; Італія — Юно; Літва — Калегава і гэтак далей. У ведамстве пагражаюць даць «жорсткую і прынцыповую прававую ацэнку» гэтым людзям.
* * *
10 студзеня суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска разгледзеў трэцюю крымінальную справу ў дачыненні да палітвязня Сяргея Франчука. Гэтым разам яго абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК), паведамляюць праваабаронцы «Вясны». Суддзя Андрэй Літвін прысудзіў Сяргея яшчэ да шасці месяцаў пазбаўлення волі ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі, а таксама да штрафу ў памеры 50 базавых разлікаў (2000 рублёў).
Сяргей Франчук з'яўляецца стрыечным братам былога намесніка камандзіра Каліноўскага палка Вадзіма Кабанчука, прадстаўніка АПК па абароне і нацыянальнай бяспецы.
* * *
Суд над Дзмітрыем Жарнасекам і яго дачкой Лізаветай адбыўся 16 студзеня. Іх судзілі паводле ч. 1 арт. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), паведамляе праваабарончы цэнтр Вясна. Суддзя Іна Сівец прысудзіла Змітра і Лізавету да двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі без утрымання ў папраўчай установе адкрытага тыпу («хатняя хімія»).
Апошнім часам Дзмітрый працаваў кіроўцам у прыватнай кампаніі. Вядома, што ў лістападзе 2020 года мужчыну прысудзілі да 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту.
* * *
24 студзеня МУС падрыхтавала традыцыйнае пятнічнае абнаўленне «спісу грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Сярод іншых у спіс трапілі стэндап-комік Слава Камісаранка і ІТ-спецыяліст Валерый Мяфодзіенка з Сянно.
* * *
24 студзеня Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 15 асуджаных. Сярод іх 8 палітвязняў — пяць жанчын і трое мужчын, якія «ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці». У пяцярых з іх ёсць дзеці, адна жанчына цяжарная.
Таксама памілаваныя 7 чалавек, асуджаных за незаконны абарот наркатычных сродкаў. Шэсць з іх здзейснілі злачынствы ў непаўналетнім узросце. У аднаго асуджанага выяўлена анкалагічнае захворванне. За апошні год Лукашэнка «памілаваў» 293 чалавекі, падлічыў «Пул першага».
* * *
Генпракуратура ўзбудзіла ў дачыненні да членаў аб'яднання BELPOL крымінальную справу па факце «наўмысных незаконных збору і распаўсюджвання інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных больш за дзесяць тысяч грамадзян, якія з'яўляюцца членамі выбарчых камісій і назіральнікамі ў перыяд выбарчай кампаніі 2025 года».
Раней аб'яднанне BELPOL заявіла аб атрыманні дадзеных больш чым дзесяці тысяч членаў выбарчых камісій і назіральнікаў, якія былі задзейнічаныя ў падрыхтоўцы выбарчай кампаніі ў Беларусі 2025 года. Паводле інфармацыі арганізацыі, гэтыя асобы былі зацверджаныя ў верасні 2024 года, яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння даты выбараў.
* * *
Былога палітвязня, які выйшаў паўгода таму з Наваполацкай калоніі, зноў судзілі за «экстрэмізм». Магілёвец Алег Ягоранкаў быў затрыманы ў сакавіку 2023 года і праз два месяцы прысуджаны да 1,5 года калоніі за абразу Лукашэнкі. Мужчына адбываў пакаранне ў Наваполацкай калоніі. Вызваліўся ў ліпені 2024 года.
Як паведамляе «Віцебск, я гуляю», 21 студзеня 2025 года, у першы дзень датэрміновага галасавання, мужчыну судзілі паводле адміністрацыйнага артыкула за распаўсюд «экстрэмізму».
* * *
У Беларусі плюс тры новыя палітзняволеныя. Гэта Ігар Майсеенка, Алена Бобр, а таксама грамадзянін Эстоніі Алан Ройа.
* * *
Былую супрацоўніцу «Нафтана» і кіраўніцу незалежнага прафсаюза на заводзе Вольгу Брыцікаву дадалі ў «спіс тэрарыстаў». Упершыню жанчыну арыштавалі ў 2022 годзе за выказванні супраць вайны і «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» — усяго яна правяла за кратамі 105 сутак адміністрацыйнага арышту. Пазней сілавікі затрымалі яе ў рамках крымінальнай справы, абвінаваціўшы ў «распальванні варожасці».
У красавіку 2024 года яе прысудзілі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. У верасні 2024-га Брыцікаву асудзілі паўторна — на гэты раз па артыкулах аб закліках да санкцый і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Цяпер яна адбывае пяцігадовы тэрмін зняволення. На «Нафтане» жанчына працавала 16 гадоў.
* * *
За ўдзел у пратэстах пачынаюць судзяць выкладчыцу ўніверсітэта фізкультуры. 51-гадовая Эліна Лапухіна (Хацько) зрабіла баскетбольную кар'еру, гуляла за клубы БДПУ, «Акадэмія», «Бярэзіна». Яна была чэмпіёнкай Беларусі ў 2002 годзе, а таксама дзесяць разоў выйгравала сярэбраныя і бронзавыя медалі чэмпіянату Беларусі. Пасля заканчэння кар'еры ў 2007 годзе Лапухіна пачала выкладаць у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.
23 студзеня Эліну Лапухіну пачынаюць судзіць у судзе Савецкага раёна Менска. Ёй інкрымінуецца ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суддзя Сяргей Шаціла.