За чатыры гады колькасць адвакатаў у Беларусі скарацілася больш, як на чвэрць. Хронікі рэпрэсій, 21 студзеня
Паводле даных міжнароднай абсерваторыі «Юрысты ў небяспецы» (OIAD), распаўсюджаных Беларускай асацыяцыяй адвакатаў правоў чалавека (БААПЧ), у 2021 годзе ў Беларусі было 2,2 тысячы адвакатаў-практыкаў, то цяпер іх на 600 менш – 1,6 тысячы. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 21 студзеня.
Пераслед адвакатаў
Паводле звестак абсерваторыі «Юрысты ў небяспецы», у 2020–2024 гадах сама меней 11 беларускім адвакатам выставілі абвінавачанні ў рамках крымінальных спраў, 6 адвакатаў знаходзяцца за кратамі, 4 «зазналі катаванні падчас затрымання», не менш як 139 пазбавілі права на прафесію.
БААПЧ паведамляе, што 20–25 студзеня ў розных гарадах ЗША, Нямеччыны, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і іншых краін праходзяць акцыі ў падтрымку беларускіх адвакатаў. Мерапрыемствы праводзяць, каб распаўсюдзіць інфармацыю пра «рэпрэсіі ў дачыненні беларускіх адвакатаў, арышты, катаванні, запалохванні, публічную дыскрэдытацыю, перашкоду з боку дзяржавы ў выкананні адвакацкай дзейнасці, асабліва ў палітычна матываваных справах, пра поўны дзяржаўны кантроль над прафесіяй юрыста і адсутнасць незалежнай судовай улады».
Шматдзетную маці Юлію Лаптановіч будуць судзіць трэці раз
Палітзняволеная Юлія Лаптановіч утрымліваецца за кратамі больш за тры гады і тры месяцы. Напачатку студзеня да «хатняй хіміі» асудзілі яе маці — Таццяну Васільеву, а муж Юліі Ігар Лаптановіч у 2023 годзе цалкам адбыў пазбаўленне волі.
Жанчыну ўжо двойчы судзілі паводле крымінальных справаў, але цяпер яе зноў чакае суд. Гэтым разам Юлію абвінавачваюць паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Справу пачнуць разглядаць у Брэсцкім абласным судзе 27 студзеня, суддзя — Кацярына Груда.
Што менавіта ставіцца ў віну Юліі, невядома, піша @viasna_brest.
Былы палітзняволены блогер Вадзім Ермашук (Vadimati) распавёў аб арышце ягонай маёмасці
Пра гэта ён напісаў у Instagram.
Нагадаем, палітзняволены блогер выйшаў на волю 29 чэрвеня 2024-га году, цалкам адбыўшы тэрмін. Яму прызначылі 3 гады пазбаўлення волі за «абразу дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 КК) і «абразу Лукашэнкі» (арт. 368 КК). У жніўні Ермашук паведаміў пра анкалагічнае захворванне.
Пазней ягоную старонку ў Instagram прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», пасля чаго блогер з'ехаў з краіны.
У Беларусі +15 новых палітвязняў
Гэта Вікторыя Верас, Максім Чахоўскі, Генадзь Саўрыцкі, Аляксандр Рандарэнка, Аляксандр Мірскі, Вікторыя Гусарава, Вітольд Шалкевіч, Мікалай Юшчанка, Павел Вабішчэвіч, Аляксандр Зіненка, Дзмітрый Удовін, Андрэй Дарошка, Вячаслаў Ільіч, Ігар Кісляк, Віталь Папроцкі.
У Жлобіне за «здзек з дзяржсцягу» будуць судзіць хлопца, які год таму выратаваў з возера пенсіянера
На 4 лютага судом Жлобінскага раёна запланаваны разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да навучэнца Жлобінскага металургічнага каледжа Канстанціна Ціхамірава. Яго вінавацяць паводле артыкула 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Суддзя — Святлана Андрэева.
Адзначаецца, што пасяджэнне пройдзе не ў будынку суда, а ў каледжы, дзе вучыцца хлопец, піша «Гомельская Вясна».
Год таму на сцэне актавай залы гэтага ж каледжа Канстанціна разам з трыма іншымі навучэнцамі ўрачыста віншавалі і ўзнагароджвалі лістамі падзякі — юнакі выратавалі пенсіянера з вады.
Пра гераічны ўчынак падлеткаў тады нават напісала прапагандысцкая «СБ» — хлопцы запаўзлі на лёд і з дапамогай знойдзеных побач друкоў змаглі выцягнуць з вадаёма пенсіянера і ўратаваць яму жыццё.
Экс-хакеіста моладзевай зборнай Беларусі будуць судзіць за ўдзел у пратэстах
У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна збіраюцца судзіць чарговую партыю ўдзельнікаў пратэстаў. 31 студзеня на лаве падсудных будуць чатыры чалавекі — Алег Буяк, Настасся Буяк, Юрый Храмовіч і Яўген Барэль. Усім ім інкрымінуецца ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Суддзя — Уладзімір Пазняк.
Як паведамляе «Наша Ніва», Алег Буяк — гэта былы прафесійны хакеіст. У маладым узроўні ён быў перспектыўным спартсменам — выступаў за зборную Беларусі 18-гадовых і 20-гадовых, удзельнічаў у чэмпіянаце свету.
Буяк гуляў за бабруйскі «Дынама-Шыннік», гродзенскі «Нёман», жлобінскі «Металург» і «Ліду». У 2017 годзе ён скончыў кар’еру.
Прапаганда анансавала сюжэт з палітзняволеным Васілём Верамейчыкам
Як піша @nashaniva, выглядае, што гутарка з былым добраахвотнікам запісвалася ў гатэлі «Вікторыя» праз дарогу ад Палаца Незалежнасці.
Васіль — былы ваяр палка Каліноўскага, якога В'етнам выдаў Беларусі. Праваабаронцам вядома, што Верамейчыку інкрымінавана ч. 1 арт. 366 КК (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі) за нібыта «ўдзел у пагромах і спробу падпалу аўтамабіля супрацоўнікаў пракуратуры».
Чат аднога з раёнаў Гомеля прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»
Цяпер крыху больш за 40 чалавек, якія ўдзельнічаюць у чаце «Гомель-Стары Аэрадром-Чат» – з'яўляюцца ўдзельнікамі забароненага фармавання. Гэта датычыцца ўсіх інтэрнэт-платформаў.
Прапагандысцкія паблікі пагражаюць удзельнікам чату да 7 гадоў пазбаўлення волі па арт. 361-1 і 361-4 КК.