«Вясна»: Мінімум 282 палітвязня за кратамі ў асаблівай рызыцы. Хронікі рэпрэсій, 20 студзеня

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 20 студзеня.

1_1097.png

Па стане на 20 студзеня 2025 году праваабаронцам вядома не менш чым пра 282 палітвязняў, якія знаходзіцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх:

  • 81 чалавек у цяжкім стане здароўя;
  • 35 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх таксама мае вялікія праблемы са здароўем);
  • 30 шматдзетных маці і бацькоў;
  • 8 чалавек з інваліднасцю;
  • 12 чалавек з ментальнымі разладамі;
  • вядома пра як мінімум 10 сямей, дзе абое бацькоў знаходзяцца за кратамі.

Найстарэйшы з палітвязняў — 76-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёву, які быў накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным шпіталі за абразу Лукашэнкі.

Маладую супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі»

Карыне Праташчык 29 гадоў. Яна родам з Мінска. Карына вельмі творчы чалавек — любіць падарожнічаць, фатаграфаваць і рабіць розныя рэчы рукамі. А пяць гадоў таму стварыла ўласныя развіваючыя карткі для дзяцей.

Мяркуючы па сацсетках, у дзяўчыны ёсць муж і непаўналетняе дзіця, піша «Наша Ніва».

Па звестках «Белпола», з 2017 года Праташчык працавала на «Пеленгу». Апошнім часам — кантралёрам аптычных дэталяў і прыбораў 5 разраду ў бюро тэхнічнага кантролю аптычнай і касмічнай вытворчасці. Яна займалася праверкай якасці аптычных вырабаў.

Суд над дзяўчынай пачынаецца 3 лютага ў Мінскім гарадскім судзе. Карыну абвінавачваюць у «закліках да дзеянняў, якія наносяць шкоду Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Справу будзе разглядаць Любоў Сімахіна.

Затрыманні дальнабойнікаў на межах Беларусі

@Grodno_grab стала вядома пра затрыманне не менш як 20 дальнабойнікаў пры праходжанні мяжы за апошнія некалькі дзён.

У кіроўцаў правяралі мабільныя тэлефоны, шукаючы «лайкі», падпіскі і каментарыі на «экстрэмісцкіх» рэсурсах. Гэтыя праверкі праводзіліся незалежна ад таго, як доўга кіроўцы знаходзіліся за межамі Беларусі.

За ўдзел у пратэстах пачынаюць судзіць 29-гадовую настаўніцу сталічнай гімназіі

20 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска пачынаецца палітычны працэс над 29-гадовай Ганнай Падалякай. Ёй інкрымінуецца ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).  Суддзя — Таццяна Палулех.

Ганна працавала ў школе №55, а цяпер пазначана на сайце сталічнай гімназіі №29 як педагог-арганізатар. «Найлепшы сябар дзяцей», — адзначаецца пад яе іменем, піша «Наша Ніва».

Хобі настаўніцы — карэйская культура. Яна ўдзельнічала ў конкурсах пасольства, пісала на сайце аматараў Карэі.

Падчас «выбарчай кампаніі» жыхарам Віцебска пагражаюць пакараннямі па 14 крымінальных і адміністрацыйных артыкулах 

Гэты пералік агучыў намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Віцебскага аблвыканкама Максім Марчанка. І паводле згаданых артыкулаў можна зрабіць выснову, чаго найбольш апасаецца міліцыя падчас галасавання на выбарах прэзідэнта, піша Віцебская Вясна.

Самым першым нумарам у спісе верагодных правапарушэнняў і злачынстваў ідзе «непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўніка міліцыі» ( арт. 23. 4 КаАП). Далей — арганізацыя і ўдзел у так званых «несанкцыянаваных мерапрыемствах» (арт. 24.23 КаАП, арт. 293 КК і арт. 342 КК). І — хуліганства, як самае простае, у чым могуць абвінаваціць міліцыянты ( 19.1 КаАП і арт. 339 КК). 

Марчанка прыгадаў і некалькі артыкулаў «выбарчага» зместу, якія прадугледжваюць пакаранне. Гэта арт. 10.9 КаАП пра недапушчальнасць агітацыі за байкатаванне , перанос выбараў і гд, а таксама за пашкоджанне друкаваных матэрыялаў з інфармацыяй пра выбары. І арт.  22.10 КаАП — пра забарону развешвання і расклейвання  такіх матэрыялаў у неналежных месцах, а таксама арт. 23.5 КаАП — пра адказнасць за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інармацыі, у тым ліку і датычных да выбараў. Стварэнне перашкодаў працы выбарчай камісіі таксама стане нагодай для пакарання ( па арт. 191 КК). 

Прадстаўнік міліцыі грамадскай бяспекі нагадвае і пра прадугледжанае заканадаўствам пакаранне за незаконны збор, апрацоўку  і захаванне  персанальных дадзеных фізічнай асобы ( арт. 23.7 КаАП і арт. 2031 КК).  І пра крымінальную адказнасць за паведамленне аб няіснай небяспецы ( арт. 340 КК). І ўрэшце Максім Марчанка называе грозны артыкул 310 КК, у якім прапісана пакаранне за блакіроўку транспартных камунікацый, якая пацягне за сабой вялікія страты. 

Усе гэтыя артыкулы пералічаны ў віцебскай гарадской газеце «Витьбичи».