Экс-байца палка Каліноўскага, якога затрымалі ў В'етнаме, выдалі Беларусі: КДБ паказаў відэа з ім
Дзяржаўны канал АНТ паведаміў аб экстрадыцыі ў Беларусь затрыманага ў В'етнаме экс-байца палка Каліноўскага. Таксама было раскрае імя былога ваяра. Ім аказаўся 34-гадовы Васіль Верамейчык, былы афіцэр беларускай арміі і баец ПКК, а таксама дэлегат Каардынацыйнай рады, піша "Люстэрка". Учора стала шырока вядома пра затрыманне ў адной з краін Паўднёва-Усходняй Азіі аднаго з былых байцоў палка Каліноўскага.
У эфіры тэлеканала АНТ паказалі кадры экстрадыцыі ў Беларусь былога байца палка Каліноўскага і удзельніка пратэстаў 2020 года Васіля Верамейчыка. Раней стала вядома пра затрыманне ў адной з краін Паўднёва-Усходняй Азіі мужчыны, які служыў у беларускім добраахвотніцкім фарміраванні. Яго імя і краіна затрымання не апрылюдніваліся па просьбе сяброў, якія асцерагаліся яго экстрадыцыі.
Кіраўнік следчага ўпраўлення Камітэта дзяржбяспекі Беларусі Канстанцін Бычак паведаміў, што дэпартацыя Васіля Верамейчыка адбылася ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва па запыце КДБ. Прычына запыту: Верамейчык знаходзіцца ў вышуку з-за службы ў палку Каліноўскага. Дакладныя даты затрымання і выдачы ён не назваў.
У сюжэце тэлеканала АНТ паказаны яшчэ адзін затрыманы баец палка Каліноўскага Максім Ралько. Як і калі Ралько апынуўся ў Беларусі, невядома, адзначае «Медыязона».
Верамейчык быў дэлегатам Каардынацыйнай Рады ад фракцыі "Блок Пракоп'ева-Ягорава". У тэлеграм-канале блоку паведамляецца, што, паводле інфармацыі мясцовай паліцыі, ён быў экстрадаваны ў Беларусь 14 лістапада. Нібыта фармальнай прычынай затрымання Верамейчыка ў В’етнаме была бойка.
Васілю Верамейчыку 34 гады, ён выпускнік Вайсковай акадэміі Беларусі, спецыялізацыя — вайсковая псіхалогія і ідэалагічная праца ў войску. Служыў ва Узброеных Сілах Беларусі, быў лейтэнантам запасу.
Пасля пратэстаў 2020 года Верамейчык з'ехаў ва Украіну, жыў у Львове. З першых дзён агрэсіі Расіі Васіль пайшоў на фронт добраахвотнікам, затым далучыўся да палка Каліноўскага.
Ён быў намеснікам камандзіра батальёна »Волат", удзельнічаў у баях на поўдні і ўсходзе Украіны. У красавіку 2022 года быў паранены ў Мікалаеўскай вобласці падчас цяжкага бою, з сямі байцоў выжылі толькі двое. Верамейчык узнагароджаны медалём.
У верасні 2022 года Аляксандр Лукашэнка сваім указам пазбавіў Верамейчыка воінскага звання. Пасля завяршэння службы ў палку Каліноўскага экс-баец пераехаў з Украіны ў Літву. Але там яму адмовілі ў відзе на жыхарства — падставай называлася яго былая служба ў беларускім войску.
У маі 2024 года Васіль Верамейчык быў абраны сябрам Каардынацыйнай рады 3-га склікання ад выбарчага спісу «Блок Пракаўёва — Ягорава». Апошнім часам мужчына працаваў у сферы IT.
Франак Вячорка: Пра В’етнам мы даведаліся надта позна
Франак Вячорка ў сваім тэлеграм-канале пракаментаваў сітуацыю з затрыманнем у Вьетнаме сябра Каардынацыйнай рады і былога ваяра Палка Каліноўскага наступным чынам:
“Калі мы даведаліся пра праблемы Васіля і адмову ў Літве, мы самі выйшлі на сувязь і прапанавалі дапамогу. Васіль сказаў, што дапамога не патрэбна, што ўжо мае рашэнне, разглядаў Малдову ці Аргенціну. Абскарджваць літоўскае рашэнне не стаў, і вырашыў не праходзіць праз колы пекла ў Польшчы. Спрабаваў нібыта і ў Грузіі, потым апынуўся ў В’етнаме.
Гэта ўсё жахлівая, драматычная гісторыя, якая паказвае, з якой несправядлівасцю і якімі рызыкамі сутыкаюцца беларусы. Пра В’етнам мы даведаліся надта позна, напісалі лісты — але не паспелі.
Вядома, усё магло б быць інакш, калі б не адмовіла Літва ў самым пачатку. Многіх людзей прызнаюць пагрозай нацбяспекі толькі за радок у біяграфіі. Гэта не ок.
І просьба да ўсіх: не рызыкаваць з выбарам краінаў. Лепш дабівацца сваіх правоў у дэмакратычных краінах, праз тыя ж суды. Звяртайцеся да правабаронцаў і палітыкаў, калі трапляеце ў бяду.
Верамейчыку — Свабоду!”