Як Васіль Верамейчык апынуўся ў В'етнаме і чаму адмовіўся жыць у Польшчы?
Увечары 20 лістапада КДБ паведаміў пра тое, што В'етнам выдаў Беларусі экс-байца палка Каліноўскага і сябра Каардынацыйнай рады Васіля Верамейчыка. Васіль жыў у В’етнаме са студзеня 2024 года, куды прыехаў пасля няўдалых спробаў легалізавацца ў Літве і Польшчы.
Выдача Верамейчыка Беларусі адбылася ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва з в’етнамскім бокам. Сябар Верамейчыка расказаў «Люстэрку», чаму затрымалі экс-байца, праз што ён пераехаў у В’етнам і чаму не захацеў сядзець тры месяцы ў польскай эміграцыйнай турме, каб атрымаць статус уцекача ў гэтай краіне.
Паводле сябра Васіля Верамейчыка Дзмітрыя, экс-байца палка Каліноўскага затрымалі 13 лістапада ў адным з бараў Ханоя, сталіцы В’етнама. Прычынай была бойка.
— За некалькі хвілін да затрымання Васіль гаварыў праз тэлефон з адным з нашых сяброў, — кажа ён. — На фоне размовы была чуваць расійская музыка, таму мы думаем, што ў яго здарыўся канфлікт з расіянамі. Апошняе, што сказаў Вася: «Пайду біцца». Падрабязнасцяў гэтай бойкі ніхто не ведае. Ён паспеў паведаміць некаторым знаёмым, што чакае прыезду паліцыі. Нейкі час быў на сувязі, але потым яна знікла. Вядома, што ў яго дома ў Ханоі прайшоў ператрус.
Дзмітрый не ведае, як развіваліся падзеі пасля прыезду паліцыі. Тэлеграм-канал «Блок Пракоп’ева — Ягорава» паведамляе, што ўжо на наступны дзень, 14 лістапада, в’етнамскі бок перадаў Верамейчыка беларускім сілавікам. У гэтай жа даце выдачы экс-байца палка Каліноўскага ўпэўнены тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн». Паводле яго інфармацыі, Верамейчыка даставілі ў Беларусь рэйсам «Белавіі» з Масквы пад канвоем з трох чалавек.
Паводле словаў сябра, Васіль жыў у В’етнаме са студзеня 2024 года. Туды ён прыехаў пасля няўдалых спробаў легалізавацца ў Літве і Польшчы.
— Да траўня 2023-га Васіль жыў у Літве, але яго прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы праз ранейшую службу ў беларускім войску. І адмовілі ў відзе на жыхарства. Пасля гэтага Васіль пераехаў у Грузію, а затым — у В’етнам, — расказвае суразмоўца.
Ён дадае, што зусім нядаўна Верамейчык спрабаваў атрымаць прытулак у Польшчы. Для гэтага ў пачатку кастрычніка 2024 года ён прыляцеў у Варшаву рэйсам са Стамбула.
— У варшаўскім аэрапорце ён падаў заяву пра наданне статусу ўцекача, але там яму сказалі, што для гэтага трэба каля трох месяцаў праседзець у польскай эміграцыйнай турме, — расказвае мужчына. — Васіль адмовіўся ісці ў турму, сказаў даслоўна наступнае: «Не дзеля таго я ваяваў ва Украіне, каб сядзець у турме з пакістанцамі». Яго гэта вельмі абурыла, ён псіхануў і паляцеў назад у Турцыю. Прабыўшы там нядоўгі час, Васіль вярнуўся ў В’етнам.
Чаму Васіль выбраў менавіта В’етнам? Дзмітрый кажа, што ён лічыў гэтую краіну дастаткова бяспечнай.
— Ён нават думаў падавацца там на бежанства, — сцвярджае суразмоўца. — Запасным варыянтам была Малдова. Туды ён планаваў паляцець у пачатку снежня, бо ўжо ў чэрвені 2025-га заканчваўся тэрмін дзеяння ягонага пашпарта. І пытанне з легалізацыяй трэба было тэрмінова вырашаць.
Паводле Дзмітрыя, Васіль Верамейчык з падлеткавага ўзросту цікавіўся беларускім дэмакратычным і нацыянальным рухам. Нейкі час знаходзіўся ў арганізацыі «Вольная моладзь», быў яе актывістам.
— Васіль яшчэ падлеткам браў актыўны ўдзел у пратэстах пасля выбараў 2006 года, а пасля расчараваўся ў гэтым усім і вырашыў стаць афіцэрам, паступіў у Вайсковую акадэмію, — успамінае сябар Верамейчыка. — Нейкі час служыў у войску, але ўсё перавярнуў 2020 год. Васіль узяў удзел у пратэстах, пасля чаго пераехаў ва Украіну, жыў у Львове.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі, са словаў Дзмітрыя, Васіль не задумваючыся пайшоў добраахвотнікам на фронт і далучыўся да палка Каліноўскага.
— Ён рыхтаваўся да вайны, чакаў яе, — упэўнены ён. — Васіль часта паўтараў жонцы такую фразу: «Хацелася б паваяваць, але, на жаль, вайны не будзе». Але яна здарылася. У красавіку 2022 года Васіль быў паранены ў баі ў Мікалаеўскай вобласці, цудам выжыў. За гэта яго ўзнагародзілі медалём.
Нагадаем , пра выдачу Васіля Верамейчыка ў Беларусь з В’етнама стала вядома 20 лістапада з эфіру прапагандысцкага тэлеканала АНТ. Паведамлялася, што экстрадыцыя адбылася пасля запыту беларускага КДБ.
Васілю Верамейчыку 34 гады, ён выпускнік Вайсковай акадэміі Беларусі, спецыялізацыя — ваенная псіхалогія і ідэалагічная праца ў войску. Служыў ва Узброеных сілах Беларусі, быў лейтэнантам запасу.
У верасні 2022 года Аляксандр Лукашэнка сваім указам пазбавіў Верамейчыка вайсковага звання. Пасля завяршэння службы ў палку Каліноўскага мужчына пераехаў з Украіны ў Літву. Але там яму адмовілі ў відзе на жыхарства.
У траўні 2024 года Васіль Верамейчык быў абраны сябрам Каардынацыйнай рады 3-га склікання ад выбарчага спісу «Блок Пракоп’ева — Ягорава». Апошнім часам мужчына працаваў у сферы IT.