Можа, было б і смешна, але не вельмі

У Беларусі 24 снежня пачнецца завочны суд над аўтарам «чык-чырыка», вядомым комікам Славам Камісаранкам. Справа будзе разглядацца ў Мінскім гарадскім судзе паводле абвінавачванняў у распальванні сацыяльнай варожасці, паклёпу на Лукашэнку і абразы Лукашэнкі. Можна было б пасмяяцца і правесці аналогію з савецкімі судамі за анекдоты, але чамусьці не смешна.

_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__4__logo.jpg

Не смешна таму, што сатыра, у тым ліку і палітычная, павінна быць натуральным і нязменным атрыбутам здаровага грамадства. Можна паглядзець (і для гэтага не трэба далёка хадзіць), як у іншых краінах жартуюць над першымі асобамі дзяржавы. Часам кпяць з іх злавесна і жорстка. Але нікому і ў галаву не прыходзіць пераследаваць тых жартаўнікоў у крымінальным парадку.

А калі за жарты судзяць, то грамадства відавочна не здаровае. І пакуль гэта грамадства не здаровае, яно не будзе развівацца.

Вось нядаўна сацыёлагі высветлілі, што большасць з тых, хто пакінуў Беларусь у апошнія гады, могуць вярнуцца ў краіну пры адной умове — пры ўмове змены ўлады ў краіне. Гэта значыць, менавіта ўлада вымусіла пакінуць Беларусь самых актыўных і ініцыятыўных грамадзян — тых, якія не зніклі нават за мяжой. А мы пойдзем далей і скажам больш: пакуль у Беларусі будуць працягваць судзіць за жарты, людзі працягнуць з'язджаць.

Свежы прыклад: расійская кампанія «МТС Юрэнт» набыла беларускага распрацоўніка электрасамакатаў і софту Eleven. Як піша РБК, гаворка ідзе пра куплю інтэлектуальнай уласнасці і распрацовак Eleven. На базе беларускай кампаніі будзе створаны цэлы цэнтр, які зоймецца распрацоўкай электрасамакатаў і іншых відаў шэрынгавага транспарту, а таксама праграмнага забеспячэння і зараднай інфраструктуры. І ўжо ў наступным годзе пакупнік беларускага распрацоўніка плануе прадставіць новую мадэль самакатаў і лакалізаваць вытворчасць у РФ.

Кошт угоды не называецца, але эксперты ацанілі бізнес беларускай кампаніі ў 6-8 млн долараў.

Гэтая навіна паказальная не толькі ілюстрацыяй, як з Беларусі выцякаюць распрацоўкі куды заўгодна —нават у Расію, — абы не заставацца ў «краіне для жыцця, краіне для народа». Яна вельмі красамоўна паказвае, якія тэхналогіі і мазгі з Беларусі сыходзяць. Асабліва калі ўспомніць пра тое, колькі гадоў (і нават дзесяцігоддзяў) наша любімая Нацыянальная Акадэмія навук абяцае распрацаваць уласныя электрабатарэі для тых жа электрасамакатаў і электракараў

Але Акадэмія навук абяцае — а людзі ўзялі, і зрабілі беларускі электрасамакат. Толькі аддалі перавагу не заставацца ў Сінявокай, а прадаць усе тэхналогіі за мяжу. Хай і ў вельмі ўмоўнае «замежжа», але ўсё ж.

Глядзіце таксама

Пакуль мы глядзім на тое, як цякуць з Беларусі мазгі, урад вырашыў падарыць народу свята. Савет міністраў прыняў пастанову аб памеры мінімальнай зарплаты. З 1 студзеня 2025 года яна складзе 726 рублёў, паведамілі ў прэс-службе ўрада. У параўнанні з мінімалкай, усталяванай з 1 студзеня 2024 года, яна вырасце на 100 рублёў.

Увага, пытанне: якія эканамічныя паказчыкі ў Беларусі дазволілі павысіць мінімальны заробак адразу фактычна на 15%? Можа, у нас рэзка ўзрос экспарт? Можа, у краіну прыйшлі  шматмільярдныя інвестыцыі? Можа, рэзка ўзрасла прадукцыйнасць працы і выпуск прадукцыі з высокім дададзеным коштам? 

Не, у нас наперадзе толькі адна важная падзея: так званыя «прэзідэнцкія выбары», на якіх няма выбару. І апошні раз так рэзка павышаліся заробкі перад выбарамі 2010-га. А потым была дэвальвацыя амаль на 200%.

Верагодна, наш урад нешта ведае пра будучы год. Спачатку паспяшаліся з абвяшчэннем выбараў, «скараціўшы» гэтую кадэнцыю Лукашэнкі амаль на 9 месяцаў (!!!). А цяпер яшчэ і дэкларатыўна павысілі заробкі, каб паказаць «клопат пра народ». Вось толькі ад такога клопату становіцца ўсё больш трывожна і ніякавата. Бо нехаця задумваешся: а што яны там нам рыхтуюць пасля чарговага выбарчага фарсу?

У мінулы раз мы ператварыліся ў сталінскую дыктатуру і сталі саўдзельнікам вайны Расіі супраць Украіны. У якую авантуру нас уцягнуць у гэты раз?

Зрэшты, нам не будзе салодка і без якіх-небудзь новых авантур. На тыдні амбасадары краін ЕС узгаднілі 15-ты пакет санкцый у адказ на расійскую агрэсію супраць Украіны. «Пакет дадае больш фізічных і юрыдычных асоб да ўжо існуючага санкцыйнага спісу і накіраваны супраць арганізацый у Расіі і ў трэціх краінах за межамі Расіі, якія ўскосна спрыяюць ваеннаму і тэхналагічнаму ўзмацненню Расіі шляхам абыходу экспартных абмежаванняў», — гаворыцца ў паведамленні старшынства Вугоршчыны ў Радзе ЕС.

«Прынятыя санкцыі абмяжоўваюць дзейнасць дадатковых судоў трэціх дзяржаў, якія дзейнічаюць з мэтай садзейнічання або падтрымкі дзеянняў або палітыкі, якія падтрымліваюць дзеянні Расіі супраць Украіны», — дадалі ў прадстаўніцтве.

Гэта значыць, санкцыйны пакет накіраваны менавіта на тых, хто дапамагае Расіі абыходзіць санкцыі. І верагодна, там не абыйдзецца і без нашых прадпрыемстваў і фізічных асобаў.

Самае непрыемнае тое, што вайна, можа быць, і скончыцца. Можа, нават у наступным годзе. А вось санкцыі — яны застануцца. І Беларусь таксама застанецца ў ролі «суагрэсара». І не толькі суагрэсара, але і даўжніка.

Сусветны банк абнавіў сваю базу дадзеных аб дзяржаўным доўгу. У ёй размешчаны звесткі па выніках 2023 года. Міжнародны інстытут збірае дадзеныя ва ўрадаў краін. Яго база паказвае, колькі тое ці іншае дзяржава павінна міжнародным арганізацыям і іншым краінам.

Паводле дадзеных Сусветнага банка, агульныя даўгі Беларусі на 2023 год дасягалі 24,95 млрд долараў. Больш за ўсё мы павінны былі Расіі (7,75 млрд долараў) і Кітаю (3,52 млрд долараў). А на трэцяе месца нечакана выйшлі трымальнікі аблігацый — 3,03 млрд долараў. Тыя самыя, якім беларускі ўрад вырашыў выплачваць доўг беларускімі рублямі.

І калі яны надрукавалі беларускіх рублёў на эквівалент тых трох мільярдаў долараў, то нядзіўна, што ўрад прагназуе нешта непрыемнае. Не толькі не дзіўна, але нават дзесьці і заканамерна.