Дэбаты Байдэн-Трамп. Дасье ў карыкатурах
У ЗША адбыліся першыя перадвыбарныя дэбаты паміж Байдэнам і Трампам. Магчыма, яны перавярнулі ход прэзідэнцкай кампаніі.
Трэба шчыра прызнацца, што калі ты не палітызаваны амерыканец, зразумець сутнасць дэбатаў за акіянам складана. Напрыклад, там актыўна і эмайцына абмяркоўвалася тэма абортаў.
Зрэшты, нават не разумеючы падтэксту прамоваў, было відаць, што ў Джо Байдэна хапае праблем са здароўем. Прэзідэнт пастаянна запінаўся, губляў ніць аргументацыі і прамаўляў невыразна. А пад канец дэбатаў не змог сам сысці са сцэны ў студыі: яго за руку ад мікрафона адвяла жонка. Адсюль і характэрныя карыкатуры ў некаторых СМІ. На гэтым малюнку Байдэн спатыкаецца аб свае ж словы.
Зрэшты, для шматлікіх амерыканцаў Трамп выглядаў не лепш. Яго тып гаворкі параўноўваюць з маналогам вар'ята, які дае апрыёры невыканальныя абяцанні, напрыклад, скончыць у два крокі вайну ва Украіне. На гэтым малюнку Байдэн у інвалідным вазку супрацьстаіць Трампу, якога як псіхічнага хворага прывязалі да медыцынскага крэсла.
Таксама дэбаты агалілі палітычную палярызацыю амерыканцаў, калі прыхільнікі дэмакратаў ненавідзяць фанатаў партыі рэспубліканцаў. Збольшага таму палітыкі падчас дэбатаў паводзілі сябе вельмі агрэсіўна. Часопіс National Dispatch лічыць, што кандыдатам на дэбатах відавочна не хапала толькі баявой зброі.
Сапраўдную паніку выклікалі вынікі дэбатаў у часткі дэмакратаў, што нядзіўна. У апытанні на тэлеканале CNN, дзе праводзіўся слоўны паядынак, 67% гледачоў прысудзілі перамогу Трампу, хаця раней такія чаканні былі толькі ў 55% аўдыторыі канала. Аб перамозе Байдэна ў дэбатах заявілі толькі 33% гледачоў.
Сярод «панікёраў» — рэдакцыі самавітых і блізкіх да дэмакратаў СМІ газеты New York Times і часопіса Time. New York Times у перадавой калонцы заклікала замяніць Байдэна на іншага кандыдата. А Time выйшла з характэрнай вокладкай, якая намякае на паніку, якую справакаваў Байдэн сваімі паводзінамі на дэбатах.
Вокладка тут жа стала прадметам кучы мэмаў. На гэтым варыянце вокладкі часопіса Трамп назірае за Байдэнам, які зноў спатыкнуўся.
Унутры дэмакратаў ужо ідзе кастынг прэтэндэнтаў на замену Байдэна на пасадзе кандыдата ў прэзідэнты. Называюцца імёны Мішэль Абамы, шэрагу сенатараў і губернатараў. Аднак пакуль сам Байдэн упёрся і адмаўляецца ад замены, спасылаючыся на тое, якія глабальныя рызыкі нясе Трамп для краіны. Над сітуацыяй іранізуе мастак выдання Newsday. На яго малюнку пабіты Трампам на рынгу Байдэн запэўнівае, што супернік так і не змог яго ўдарыць.
Так ці інакш, цяпер амерыканская выбарчая гонка 2024 года становіцца ўсё больш непрадказальнай. Праўда, наколькі такая непрадказальнасць аптымальная для краіны і больш-менш стабільна існуючай больш за 200 год палітычнай сістэмы? Так, The Washington Post публікуе малюнак манумента культавага ў ЗША прэзідэнта Абрахама Лінкальна, які з жахам назірае за дэбатамі.