Шмат слоў і нуль выніку. Як чыноўнікі хлусілі пра вакцыну ад ковіду і электрамабілі
На працягу 2023 года беларускія чыноўнікі далі нямала абяцанняў грамадзянам, якія ўжо ў момант агучвання выглядалі нерэалістычна. Але па нейкіх прычынах асабліва яны сканцэнтраваліся на дзвюх тэмах. UDF распавядае, ці былі выкананыя гэтыя планы да канца года.
Беларуская вакцына ад каронавіруса: «Выпусцім у абарот у 2023 годзе»
Пандэмія завяршылася, але чыноўнікі, мабыць, не маглі проста так адмовіць Аляксандру Лукашэнку ў рэалізацыі яго новай маленькай мары. Увосень 2020 года той даручыў «у самыя кароткія тэрміны зрабіць самую лепшую вакцыну». Міністэрству аховы здароўя не заставалася нічога іншага, як узяцца за выкананне бессэнсоўнай задумы — старт працы далі ў пачатку 2021-га.
Сімвалічна, што 1 красавіка таго ж года, у Дзень дурня, Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб стварэнні беларускай вакцыны. Палітык адзначаў: «Мы мудра паступілі, калі дамовіліся, што мы сваю вакцыну, якую мы ўжо ў прабірцы маем, выпусцім у абарачэнне ў 2023 годзе». Тады ўжо было відавочна, што пандэмія да таго часу скончыцца.
І вось надышоў 2024-ты. Пералічым толькі некалькі абяцанняў чыноўнікаў наконт вакцыны.
Студзень. Начальнік аддзела навукі Міністэрства аховы здароўя Маргарыта Досіна паведаміла, што беларуская вакцына ад каронавіруснай інфекцыі будзе ў класічным выкананні ў выглядзе раствора і «сёлета мы атрымаем доследна-прамысловыя партыі».
Сакавік. Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч сказаў: першы доследна-прамысловы ўзор беларускай вакцыны ад каронавіруса атрымаюць у красавіку.
Жнівень. Лукашэнка заявіў: «Як мне дакладваюць, першы этап ззаду, доследная серыя вакцыны выпушчаная». Ён дадаў, што яна будзе выпускацца на базе прадпрыемства «БелВітуніфарм», якое да гэтага займалася выпускам вакцын... для жывёл.
Лістапад. Намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Аляксандр Тарасенка паведаміў: Міністэрства аховы здароўя і Акадэміі навук перайшлі да правядзення клінічных выпрабаванняў вакцыны, планы па стварэнні беларускай вакцыны да канца 2023 года павінны рэалізавацца.
29 снежня. Прэс-служба Міністэрства аховы здароўя: клінічныя выпрабаванні беларускай вакцыны ад COVID-19 завершаны, яна зарэгістраваная.
Разам: абяцанне выпусціць вакцыну «ў абарот» правалена. Але цяпер у чыноўнікаў новая ідэя: стварыць беларускую вакцыну ад алкагалізму.
Беларускі электрамабіль: «Да канца года кіраўніку дзяржавы будзе прадэманстраваны працоўны ўзор першага электрамабіля»
Айчынны электракар беспаспяхова ствараюць удвая даўжэй, чым вакцыну ад ковіду — з 2017 года. У тым годзе кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў упершыню паказаў «эксперыментальны ўзор» першага беларускага электрамабіля — на базе Geely. Але Лукашэнка ён не задаволіў.
Пасля цэлага шэрагу абяцанняў у бліжэйшы час выпусціць электракар чыноўнікі пазначылі канчатковы арыенцір — канец 2023 года. Што было далей?
Чэрвень. Першы намеснік міністра прамысловасці Аляксандр Агароднікаў заявіў, што беларускія распрацоўшчыкі завяршаюць працы над дасведчаным узорам электрамабіля, мадэль будзе гатовая ў 2023-м годзе: «Вельмі хутка гатовыя будзем прадставіць і паказаць гэтую распрацоўку».
Лістапад. Лукашэнка ў размове з жыхарамі Астраўца сказаў, што ў снежні яму прадэманструюць першы электрамабіль айчыннай зборкі (гэта паабяцаў віцэ-прэм'ер Пархомчык).
«Я кажу: няўжо электрамабіль зрабілі? — Ну, прыедзеце, пакажам. Таму давайце пачакаем. У бліжэйшы час, у снежні, сказаў. Але ведаю, што яны робяць свой электрамабіль. Кузаў будзе, як у «Джылі». Ён добры, людзям падабаецца», — запэўніваў Лукашэнка.
Лістапад. Праз некалькі тыдняў віцэ-прэм'ер Пётр Пархомчык, выступаючы ў парламенце, пацвердзіў: «Адна з галоўных задач — выкананне даручэння кіраўніка дзяржавы аб арганізацыі вытворчасці айчыннага электрамабіля да канца 2025 года... Плануем, што да канца бягучага года кіраўніку дзяржавы будзе прадэманстраваны працоўны ўзор першага электрамабіля».
Пры гэтым высветлілася, што там яшчэ конь не валяўся: «У траўні 2023 года Аб'яднанаму інстытуту машынабудавання перададзены ўзор электрамабіля JAC для прапрацоўкі магчымасці выкарыстання ў ім айчынных распрацовак».
Ідзе ўжо 2024 год, а «працоўны ўзор» так і не
паказалі. А ў наступным годзе ў Беларусі ўжо нібыта будуць вырабляць
электракары…