Як пры Сталіне. Менеджарка, якую Лукашэнка ні за што два гады трымаў у турме, цяпер дзякуе яму

Дырэктар Віцебскай птушкафабрыкі — тып кіраўніка, які хоча выпеставаць Лукашэнка. Пра асаблівасці дачыненняў з рэжымам прадпрымальніцы Ганны Шарэйка-Норкус распавядае «Салідарнасць».

ganna1_06.webp

29 снежня падчас наведвання ў Мінску гандлёвага цэнтра «Першы нацыянальны гандлевы дом» Аляксандр Лукашэнка зайшоў у павільён Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі (гандлёвая марка «Ганна»), дзе з ім міла пагутарыла дырэктар прадпрыемства Ганна Норкус.

— Добры дзень, Ганна. Там, кажуць, у цябе праблемы паўсталі, не?

— Ужо вырашылі. Не былі б мы беларусамі, калі б не вырашылі.

— Але замуж ты не за беларуса пайшла.

— Ды якая розніца. Галоўнае, каб ён падпарадкоўваўся мне.

— Вось-вось, трымай яго ў руках.

Лукашэнка і Норкус усміхаліся і працягнулі жартаваць далей. Кіраўнік адзначыў: «А куры ў цябе ёсць? А яйкі? Так трэба Пуціну перакінуць». Дырэктар птушкафабрыкі пачаставала візіцёра новай прадукцыяй і падзякавала яму за дапамогу дзяржавы з інвестыцыямі.

Прапагандысты скажуць, што гэтую гісторыю трэба ставіць іншым у прыклад. Але ў тых, хто памятае падзеі дзесяцігадовай даўніны, ад гэтых усмешак і жартаў валасы могуць стаць дыбам.

Лета 2014 года. Дырэктара Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганну Шарэйку затрымалі з членамі яе каманды па абвінавачанні ў закупцы па завышаных цэнах кармоў у фірмы «Даймас» літоўца Вальдэмараса Норкуса.


Глядзіце таксама

Перад гэтым з асабістай згоды Лукашэнкі з кіраўніцы знялі дэпутацкую недатыкальнасць — Ганна Шарэйка з'яўлялася чальцом Савета Рэспублікі. Кіраўнік раней наведваў фабрыку, сустракаўся з Шарэйка і даваў высокую ацэнку працы прадпрыемства, але пасля — не засумняваўся ў інфармацыі сілавікоў.

Шарэйка без суда схавалі за краты — у СІЗА яна праседзела амаль два гады.

— За два гады ў СІЗА мне не далі ніводнага спаткання. Напэўна, думалі, так лягчэй зламаць чалавека. Але толькі не мяне. Так, я моцна сумавала, але трымалася з усіх сіл. Калі ў судзе ўпершыню пачула галасы блізкіх мне людзей, яны яшчэ суткі гучалі ў вушах, — распавядала потым Шарэйка.

У 2015-м Лукашэнка на прэс-канферэнцыі з абыякавасцю адказаў на пытанне пра лёс былога «сенатара»:

— Шчыра кажучы, пра жанчыну, пра якую вы спыталі, я падрабязнасцяў не ведаю, але, па-мойму, там нешта было звязана з закупкамі для харчавання — гэта птушкафабрыка была, так? — так, для харчавання птушкі. Са знаёмымі нейкая фірма падстаўная і гэтак далей. Крымінальная справа, напэўна, расследуецца? Пацікаўлюся.


Ганна Шарэйка і Вальдэмарас Норкус у судзе. Фота «Камсамольскай праўды»

Ганна Шарэйка і Вальдэмарас Норкус у судзе. Фота «Камсамольскай праўды»

На судзе ў 2016-м шмат абмяркоўвалі асабістае жыццё жанчыны. Калі пазнаёмілася з Норкусам? Куды ездзілі адпачываць? Хто плаціў у рэстаране? За якія грошы яна пабудавала сабе дом? Дзяржабвінаваўца не залез хіба што ў ложак.

Пры поўнай абыякавасці прадстаўнікоў улады аб неадэкватнасці абвінавачання сталі шырока пісаць незалежныя СМІ. Дзякуючы ім для грамадства стала відавочна, што Ганна Шарэйка — ніякі не карупцыянер, яе адносіны з літоўскім бізнесменам не прывялі да парушэння закона, і яна — ахвяра ўплывовых нядобразычліўцаў.

Пры ўсёй нямогласці абвінавачання суд вынес Шарэйка прысуд у два з паловай гады. Але ўсё было зроблена так, каб гэты тэрмін адпавядаў ужо адбытаму ў СІЗА, таму кіраўніца ў той жа дзень выйшла на волю (праз месяц адпусцілі Вальдэмараса Норкуса, з якім яны распісаліся).

Якое ж было здзіўленне, калі Ганна Шарэйка пасля вызвалення не з'ехала з каханым у Коўна, а амаль імгненна пагадзілася вярнуцца да дырэктарства на віцебскай птушкафабрыцы (Лукашэнка падпісаў памілаванне, якое зняло для яе забарону працаваць на кіруючых пасадах).

І зажыла так, як быццам нічога не здарылася, як быццам не было жорсткай несправядлівасці.


Глядзіце таксама

У снежні 2020 года Лукашэнка сваім указам прысвоіў Ганне Норкус званне заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі. Мяркуючы з усяго, у той момант ёй была да лямпачкі несправядлівасць, якая адбывалася ў краіне, а таксама лёс тых, хто спрабаваў ёй дапамагчы — у тым ліку незалежных журналістаў, якія пісалі пра яе справу.

Яшчэ праз тры гады, як мы ўжо напісалі вышэй, пры асабістых зносінах яна ўсміхалася і дзякавала таму, па чыёй волі яна правяла за кратамі два гады.

У лукашэнкаўскай Беларусі нямала чыноўнікаў і бізнесменаў, якія пасля неабгрунтаваных затрыманняў ламаліся ў турме і згаджаліся на зневажальныя ўмовы працягу працы ў ранейшай якасці.

Але менавіта Ганну Норкус можна, бадай, назваць тым тыпам кіраўніка, які хоча выпеставаць Лукашэнка ў падкантрольнай яму дзяржаве і зрабіць гэта паўсюдным. Нібы на вуліцы сталінскія часы: нават тыя, што прайшлі праз лагеры, павінны быць удзячныя правадыру за магчымасць працягваць працаваць і служыць рэжыму.